Вы тут

Прадстаўнік федэрацыі кіберспорту назваў самую папулярную гульню ў Беларусі


У ХХІ стагоддзі складана знайсці тых, хто б ніколі не цікавіўся камп'ютарнымі гульнямі. Экшн, квэсты, лагічныя — кожны можа выбраць сабе любую па душы і атрымліваць задавальненне ад працэсу. А вось каб яшчэ і грошы — гэта мара мільёнаў... Ажыццявіць яе змаглі кіберспартсмены. Прынамсі, так лічаць многія. Мы пабывалі на адным з турніраў і высветлілі ў дырэктара па камунікацыях Беларускай федэрацыі кіберспорту Ягора МАЛЫЖЭНКАВА ўсе тонкасці і сакрэты існавання названага кірунку ў нашай краіне.


Спорт або бізнес

— Мы гаворым пра камандныя або індывідуальныя спаборніцтвы, у аснове якіх ляжаць камп'ютарныя гульні. Але на сённяшні дзень у кіберспорце, нават у сусветным, бізнесу практычна няма. Цяпер ён развіваецца як спорт у класічным разуменні. Прысутнічаюць спаборніцкія моманты, ёсць балельшчыкі, фанаты, якія любяць сачыць за працэсам. Названыя аспекты спрабуюць актыўна выкарыстоўваць розныя брэнды ў сваіх камерцыйных інтарэсах, і гэта добра для спорту, — кажа Ягор. — Але пакуль у гэтым пытанні наша краіна знаходзіцца на пачатковым этапе. Беларускі рынак вельмі вузкі і маленькі, пакуль тут больш фанацтва і энтузіязму. Зарабляюць тыя гульцы, якія выйшлі на прафесійны ўзровень. А астатнія могуць атрымаць нейкія грошы, толькі выйграўшы ў турнір.

Як лічыць суразмоўнік, нам трэба раўняцца на такія краіны, як Японія, Карэя, ЗША і г. д. Цяпер Кітай, напрыклад, проста імклівымі тэмпамі бяжыць наперад, арганізуе шмат турніраў, у тым ліку і для паўпрафесійных камандаў.

— Кожны год у краіне з'яўляецца па некалькі школ для кіберспартсменаў, але пакуль яшчэ ні адзін праект больш за названы тэрмін не пражыў, бо першапачаткова тыя ствараюцца як бізнес з боку заснавальнікаў: прыйсці, напампаваць людзей нейкімі ведамі, каб яны заплацілі. Ды і той тэорыі, якая там даецца, для таго, каб стаць кіберспартсменамі, мала, — кажа Ягор.

У што «рубяцца»?

— Гульняў, прыдатных для турніраў па кіберспорце, вельмі шмат. Існуюць спецыяльныя крытэрыі. Самы важны — гэта тое, што павінны быць спаборніцкі складнік, канкрэтныя правілы і першапачаткова роўныя ўмовы. Іншымі словамі, на самым старце не можа быць перавагі ў нейкай каманды толькі таму, што яна купіла, заплаціла ці яшчэ што, — працягвае суразмоўнік.

Па статыстыцы, самай папулярнай гульнёй у Беларусі з'яўляецца Dota 2 — 60 працэнтаў выбіраюць менавіта яе. Удзельнічаюць каманды па пяць чалавек, і іх мэта — зруйнаваць галоўны будынак на варожай базе. Потым ідзе Counter-Strіke. Яна ў жанры шутара, місіяй з'яўляецца выкананне заданняў карты і знішчэнне праціўнікаў. Ну і, вядома ж, FІFA — футбольны сімулятар.

Геймер ці спартсмен

— Часта многія блытаюць паняцці, а насамрэч гэта зусім розныя гульцы. Для першага асноўнае — атрымаць задавальненне, пазітыўныя эмоцыі. Ён прайшоў узровень, пахваліўся перад сябрамі і з чыстым сумленнем пайшоў піць гарбату. Кіберспартсмен ставіць перад сабой галоўную задачу — перамагчы. Прычым не проста на нейкім узроўні, а адтачыць майстэрства да такой ступені, каб так было заўсёды і пры любых абставінах. Акрамя гэтага, геймеры часцей за ўсё гуляюць у адзіночку, а кіберспорт — больш камандная гульня, — расказвае дырэктар па камунікацыях.

Яе фарміраванне — доўгі працэс. Спачатку каманды ўтвараюцца на падставе аматарскай цікавасці. Сярод сваіх сяброў знаходзяць аднадумцаў, пачынаюць гуляць, і іх зацягвае. Каманда бярэ ўдзел у розных спаборніцтвах, на якіх удзельнікі знаёмяцца адно з адным. Часта на турнірах моцныя гульцы заўважаюць сапернікаў, якія падыходзяць ім па ўзроўні і магчымасцях. Тады фарміруюць новыя кааліцыі. Такія каманды пачынаюць займацца кіберспортам на больш сур'ёзным узроўні.

Камп'ютарная залежнасць

— Для таго каб перамагаць на турнірах, трэба шмат трэніравацца. Звычайна гульцы адводзяць на гэта ад дзвюх да шасці гадзін удзень. Калі ж рыхтуюцца да спаборніцтваў, то трэніроўкі займаюць ад васьмі да дзесяці гадзін. Часам спартсмены нават здымаюць жыллё, каб ніхто не адцягваў іх увагу. Ад такой вялікай колькасці часу, праведзенай за маніторам, некаторыя думаюць, што ў кіберспартсменаў узнікае камп'ютарная залежнасць. Гэта зусім не так. Для гульцоў кіберспорт — гэта прафесія. Як бы ні любілі яе, па прыходзе дадому вы ж не будзеце ўвесь час займацца ёй яшчэ і дома?!

Ягор тлумачыць, што для кіберспартсменаў добры адпачынак не менш важны, чым доўгія трэніроўкі. За час падрыхтоўкі яны стамляюцца разумова (ствараючы стратэгіі і разлічваючы хады), эмацыянальна (хварэючы за каманду і ход гульні) і, вядома, фізічна (бо не кожны здольны прабыць у сядзячым становішчы больш за шэсць гадзін). Некаторыя прафесійныя каманды нават наймаюць трэнераў з розных відаў спорту, напрыклад футбола ці валейбола, каб падтрымліваць стан кіберспартсменаў.

Дарагое захапленне

— Кіберспорт — даволі выдатковы занятак, калі збіраешся займацца ім прафесійна. Камп'ютарная мышка каштуе каля 100 долараў, клавіятура — 150, а яшчэ ж патрэбны манітор, праектар для спаборніцтваў і многае іншае.

Арганізацыя саміх спаборніцтваў гэтак жа патрабуе вялікай матэрыяльнай і тэхнічнай падтрымкі. Беларуская федэрацыя кіберспорту кожны год складае іх цыкл. На гэты год асноўнай з'яўляецца серыя МЭТА. У ёй будзе восем турніраў па Dota, Counter-Strіke і FІFA. Гэтак жа да іх далучацца турніры па Mobіle, МЭТА Mobіle. З мая федэрацыя плануе запусціць анлайн-лігу для непрафесійных камандаў, каб яны ўвесь час маглі паміж сабой спаборнічаць.

Парады бацькам

— Чамусьці ўсе ўпэўненыя, што дзецям камп'ютарныя гульні прыносяць толькі шкоду, і пра тое, каб яны сталі кіберспартсменамі, у многіх бацькоў і думак няма. Я лічу, што ў гэты кірунак хлопчыкі і дзяўчынкі могуць уваходзіць гадоў з дванаццаці. Іншая рэч, што існуюць абмежаванні ад стваральнікаў гульняў. Напрыклад, займацца Dota можна з шаснаццаці гадоў. Удзел у спаборніцтвах па «кантры» — з 16-18. Але, нягледзячы на абмежаванні па ўзросце, з пісьмовым дазволам ад бацькоў у турніры могуць удзельнічаць усе ахвотныя, — паведаміў суразмоўнік.

Знаёмячыся з удзельнікамі, мы і самі пераканаліся ў тым, што большасць з іх — гэта падлеткі і моладзь, якія прыехалі на турнір з розных куткоў Беларусі. Так, напрыклад, Алена Лочка са сваім сынам — з Брэста. Хлопчык ужо доўгі час захапляецца кіберспортам, і мама яго ў гэтым абсалютна падтрымлівае.

— Для бацькоў, чые дзеці шмат гуляюць у камп'ютарныя гульні, я магу даць некалькі парад. Спачатку трэба разабрацца, у якія і з якой мэтай. Часта тое, чым яны займаюцца — гэта зусім не кіберспартыўныя дысцыпліны. У такім выпадку лепш паспрабуйце зацікавіць дзіця больш карыснай гульнёй, — раіць Ягор. — Калі ўсё ж такі яна адносіцца да кіберспорту, высветліце дасягненні і рэйтынг. А галоўнае — падтрымлівайце, бо, магчыма, кіберспорт — гэта яго прызванне.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай.