Вы тут

Нячастыя адмоўныя тэмпературы не палохаюць фанатаў зімовай рыбалкі


Як парыбачыць без наступстваў?

Хоць адыходзячая зіма застаецца хіба што толькі на календары, але адсутнасць снегу і нячастыя адмоўныя тэмпературы не палохаюць фанатаў зімовай рыбалкі. Здавалася б, што можна рабіць на вадаёмах у такіх неспрыяльных умовах? Не атрымалася сёлета з зімой — ну што ж зрабіць, трэба чакаць наступную. Але далёка не ўсе рыбакі гатовы прыслухацца да логікі. І тым самым папаўняюць статыстыку няшчасных выпадкаў. Заўважана, што на смяротную рызыку ідуць людзі, якія, здавалася б, павінны быць умудроныя жыццёвым досведам. Усім патанулым рыбакам за няпоўныя два месяцы 2020-га ўжо пераваліла за пяцьдзясят.


— Бяспечная таўшчыня лёду для таго, каб там мог знаходзіцца чалавек, — не менш за сем сантыметраў, — нагадвае вядучы спецыяліст Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Таварыства ратавання на водах» Алег Баразна. — Але час, калі лёд «нарастаў» да такой велічыні, сёлета быў вельмі непрацяглы. Надвор'е яшчэ са снежня стаіць, мякка кажучы, не зусім зімовае. Хутчэй за ўсё, ужо і не сфармуецца паўнавартаснае лядовае пакрыццё. Такая абстаноўка на маёй памяці ўпершыню. Таму лепш схадзіць у краму і купіць гэты самы кілаграм рыбы, а не рызыкаваць сваім жыццём.

Лёд, аднак, утвараўся на вадаёмах Магілёўскай і часткова Віцебскай і Гомельскай абласцей. А вось на захадзе і ў цэнтры краіны гэтага так і не адбылося. Ды і тое, фарміраваўся лёд толькі на тых вадаёмах, дзе мінімізаваны рух паветра, адсутнічае цячэнне.

Дзе-нідзе ён нарастаў нават да васьмі сантыметраў, але тут жа да нас прыходзілі моцныя дажджы, тэмпература паветра ўпарта крочыла праз нуль у бок павышэння, а пасля ападкаў паветра месцамі сагравала не па-зімоваму цёплае сонца. Вось так ад лёду і заставалася адна назва.

Па стане на 24 лютага ў краіне патанулі 29 чалавек, усе яны дарослыя. Адметна, што за паўтара месяца шэсць інцыдэнтаў звязана з лядовай абстаноўкай. Пяць з іх прыходзіцца на долю рыбакоў. Што адбылося 8 лютага на возеры Езярышча на крайнім паўночным усходзе Беларусі — так і не зразумела. Пакуль што вядома, што 59-гадовы мужчына нібыта выйшаў на лёд, каб праверыць яго трываласць. У выніку праваліўся і патануў.

Два трагічныя выпадкі адбыліся ў адзін дзень, 16 лютага, у Гомельскай вобласці. На возеры ў аграгарадку Вясёлка Веткаўскага раёна патануў 50-гадовы мужчына. На яшчэ адным возеры, але на гэты раз у вёсцы Старая Лутава Лоеўскага раёна, таксама падчас падлёднай рыбалкі загінуў яго равеснік.

Увогуле, Гомельшчына сёлета з вялікім адрывам вядзе ў гэтым сумным спісе. У Гомельскім раёне каля вёскі Асаўцы ёсць затон Сожа. 19 студзеня там рыбаліў 51-гадовы мужчына... У тым жа Гомельскім раёне 7 лютага рыбалка скончылася трагічна для 68-гадовага пенсіянера на возеры Гадзічава.

— Аднак да сапраўднай вясны яшчэ далекавата, і яшчэ не выключана, што тэмпература будзе «скакаць» праз нулявую адзнаку ў абодва бакі. Але такія ўмовы надвор'я вельмі неспрыяльныя для таго, каб сфармавалася трывалае лядовае пакрыццё. Каб яно магло трымаць вагу чалавека, патрэбна стабільна адмоўная тэмпература як удзень, так і ўначы. І больш за тое, такія ўмовы павінны быць на працягу тыдня. Інакш калі лядовае пакрыцце і пачне фармавацца, то яно будзе чыста сімвалічным, маючы пры гэтым порыстую структуру, поласці ў якой будуць запоўнены вадой.

Тэмпература вады цяпер у вадаёмах — ад 3 да 4 градусаў цяпла. Чалавек у такіх умовах можа знаходзіцца не больш за 5 хвілін. Далей ён замярзае і не можа больш рухацца.

Паказальны выпадак адбыўся 15 лютага ў Сенненскім раёне. На лёд адправіліся два рыбакі. Адзін з іх праваліўся і пачаў тануць. Яго напарнік убачыў гэта, тут жа патэлефанаваў па нумары 102. Міліцыянеры перадалі інфармацыю ратаўнікам. Рыбак, пакуль тыя ехалі, трымаў свайго таварыша за рукі некалькі хвілін, каб ён не сышоў пад ваду.

— Пры гэтым калі вы бачыце, што чалавек церпіць бедства, то лепш не ўваходзіць з ім у прамы кантакт, калі ў вас няма адпаведных навыкаў, — раіць Алег Баразна. — Трэба працягнуць яму кій, вяроўку, куртку ці нейкі іншы трывалы прадмет. Справа вось у чым. Чалавек, які тоне, як вядома з прымаўкі, хапаецца за саломінку. І можа зацягнуць за сабой і свайго памочніка.

З 1 студзеня ў Беларусі на вадзе выратавана больш за 10 чалавек, з іх трое непаўналетніх. А вось летась за гэты час было ўсяго толькі пяць загінулых. Чаму ж адбыўся такі імклівы рост — з 5 да 22? Справа ў тым, што ў нас вельмі шмат выпадкаў звязаны з неспадзяванымі падзеннямі ў ваду. Летась лёд быў больш-менш трывалы. Калі чалавек гуляе ўздоўж вадаёма, магчыма, і не зусім цвярозы, і падае ўніз, аступіўшыся, то рукі-ногі ён, можа, і паламае, але застанецца жывы. Пры падзенні ў глухім месцы і асабліва аднаму варыянтаў амаль не застаецца.

Тут трэба згадаць недарэчны інцыдэнт у Акцябрскім раёне. 63-гадовы мужчына са сваім сабакам гуляў па беразе ракі Нератоўка. Глыбіня ракі ў тым месцы зусім невялікая — 60 сантыметраў. Ды і шырыня не сказаць каб вялікая — шэсць метраў. Але гэтага хапіла, каб пенсіянер не змог выбрацца з ледзяной вады і патануў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Практычна ўсе ўдзельнікі рынку цяпер у стане нявызначанасці.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Удалае паляванне і «Трэба глядзець дэтэктывы».

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?