Вы тут

Берлінале разышоўся. «Вялікі» фільм Абеля Ферары, аборт у Нью-Ёрку, самагубства дзяцей


Мы ўжо неяк і прытухлі, але раптам кінафестываль у Берліне выдаў адразу некалькі цудоўных знаходак — фільмаў як прызнаных майстраў, так і невядомых імёнаў. Публіка, зразумела, чакала аднаго з галоўных прадстаўнікоў сучаснага аўтарскага кіно амерыканца Абеля Ферару, які разам са сваім пастаянным акцёрам Уілемам Дэфо мусіў прадставіць у асноўным конкурсе новую карціну «Сібір». І чакала недарма. Як раз перад паказам разам з нямецкім калегам мы пакачалі галавой, маўляў, знайшлі на кінафестывалі нядрэнныя карціны, а вялікіх не ўбачылі, дык вось з Абелем Ферарам нешта перашчоўкнула.


«Сібір». Фота: gq.ru

Сама «Сібір», дзе месца дзеяння становіцца сімвалам непрыкаянасці і адзіноты, а сюжэт праводзіць праз цёмную падсвядомасць галоўнага героя, — «вялікая» дастаткова. А за ёй пайшлі «Ніколі, рэдка, часам, заўсёды» Элізы Хітман, сціплы творык «Жанчына, якая збегла» вядомага карэйскага аўтара Хон Сан-су, гісторыя пра да трагізма ірацыянальную незадаволенасць жыццём «Дрэнныя казкі» Фабіа і Даміана Д’Іначэнца — і асноўны конкурс, умоўна кажучы, падняў свой рэйтынг.

Абель Ферара — вар’ят, ён і пра кіно сваё, гледзячы хаця б па прэс-канферэнцыі, расказвае так туманна, быццам фільм, а з ім усе дзікія вобразы, ён нейкім чынам адчувае, а не метадычна падводзіць пад уцямны канцэпт. Галоўны герой Клінт, якога іграе Уілем Дэфо, трымае лаўку ў самай «гушчы» марознай сібірскай прыгажосці. Да яго прыходзіць наведвальнік, ён налівае госцю ром, брат-блізнюк корміць сабак і ўсё выглядае «нармальна», але ўжо хутка ператвараецца ў серыю нерэальных сцэн, якія можна назваць снамі ці падарожжам па падсвядомасці, дзе пра сябе даюць ведаць дзяцінства, мары і гістарычнае мінулае.

Нават складана сказаць, з якога моманту апавяданне адпраўляецца ў астрал і ці не ўяўленне яно ад самага пачатку. У лаўку разам з бабуляй прыязджае руская жанчына, адкрывае дублёнку і паказвае, што яна цяжарная. Клінт праводзіць з ёй пачуццёвую сцэну, спрачаецца аб ёй з братам, знаходзіць у адным з памяшканняў акрываўленую старую, што «нарадзіла» нешта накшталт конскай галавы, і вяртанне назад ужо немагчымае. Галоўны герой запрагае сабак і ад’язджае ад свайго жытла быццам у звычайную паездку, а тая ператвараецца ў сюрэалістычнае відовішча. Ён праязджае лагер смерці, дзіўным чынам аказваецца ў пячоры альбо сучаснай кватэры, трапляе да сваёй жонкі і дзіцяці, самазабыўна танцуе пад Runaway Дэля Шэнана і вяртаецца дадому, толькі дом згарэў.

Уся гэта гісторыя, якая пераносіць гледача з адной дзіўнай сцэны ў другую, размаўляе з гледачом на розных мовах, прычым яны не перакладаюцца, таму пакідае яшчэ больш трывалае адчуванне татальнага сюра. Абель Ферара выкарыстоўвае падсвядомасць як паралельнае існаванне чалавека, праз якое можна ўвасобіць усе самыя «ненармальныя» праявы нашага існавання. Магчымасцяў вобразам дадае ідэя, што не толькі дзяцінства праяўляе сябе ў падсвядомасці дарослага чалавека, пра гэта і так усе ведаюць — на фарміраванне асобы ўплывае мінулае ўвогуле. І галоўнае пытанне, якое пакінуў пасля сябе фільм, — што ў канцы сказала рыба?

«Ніколі, рэдка, часам, заўсёды». Фота: timeout.ru

Скарыла, і не толькі з-за салідарнасці, карціна «Ніколі, рэдка, часам, заўсёды» — ве-е-е-льмі далікатны аповед Элізы Хітман пра тое, што прыпадае на лёс жанчын, а ў гэтым выпадку непаўналетніх дзяўчын, у якасці наступстваў мужчынскага дамінавання. Галоўная гераіня Отам (альбо Восень), якая жыве ў невялікім гарадку ў Пенсільваніі, аказваецца цяжарнай і, каб бацькі пра гэта не даведаліся, разам са стрыечнай сястрой адпраўляецца ў Нью-Ёрк, каб зрабіць аборт.

З першай сцэны, дзе Отам спявае песню на мясцовым канцэрце, а экран займае каляровая гама ў стылі рэтра, фільм пачынае разліваць па залі меланхолію, што цалкам сімвалізуе стан галоўнай гераіні. За ўвесь час яна амаль што і не ўсміхнецца, але пры гэтым вельмі стрымана перажыве сваё падарожжа. Карціну «Ніколі, рэдка, часам, заўсёды» можна было б назваць феміністычным выказваннем, а па сутнасці фільма жанчыны сапраўды аказваюцца ў пэўным сэнсе ахвярамі мужчын, калі б яна не была такой далікатнай, балюча-суперажывальнай, засяроджанай на эмацыйным стане сваіх гераінь.

У адной са сцэн — нездарма да яе адсылае назва стужкі, як бы паказваючы, дзе шукаць галоўны сэнс, — Отам акуратна адказвае на пытанні ўрача, але ў рэшце вымушана стрымліваць слёзы на пунктах аб прымушэнні да сэксу. Усё — што трэба, рэжысёрка сказала, але матыў не даціскала, не рабіла пракламацый і не спрабавала ўразіць эмацыйна. Пры гэтым фізічная стомленасць дзяўчын, якія сабралі нейкія грошы і прыехалі ў вялікі горад, дзе аказалася, што працэдура аборту адкладваецца, а потым яшчэ раз адкладваецца, і гераіні блукаюць па горадзе, шукаюць, дзе на хвілінку прыснуць, стварае належнае ўражанне ад мужчынскай ролі ў гісторыі.

Такія ж невытлумачальныя смутак і меланхолія, бачныя ў папярэдніх згаданых карцінах, пануюць у фільме «Дрэнныя казкі» — гісторыі пра дзяцей і іх бацькоў на, ўмоўна, адной вуліцы. У тым сэнсе, што ўсе адзін аднаго ведаюць і пражываюць агульнае жыццё. Унутраны стан герояў тут штука ірацыянальная, але магутная, бо ў рэшце прыводзіць да масавай у масштабах стужкі трагедыі.

Рэжысёры паказваюць некалькі сем’яў, іх традыцыі камунікацыі і стасункі паміж сабой. Будні, сямейныя вячэры, сумеснае баўленне часу складаюцца ў мазайку з вельмі візуальна вынаходлівых, а сэнсава разрозненых эпізодаў, праз якія ніткай праходзіць эмацыйная нетрываласць. Гісторыі некалькіх сем’яў складваюцца ў хаатычныя паралелі, дзе і дамашні гвалт, і пранізанасць тэмай сексу, і ўплывы на крохкія дзіцячыя душы, і ўсё гэта ў своеасаблівай эстэтыцы, што робіць кожную сцэну самастойным творам, поўным нязвыклых целарухаў.

Браты Д’Іначэнца прапанавалі новую кінамову, дзе нават закадравы голас расказчыка не выглядае кандова, а ёмка ўплятаецца ў схаваную трывогу апавядання. Фільм выглядае выключным у кантэксце асноўнага конкурса Берлінале, калі яго канкурэнты ў цэлым працягваюць знаёмыя эстэтыкі альбо робяць стаўку на выкшталцоны сюжэт. У нечым «Дрэнныя казкі» нават нагадваюць «Сінонімы» Надава Лапіда, што прапанавалі незнаёмую кінаманеру на мінулым кінафестывалі і ў выніку ўзялі «Залатога мядзведзя». У любым выпадку, пакуль «Дрэнныя гісторыі» — адзін з самых насычаных фільмаў асноўнага конкурсу, а галоўныя адкрыцці кінафестывалю, як бачна, асноўваюцца на ірацыянальных смутку і страхах.

Тым часам Берлінале працягвае паказваць сусветныя прэм’еры.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.