Вы тут

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах


Нарастанне геапалітычнага і геаэканамічнага саперніцтва, непрадказальнасць і напружанасць у міжнародных адносінах, гандлёвыя, санкцыйныя, інфармацыйныя «войны», узмацненне канкурэнцыі за доступ на рынкі і рэсурсы, супярэчнасці гуманітарнага, рэлігійнага і экалагічнага характару, пагроза новага глабальнага геапалітычнага, эканамічнага, ваеннага, ідэалагічнага супрацьстаяння і небяспека «вялікага канфлікту» з удзелам вядучых дзяржаў.


Гэта не пачатак кнігі-антыўтопіі або фантастычнага фільма пра будучыню нашай планеты, якой неабходны супермэн. Гэта наша з вамі міжнародная рэчаіснасць, у якой беларуская дзяржава будуе вектары знешняй палітыкі. Пералікам такіх непазітыўных перспектыў пачынаецца агляд вынікаў знешняй палітыкі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў за мінулы год, які традыцыйна ведамства публікуе ў першыя месяцы новага года. На перадапошнім тыдні лютага праект прэзентавалі прадстаўнікам аналітычнай супольнасці Беларусі. Карэспандэнт «Звязды» зрабіла топ-5 самых важных, на наш погляд, падзей для краіны на міжнароднай арэне.

1-е: «Бязвіз»

Прыняты ў 2019-м Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўстанавіў новыя падыходы да бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Для грамадзян 73 дзяржаў прадугледжана павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах да 15 сутак. Узгодненыя праекты ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўвядзенні бязвізавага рэжыму ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення ў 2021 годзе ў Мінску Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года і іншых спартыўных мерапрыемстваў (на 2020—2022 гады).

2-е: Аўстрыя нам сябар

Дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню палітычны дыялог з Аўстрыяй. Адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт у гэтую краіну Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Наведалі нашу краіну Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц, Федэральны міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Карын Кнайсль. Падчас візіту беларускага лідара ў Вену адбыўся шчыры дыялог з бізнесам Аўстрыі. Прэзідэнт запрасіў іх працаваць у нашай краіне, але сумленна і справядліва, як яны гэта робяць на радзіме.

3-е: Візіт Ігара Петрышэнкі ў Літву

Рыторыка літоўскага боку ў дачыненні да будаўніцтва Беларускай АЭС застаецца фактарам, які стрымлівае развіццё двухбаковых палітычных і міжведамасных кантактаў. Перадумовай для аднаўлення палітычнага дыялогу неабходна разглядаць першы за некалькі гадоў візіт у Літву дзеяча высокага ўзроўню з Беларусі — намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі. Ён удзельнічаў у цырымоніі перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага ў Вільнюсе і правёў перагаворы з кіраўніцтвам краіны.

4-е: Аднаўленне дыялогу з ЗША

У мінулым годзе адразу два значныя палітыкі са Злучаных Штатаў Амерыкі прыехалі ў Беларусь — дарадца Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан (які ў хуткім часе завяршыў сваю кар'еру ва ўладзе), намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл. Па выніках яго візіту заяўлена аб намеры аднавіць двухбаковыя дыпламатычныя адносіны на ўзроўні паслоў. Праз некалькі месяцаў ужо ўпэўнена аб гэтым скажа і сам Дзяржаўны сакратар Майкл Пампеа. Але гэта гісторыя ўжо сёлетняя.

5-е: Прарыў у візавых пытаннях з Еўрапейскім саюзам

Наведвалі Беларусь з афіцыйнымі візітамі еўракамісар па бюджэце і кадравых рэсурсах Гюнтар Эцінгер, члены Еўрапарламента і іншыя чыноўнікі высокага рангу з Еўрапейскага саюза. Нягледзячы на актыўныя кантакты, доўгі час пытанні аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю віселі ў паветры — аж з 2014 года. Але перагаворы з ЕС аб спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі ўсё-такі завершаны. Пагадненне падпісана ў Бруселі ўжо ў гэтым годзе — восьмага студзеня. На жаль, выканаць усе працэдуры да падаражання кошту шэнгенскіх віз з 60 да 80 еўра не ўдалося. Цяпер чакаем, калі дакументы будуць ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і ўхвалены Еўрапарламентам. Пачне дакумент дзейнічаць у першы дзень другога месяца пасля даты паведамлення бакамі аб завяршэнні працэдур. Чакаецца, што адбудзецца гэта ў чэрвені.

* * *

Міністр замежных спраў  Беларусі Уладзімір Макей назваў мінулы год даволі напружаным, але выніковым. На яго думку, ведамства змагло захаваць, а месцамі істотна нарасціць тэмпы і аб'ёмы дыпламатычнай работы.

Яе вынікі за 2019 год падвялі на пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС.

«Дынамічна развівалася двухбаковае ўзаемадзеянне з нашымі замежнымі партнёрамі на ўсіх трэках. Захоўваючы прыхільнасць да безумоўнага выканання сваіх абавязацельстваў у адносінах да Расіі — нашага стратэгічнага саюзніка і асноўнага гандлёвага партнёра, — Беларусь прадоўжыла ўмацоўваць пазітыўную тэндэнцыю да нармалізацыі адносін на еўра-атлантычным вектары», — сказаў Уладзімір Макей.

У МЗС выдатна разумеюць, што на цяперашнім этапе прыярытэт іх работы — знешнеэканамічны напрамак. Міністр канстатаваў, што з-за ўвядзення Расіяй абмежаванняў на вываз нафтапрадуктаў і паставак бруднай нафты экспарт Беларусі знізіўся на $2 мільярды 55 мільёнаў.

«Для выхаду на ўстаноўлены кіраўніком дзяржавы параметр экспарту тавараў і паслуг — 105,4 працэнта — нам неабходна было забяспечыць рост па таварах на чатыры працэнты. Па факце экспарт тавараў склаў $32,9 мільярда і зменшыўся на 2,9 працэнта, або на $970,5 мільёна», — перадае словы міністра БелТА.

Уладзімір Макей таксама адзначыў зрухі ў дыялогу з ЗША, прагматычнае ўзаемадзеянне з Еўрасаюзам, інтэнсіўнае супрацоўніцтва з краінамі СНД. Міністр звярнуў увагу, што Беларусь працягвае дэманстраваць свой патэнцыял у забеспячэнні эфектыўнай работы інтэграцыйных аб'яднанняў — ЕАЭС, СНД, АДКБ, а таксама міжнародных арганізацый, перш за ўсё ААН і АБСЕ.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Плённы год для дыпламатаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.