Вы тут

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне


У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні. Дасягнуты экстрэмальна нізкія паказчыкі дзіцячай і мацярынскай смяротнасці, павялічылася працягласць жыцця. Пры гэтым дэмаграфічны прырост насельніцтва скарачаецца, і лічбы па нараджальнасці ў найбліжэйшыя гады застануцца нізкія. У краіне за год выканана амаль 20 тысяч кардыёхірургічных аперацый, а выяўляльнасць анкалагічных хвароб на ранняй стадыі склала 67,4 %, што дае магчымасць разлічваць на павелічэнне працягласці жыцця. Заканчваецца рэканструкцыя Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы і будаўніцтва Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы. У 2020-м працягнецца работа па павелічэнні зарплат медработнікаў. Пра самыя значныя дасягненні мінулага года, праблемы і планы на будучыню ішла размова на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя.


За кошт чаго плануецца зніжаць захваральнасць?

Фота БЕЛТА.

Дэмаграфічная сітуацыя ў краіне застаецца напружаная, яна тлумачыцца шэрагам прычын, у прыватнасці, нізкім узроўнем нараджальнасці і старэннем насельніцтва, адзначыў міністр аховы здароўя Уладзімір КАРАНІК. Каэфіцыент нараджальнасці працягвае зніжацца: у 2019-м ён склаў 9,4 праміле, а год таму быў 10,1 праміле.

— Адмоўны дэмаграфічны прырост абумоўлены структурай насельніцтва — змяншэннем колькасці жанчын фертыльнага ўзросту, тым, што мяняюцца сацыяльныя перавагі — беларускі сталі пазней уступаць у шлюб і нараджаць дзяцей, — растлумачыў Уладзімір Каранік.

У такіх умовах узрастае роля медыцыны ў захаванні рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва. Важна зрабіць усё магчымае, каб пары, якія жадаюць мець дзяцей, маглі гэта ажыццявіць, падкрэсліў міністр. Дарэчы, узровень бясплоднасці ў Беларусі складае 14 %.

— Наша задача — не толькі зніжэнне смяротнасці, але і павышэнне нараджальнасці за кошт прафілактыкі абортаў, даступнасці і эфектыўнасці дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Сёлета дзякуючы псіхалагічнай дапамозе і перадабортнаму кансультаванню ўдалося захаваць да 19 % цяжарнасцяў. І гэта нямала для нашай краіны. У 2019-м колькасць абортаў знізілася з 9,0 да 8,2 на тысячу жанчын фертыльнага ўзросту, — расказаў Уладзімір Каранік.

Пры гэтым ён адзначыў, што нізкія лічбы нараджальнасці будуць захоўвацца і ў найбліжэйшыя гады. Таму важнай задачай з'яўляецца зніжэнне захваральнасці, інваліднасці і смяротнасці.

Задача пярвічнага звяна — павысіць выяўляльнасць сардэчна-сасудзістых хвароб, захворванняў парушэнняў абмену рэчываў і іншых цяжкіх паталогій. Што датычыцца выяўлення анкалагічных хвароб, то ў 2019-м дасягнуты нядрэнныя вынікі: 67,4 % з іх выяўлялася на ранніх, 1-2-й стадыях. Усё гэта павінна прывесці да зніжэння смяротнасці, падкрэсліў міністр.

Па-ранейшаму высокімі тэмпамі развіваецца беларуская транспланталогія. Летась выканана 374 трансплантацыі ныркі, у тым ліку 11 дзецям, 52 перасадкі сэрца. А таксама 93 аперацыі па трансплантацыі печані, з іх 12 дзецям. Прычым у маленькіх пацыентаў гэта, як правіла, экстранныя аперацыі, якія дазволілі захаваць ім жыццё. Праведзена 9 перасадак лёгкіх, 148 — гемапаэтычных ствалавых клетак. Будаўніцтва новага модуля і хірургічнага комплексу на тэрыторыі Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі дазволіць і далей развіваць гэты кірунак, адзначыў міністр.

У краіне праведзена амаль 20 тысяч кардыёхірургічных умяшанняў. А РНПЦ «Кардыялогія» з'яўляецца адным з самых запатрабаваных не толькі ў беларусаў, але і ў замежных грамадзян. Экспарт паслуг за студзень—лістапад мінулага года склаў 44,6 мільёна долараў (а гэта102 % да ўзроўню 2018-га). Найбольшы ўнёсак зрабілі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі і РНПЦ «Кардыялогія».

Розніца ў працягласці жыцця паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам хоць і скарачаецца, але па-ранейшаму ёсць.

— Што датычыцца Мінска, то, з аднаго боку, тут самыя нізкія ў краіне паказчыкі смяротнасці. А з іншага, назіраецца невыкананне цягам шэрагу гадоў нарматыву забяспечанасці ўрачамі агульнай практыкі, — звярнуў увагу міністр. Ён заклікаў вырашаць кадравыя праблемы, у прыватнасці ўдасканаліць сістэму паслядыпломнай адукацыі.

Навошта акрэдытацыя медыцынскіх устаноў?

— З гэтага года ўсе дзяржаўныя медыцынскія ўстановы пройдуць працэдуру акрэдытацыі на адпаведнасць базавым стандартам. Гэта патрабаванні, якія будуць характарызаваць бяспеку і ўзровень аказання медыцынскай дапамогі. Калі ў нейкай установе на гэтым узроўні бяспечна аказваць медыцынскую дапамогу немагчыма, установа не будзе акрэдытавана для такіх відаў дапамогі. Такім чынам, спецыялізаваная дапамога будзе сканцэнтравана ў тых цэнтрах, дзе сёння ёсць усё неабходнае абсталяванне і кадры, якія дазваляюць усё выканаць на сучасным бяспечным узроўні, — заявіў Уладзімір Каранік.

Напрыклад, аказанне неўралагічнай дапамогі ў стацыянары, дзе няма камп'ютарнага і магнітна-рэзананснага тамографаў, нельга прымяніць сучасныя методыкі лячэння, якія зніжаюць рызыку інваліднасці і дазваляць пацыенту больш поўна аднавіцца, немэтазгодна. Таму гэта дапамога будзе сканцэнтравана ў тых медустановах, якія па аснашчэнні адпавядаюць сучаснаму ўзроўню. Яны будуць знаходзіцца ў гадзіннай даступнасці для любога пацыента краіны.

Плануецца, што будуць два віды акрэдытацыі: базавая — абавязковая для дзяржаўных медыцынскіх устаноў, і добраахвотная, якую змогуць праходзіць у тым ліку і недзяржаўныя медыцынскія ўстановы — гэта дасць магчымасць прадэманстраваць, што іх дапамога адпавядае сучасным медыцынскім стандартам. Фінансаванне ўсіх тых відаў дапамогі, якія не прайшлі акрэдытацыю, з рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў не дапускаецца.

Акрэдытацыю медустановы пачнуць праходзіць з гэтага года, а ў поўным аб'ёме сістэма будзе функцыянаваць з 1 студзеня 2023 года.

Адкуль у нас тэсты на каранавірус?

У Беларусі па-ранейшаму ніводнага выпадку завозу каранавіруснай інфекцыі не зафіксавана. Актыўна праводзяцца санітарна-эпідэмічныя мерапрыемствы.

На сёння некалькі разоў у дзень аналізуецца эпідэміялагічная сітуацыя. У прыватнасці, узмоцнены кантроль на рэйсах, што прыбываюць з Італіі. Таксама праводзіцца медыцынскае назіранне за грамадзянамі, якія вярнуліся з КНР, узмацняецца назіранне за тымі, хто вяртаецца з паўночнай Італіі, расказаў міністр.

— Адкуль у нас узоры, калі завозу віруса не было? ДНК віруса была перададзена Сусветнай арганізацыяй усім зацікаўленым, гэта дазволіла скласці тэст-сістэмы, каб праводзіць ПЦР-дыягностыку ў рэжыме рэальнага часу. Зараз у нас два віды тэстаў: вырабленыя айчыннай вытворчасцю і перададзеныя расійскім бокам. На сёння ў асобных выпадках мы робім двайны кантроль. Лабараторныя тэсты ёсць у дастатковай колькасці, іх якасць праверана незалежнымі экспертамі, і мы не сумняваемся ў ёй, — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Зарплаты медыкаў працягнуць расці

Міністр паведаміў, што па звестках на 2019 год сярэдняя зарплата работнікаў аховы здароўя склала 776 рублёў. Пры гэтым урачы атрымлівалі ў сярэднім 1422 рублі (з сярэднім каэфіцыентам сумяшчальніцтва 1,36), сярэдні медыцынскі персанал — 876 рублёў (пры каэфіцыенце сумяшчальніцтва 1,26).

— Студзень прайшоў спакойна, мы фіксавалі адзінкавыя выпадкі зніжэння на месцах заработнай платы, і пытанні аператыўна вырашаліся, — заўважыў Уладзімір Каранік.

Па яго словах, у 2020 годзе работа па павышэнні зарплаты медыкаў працягнецца. У тым ліку за кошт пазабюджэтнай дзейнасці. І, як і планавалася, да 2025 года ў параўнанні з 2019-м яна павінна вырасці ў два разы.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на недапушчальнасць ураўнілаўкі ў зарплатах.

— Узровень заробку павінен быць супастаўны з канкрэтным унёскам кожнага работніка, нагрузкай і выкананым аб'ёмам работ. У гэтым пытанні ўсё павінна быць празрыста і зразумела для людзей, — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Павысіць выяўляльнасць хвароб, працягласць жыцця і зарплаты медработнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».