21 верасня, панядзелак

Вы тут

«Быць медыяпісьменным — проста!» Падлеткаў запрашаюць да ўдзелу ў конкурсе «Лаві фэйк»


Вось што вы будзеце рабіць, калі даведаецеся з інтэрнэту, што сёння ў 19.00 канец свету? Пабяжыце ў краму запасацца «дашыракам», сухарамі і вадой? А, можа быць, схаваецеся ў склеп? Кароткаметражны фільм «Канец свету», які зняў васьмікласнік Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Іван Заруба, перамог летась у конкурсе «Лаві фэйк».


У ліку пераможцаў аказаўся таксама Максім Юдзянкоў з Усходаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, які больш як год «паляваў» у інтэрнэце на інфармацыйных «качак»: пералапаціў некалькі сотняў паведамленняў, пераправяраў, параўноўваў, вылічваў...

А ў намінацыі «Графічныя і інтэрактыўныя медыя» перамагалі навучэнцы сярэдняй школы № 20 з Оршы, стварыўшы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» групу «Вашы фэйкі ў нашых руках». Іх банк увесь час папаўняецца новымі прыкладамі — хітрыкамі маркетолагаў, рэкламадаўцаў, лістамі і рассылкамі па электроннай пошце, якія ўтрымліваюць мноства прывабных прапаноў, памылак, знойдзеных у вучэбных дапаможніках і так званых «рашэбніках».

Цікава, хто стане пераможцам новага медыадукацыйнага конкурсу «Лаві фэйк», старт якому дало Таварыства беларускай школы?

«Ты вучань 8—11 класа? Ты бачыш, што людзі каля цябе вераць тэлевізару, паддаюцца на маніпуляцыі ў сацыяльных сетках, а можа, праз інтэрнэт некага цкуюць? Ты ведаеш, як ім дапамагчы? Тады гэты конкурс для цябе! Твой медыяпраект, магчыма, дапаможа тым, хто некрытычна ўспрымае ўсё, што кажуць з экрана, не правярае надзейнасць крыніц інфармацыі, не ўмее адрозніць факты ад меркаванняў, не ведае спосабаў маніпуляцыі з боку СМІ, трапляе пад уплыў рэкламных хітрыкаў, не разумее, што трэба абараняць свае персанальныя дадзеныя, не можа даць рады інтэрнэт-тролям ці тым, хто ў сацыяльных сетках здзекуецца з іншых...»

Таварыства беларускай школы прапануе падлеткам выпрабаваць сілы ў ролі медыямейкера і мэдыяэксперта і выказаць сваё меркаванне ў любым медыйным жанры на тэму «Быць медыяпісьменным — гэта проста!».

Конкурс прадугледжвае наступныя намінацыі:

  1. Мультымедыя — аўдыё ці відэа: кліп, міні-фільм (не даўжэйшы за сем хвілін), анімацыя, серыя сторыз, навучальны відэаролік, падкаст, тэле- ці радыёперадача для школьнага тэлебачання і г. д.
  2. Графічныя медыя: інфаграфіка, фота і фотарэпартаж, плакат, комікс, і г. д.
  3. Тэкставыя медыя: лонгрыд, блог, пост (група ці старонка) у сацыяльнай сетцы, артыкул у школьнай прэсе, журналісцкае расследаванне, рэпартаж і г. д.
  4. Інтэрактыўныя медыя: гульня, квіз і г. д.

Прыняць удзел у конкурсе вельмі проста. Падумай, якія, на твой погляд, ёсць праблемы ў карыстанні прадукцыяй масмедыя і прапануй, як можна адну з іх вырашыць. Выберы медыйны жанр і намінацыю, якія найбольш адпавядаюць пастаўленай задачы і тваім уменням стваральніка. Але памятай, што інфармацыя для бабулі і сябра павінна быць пададзена па-рознаму.

Пры стварэнні медыяпраекта трэба прытрымлівацца журналісцкай этыкі і стандартаў, паважаць аўтарскія правы. Даслаць праект ці спасылку на яго неабходна на адрас mеdіаkоnkurs2020@gmаіl.соm са сваім прозвішчам у тэме ліста і намінацыяй (напрыклад: Саша Кавалевіч_ Мультымедыя).

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца падлеткі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Работы прымаюцца да 15 красавіка. Пажадана выканаць іх на беларускай мове. Ацэньваць праекты і вызначаць пераможцаў будзе прафесійнае журы. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца ў маі ў Мінску.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.