Вы тут

Некаторыя людзі часам паштальёна чакаюць больш, чым пошту


«Нешта вас даўно не было, давайце я зноў газету выпішу», — калі такое чуеш, разумееш, што некаторыя людзі часам паштальёна чакаюць больш, чым пошту. Для адзінокіх пенсіянераў, якія да таго ж маюць праблемы са здароўем, гэта магчымасць не проста атрымаць звесткі пра тое, што адбываецца ў свеце, але і перакінуцца слоўцам. Менавіта таму часта састарэлыя людзі карыстаюцца паслугай «з рук у рукі», калі карэспандэнцыю ім даносяць да кватэры.


— Трэба ўмець камунікаваць з людзьмі. У большасці я працую з пенсіянерамі. Паважаю іх узрост, мудрасць і стараюся падстройвацца пад кожнага. Яны могуць многа расказаць, але што рабіць, калі размова зацягваецца? Доўга вучылася, як сябе паводзіць у такіх сітуацыях, каб ніхто ад гэтага не пацярпеў — ні я, ні людзі, ні пошта. У  нас ёсць пэўны графік праходжання па ўчастку. Затрымлівацца нельга, бо ў гэты час кліенты, да якіх паштальён яшчэ не паспеў дайсці, могуць выбрацца правяраць паштовую скрыню, а пасля тэлефанаваць, што не атрымалі сваіх часопісаў ці газет, — дзеліцца паштальён сталічнага аддзялення паштовай сувязі № 93 Жанна Сафронава.

Тут яна працуе ўжо тры гады і ніколі не пашкадавала пра свой выбар. Да таго ж пашанцавала і з калектывам — няма абыякавых работнікаў, усім падабаецца іх справа. Таму ў раёне паштальёнаў паважаюць, вітаюцца з імі, звяртаюцца па парады, цікавяцца, якія новыя паслугі можа прапанаваць пошта. А на святы не змаўкае тэлефон: усё ідуць віншаванні ад жыхароў.

— Я ведаю імя і імя па бацьку амаль усіх сваіх кліентаў. Не тое што я іх вучу — так атрымліваецца само па сабе: дастаткова некалькі разоў запоўніць бланкі. Мы афармляем падпіскі, носім пенсіі на дом. Пагадзіцеся, кожнаму чалавеку прыемна, калі да яго звяртаюцца па імені... У нас некалькі разоў мяняліся ўчасткі, таму ідзеш па раёне — і кожны другі твар табе знаёмы, — дзеліцца жанчына.

Паштальёна можна пазнаць і па спецыяльнай форме — работнікам яна выдаецца на розныя сезоны: зімовая куртка, плашч, зімовыя і гумавыя боты, туфлі, камізэлька.

— Мне патрэбна была работа побач з домам, з кароткім рабочым днём. Я ўбачыла на вуліцы жанчыну са стосам газет у руках, прыпыніла, пацікавілася, а хутка папрасілася на работу ў аддзяленне, — расказвае сваю гісторыю Жанна Сафронава. — Для мяне было адкрыццём усё, што робіць паштальён. Калі вы не ўмееце канцэнтравацца, дрэнна пішаце, лічыце, напэўна, вам будзе складана. Гадзіны дзве-тры вы знаходзіцеся ў працоўным калектыве і толькі пасля выпраўляецеся на ўчастак. За дзень паштальён праходзіць каля адзінаццаці кіламетраў, а летам, у час адпачынкаў, і да дваццаці — правяралі гэта з дапамогай фітнес-бранзалетаў. Але нагрузка зусім не адчуваецца. Наадварот, добра, што можна падтрымліваць сябе ў форме і многа часу быць на свежым паветры.

Дарэчы, некаторыя пенсіянеры прызнаюцца, што выпісваюць газеты на пошту (без дастаўкі на дом) не толькі таму, што гэта танней, але і каб арганізаваць сябе, лішні раз прайсціся. Ёсць і пэўныя правілы бяспекі для паштальёнаў. Напрыклад, яны павінны заходзіць у кватэру апошнія. Важна, каб у прыватным сектары на брамках былі званкі, каб паштальён мог звязацца з гаспадаром, бо калі нават у двары раней і не было сабакі, хто гарантуе, што тут пасля не абзавяліся агрэсіўнымі гадаванцамі?

Цяжэйшай сумка паштальёна становіцца па пятніцах — у гэтыя дні выходзіць многа газет, да таго ж яны ідуць з праграмамі, укладкамі. Шмат карэспандэнцыі ад арганізацый. Работы прыбывае і ў канцы месяца — дадаюцца часопісы. Самы ж гарачы час, канешне, перад святамі. Так, калі ўвосень у аддзяленне паступіла каля 14 тысяч лістоў, да Новага года іх было ўжо каля 18 тысяч. І справа не толькі ў тым, што ідзе многа віншаванняў: арганізацыі (напрыклад, суды, МУС і іншыя) «закрываюць год», аматары пакупак праз інтэрнэт набываюць рэчы са зніжкамі, заказваюць падарункі.

Шмат пісьмаў паштальёнам даводзіцца разносіць і на 9 мая. І часам адрасаты, якія атрымліваюць такі знак увагі, дзеляцца з паштальёнамі ўспамінамі. Летась да свята Перамогі запрацавала «палявая пошта» — ветэраны атрымлівалі «ваенныя трохкутнікі» са штампамі 1943—1944 гадоў. «У адной кватэры жанчына расплакалася і назвала іх «трохкутнікамі памяці», бо згадала, як у свой час яна і яе маці атрымлівалі такія весткі, — расказала Жанна Сафронава. — Насіла я пошту і да жанчыны, якая была ў канцлагеры, яна добра ўсё памятае і апавядае, як тое было».

І хоць паштальён — такая прафесія, якой у сувязі з развіццём новых тэхналогій прадракаюць знікненне, наша гераіня ўпэўнена, што лісты і паштоўкі — тое, што сыдзе ў апошнюю чаргу. Так, сёння ў асноўным лістамі абменьваюцца састарэлыя людзі, якіх раскідала па розных рэспубліках былога Саюза і якія не любяць карыстацца гаджэтамі. Але ў той жа час моладзь захапілася посткросінгам — і абменьваецца паштоўкамі з калекцыянерамі з розных краін. Наогул пра змяншэнне карэспандэнцыі пакуль гаварыць не выпадае: калі з аднаго боку ўбывае (напрыклад, лістоў становіцца менш), з другога — наадварот (многа ідзе розных дробных пакетаў, перасылаюцца тавары).

І сёння ў любога чалавека ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі. У паштовых аддзяленнях будуць рады людзям, якія толькі пайшлі на пенсію і адчуваюць, што ім не хапае стасункаў. За няпоўны рабочы дзень тут можна зарабіць больш, чым на некаторых заводах. А яшчэ «Белпошта» для сваіх работнікаў прапануе добры сацыяльны пакет — так, можна з'ездзіць аздаравіцца на базу адпачынку за сімвалічныя грошы, да свят выдаюцца білеты ў тэатр, на дзіцячыя прадстаўленні, ладзяцца спартыўныя мерапрыемствы і конкурсы, адзін з якіх — конкурс прафесійнага майстэрства.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Калі цябе чакаюць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.