Вы тут

Фермеры просяць зямлі. ​Яе выдзяленне практычна прыпынена


Ці працуюць механізмы дзяржаўнай падтрымкі фермераў на месцах? Што перашкаджае ў поўнай меры раскрыцца патэнцыялу прадпрымальнікаў, якія працуюць на зямлі? Якія галіны сельскай гаспадаркі неабходна развіваць на прыватнай аснове? Якія рэгіёны найбольш прыцягальныя для сельскага бізнесу? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі кіраўнікі сялянскіх фермерскіх гаспадарак з кіраўніцтвам і спецыялістамі Мінаблвыканкама ў фармаце круглага стала.


Развіваецца прадпрымальніцтва — развіваюцца тэрыторыі

Cтаршыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей ЛЯЎКОВІЧ паведаміў, што ў вобласці функцыянуе 1025 сялянскіх і фермерскіх гаспадарак, за апошнія пяць гадоў іх колькасць павялічылася на 7 %. Ім належыць амаль 50 тысяч гектараў зямлі, якая ў сярэднім штогод прырастае на 5 %. Большасць фермераў займаецца вытворчасцю бульбы і агародніны. Яны вырошчваюць больш за 20 тысяч тон «другога хлеба» ў год, або 20 % ад агульнай колькасці ў вобласці. Летась фермеры атрымалі 145 тысяч тон агародніны, што склала 50 % ад агульнага аб'ёму. Яе ўраджайнасць і якасць нават вышэйшыя, чым у сельгасарганізацыях.

— Я прыхільнік таго меркавання, што фермерскі рух здольны зрабіць значны ўнёсак у прырост нашай эканомікі. Сельскае прадпрымальніцтва спрыяе развіццю сваіх тэрыторый, павелічэнню даходаў насельніцтва, падатковых паступленняў у мясцовыя бюджэты і, самае галоўнае, вырашае праблемы занятасці насельніцтва, — лічыць старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў Мінаблвыканкаме распрацоўваецца праграма развіцця вобласці на наступную пяцігодку. Яна мае на мэце павышэнне ўзроўню і якасці жыцця, стварэнне камфортнага асяроддзя, павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі за кошт эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў. І фермерскія гаспадаркі змогуць стаць адным з пунктаў росту. У вобласці ёсць не надта моцныя населеныя пункты, якім бы фермеры змаглі надаць другое дыханне.

Інвестары ў сельскую гаспадарку

Сялянскія (фермерскія) гаспадаркі маюць такую ж падтрымку, як і сельгасарганізацыі, у адпаведнасці з Рэспубліканскай праграмай на 2016—2020 гады. Па выніках конкурсаў Мінсельгасхарчу яны могуць разлічваць на фінансаванне са сродкаў рэспубліканскага бюджэту на першапачатковае ўладкаванне, у тым ліку меліярацыю зямель, будаўніцтва дарог, ліній электраперадачы, аб'ектаў водазабеспячэння, газіфікацыю. Па-за конкурсам у межах праграмы з рэспубліканскага бюджэту фінансуецца ўстанаўленне граніц зямельных участкаў і іншае. Ёсць і праблемы, але яны цалкам вырашальныя.

Ігар Пакуш, кіраўнік фермерскай гаспадаркі ў Маладзечанскім раёне, займаецца вытворчасцю агародніны. За пятнаццаць гадоў яго зямельны ўчастак павялічыўся з 15 да 1500 гектараў. Цяпер на пастаяннай аснове тут працуе 30 чалавек, а ў сезон — 600.

— Для фермерскіх гаспадарак закончыўся эксперымент, пачаты ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Яны перайшлі ў новую стадыю, занялі сваю нішу, займелі імя, брэнд. І цяпер дзяржава павінна падысці да іх развіцця больш паглыблена, бо фермерства — гэта адзін з фундаментаў, на якім павінна фарміравацца сельская гаспадарка ў вёсцы, што дапаможа замацаваць кадры на сяле. Я назіраю за жыццём і справамі суседніх фермераў і бачу, што ў многіх з іх дзеці засталіся жыць на роднай зямлі, адкрылі сваю справу. Не выключэнне і мой сын. Неабходна на дзяржаўным узроўні стварыць пэўныя ўмовы для замацавання ў сельскай мясцовасці не толькі сялян, але і настаўнікаў, урачоў, моладзі. А для гэтага трэба ўмацоўваць інфраструктуру сяла ў цэлым, — кажа Ігар Пакуш.

На яго думку, трэба, каб дзяржава звярнула ўвагу на фермераў як інвестараў у сельскую гаспадарку. Лічыцца, што перадаць вялікі маёмасны комплекс фермерскім гаспадаркам — гэта нармальна, а калі фермер просіць 20 гектараў зямлі, у якую ён укладзе дзесяць тысяч рублёў, то гэта лічыцца мала. «Фермераў варта разглядаць як інвестараў, якія гатовы ўкласці ў гэтую зямлю сваю працу, вопыт, нейкія фінансы, і не на адзін дзень, а на працяглы час. Неабходна таксама ўлічваць пры фарміраванні фермерскіх гаспадарак доўгатэрміновую перспектыву, каб бачыць, як іх зручней размясціць, якую спецыялізацыю яны выбіраюць. Акрамя таго, дазволіць на гэтых землях будаваць вытворчыя аб'екты, дамы, прадугледзець далейшую сувязь з насельніцтвам рэгіёна, гандлёвымі сеткамі», — кажа фермер.

— На сённяшні дзень практычна прыпынена выдзяленне зямлі для фермерскіх гаспадарак, — заклапочаны старшыня Мінскай абласной асацыяцыі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак Мікалай СІЛІН. — У раёне падпісалі дакументы, узгаднілі іх на выдзяленне зямлі. А кіраўнік сельгасарганізацыі адмаўляе: уся зямля пад пасевамі, пашай для жывёлы. Лічу, што гэтае пытанне неабходна замацаваць на заканадаўчым узроўні, а ў кожным раёне — стварыць камісію, якая займалася б канкрэтна выпадкамі адмовы. Мы дайшлі да пункта, калі не можам вырошчваць больш прадукцыі, а затраты тым часам растуць. Мы не патрабуем нейкую звышнатуральную зямлю, хоць з сярэднім балам. Сёння беларускую фермерскую бульбу ахвотна купляюць Украіна, Сербія, Македонія, Малдова і нават Польшча, якая калісьці забяспечвала Беларусь агароднінай. Вядома, бульба будзе запатрабавана, калі яна будзе якасная. А для гэтага неабходна нармальная зямля.

— У многіх фермераў прыклад бацькоў пераймаюць дзеці. Яны працуюць на зямлі, ствараюць сем'і. У мяне, напрыклад, сын пайшоў па маіх слядах. Прывядзіце прыклад, хто з кіраўнікоў калгасаў пакінуў у сябе сына? — звярнуўся да старшынь райвыканкамаў Мікалай Аляксандравіч. — Дык што нам сказаць дзецям, якіх уцягнулі ў фермерскую справу?

Дзе прадаць? На экалагічным рынку

Хвалюе фермераў і збыт прадукцыі. Яна запатрабаваная за мяжой. А на радзіме яе цяжка прадаць. У прыватнасці, у сеткавых крамах бульба каштуе 90 капеек за кілаграм. А фермеры прадаюць яе за межамі краіны па 35 капеек. Разам з тым з пастаўкамі ў супермаркеты ўзнікаюць праблемы. Вядома, фермеры ўдзельнічаюць у кірмашах, але яны праводзяцца не кожны дзень, ды і адводзяць ім нязручныя месцы. Чалавеку проста немагчыма пад'ехаць да машыны ўсутыч сваім транспартам — даводзіцца на плячах цягаць сеткі з агароднінай. Выказваліся прапановы, каб фермерам вызначылі пляцоўкі для продажу прадукцыі каля вялікіх аб'ектаў гандлю, дапамаглі пабудаваць узаемаадносіны з буйным гандлёвым бізнесам.

— Давайце вызначымся, каб у кожным раёне ў першым паўгоддзі прайшла сустрэча старшыні райвыканкама з фермерскай супольнасцю з удзелам камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, камітэта эканомікі, з тым каб выслухаць кожнага, хто гатовы працаваць, і што можам ім прапанаваць. Наша задача, каб зямля давала эфектыўную аддачу, а людзі добра зараблялі, — звярнуўся да кіраўнікоў раёнаў старшыня Мінаблвыканкама. — Давайце без гэтых гульняў — даць, не даць. Не трэба, каб чалавек прыходзіў з працягнутай рукой. Вызначце, якая колькасць зямлі, у якіх сельскагаспадарчых арганізацыях, якая патрэба ў фермераў. Пры гэтым аддаваць яе тым фермерам, якія эфектыўна працуюць. Зямля павінна прыносіць максімальную аддачу.

Што датычыцца збыту прадукцыі, то Аляксандр Турчын прапанаваў як адзін з варыянтаў продаж на новым экалагічным рынку. Гэта будзе чатырохпавярховы комплекс плошчай 20 тысяч квадратных метраў. Яго будаўніцтва заканчваецца ў вёсцы Валяр'янава Мінскага раёна, і адкрыццё запланавана на першае паўгоддзе 2020-га. Тут прадугледжана вялікая адкрытая пляцоўка, дзе можна будзе прадаваць вырашчаны ўраджай адразу з машыны.

— Мы пачынаем заключаць папярэднія дагаворы з гаспадаркамі, якія гатовы на пастаяннай аснове рэалізоўваць там сваю прадукцыю. Цэны арэнды будуць камфортныя, — праінфармаваў губернатар.

Вядома, не ўсе фермеры могуць дазволіць сябе трымаць на рынку пастаяннага прадаўца. У гэтым выпадку разглядаецца альтэрнатыўны варыянт. Магчыма, нейкая кампанія будзе займацца купляй фермерскай прадукцыі і збываць яе на рынку.

Сярод агучаных праблем — высокія цэны на паліва і немагчымасць набываць яго па льготах. Яшчэ адна — немагчымасць застрахаваць ураджай, які залежыць ад умоў надвор'я. Здараюцца гады, калі вытворцы нясуць страты, а страхавыя кампаніі ў найлепшым выпадку толькі фіксуюць гэта. Аляксандр Турчын даручыў праверыць факты, і калі яны знойдуць пацвярджэнне, то Мінаблвыканкам падрыхтуе зварот, які будзе накіраваны ўраду.

А вось на думку старшыні камітэта па развіцці прадпрымальніцтва ў аграрна-прамысловым комплексе Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Антона КАСЫНКІНА, фермеры выстаўляюць неабгрунтаваныя мэты і патрабаванні. Яны не могуць выпрацаваць правільныя падыходы да свайго развіцця. Іх патрабаванні зводзяцца да выдзялення зямлі ў прыватную ўласнасць і пашырэння крыніц фінансавання. Дробныя фермеры разрознены паміж сабой, таму што ў іх адсутнічае асабістая праграма развіцця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.