Вы тут

У Раўбічах стартаваў чэмпіянат Еўропы па біятлоне


У першы дзень спаборніцтваў пройдуць суперспрынты. Гэтыя гонкі складаюцца з двух этапаў: кваліфікацыя і фінал, якія пройдуць у адзін дзень.


Усе спартсмены ўжо прыбылі на месца спаборніцтваў у пачатку тыдня, біятланісты правялі свае кантрольныя трэніроўкі. Надвор'е не перашкода спаборніцтвам, арганізатары і з плюсавай тэмпературай у дзённы час здолелі падрыхтаваць трасу. Дарэчы, на адзін спрынтарскі круг выходзіць каля 3000 кубаметраў снегу пры шырыні шасці метраў і таўшчыні покрыва 50 сантыметраў. На дапамогу арганізатарам прыйшлі беларускія гарналыжныя цэнтры, да таго ж пасля завяршэння Кубка свету па фрыстайле снег знялі і з гэтага схілу.

«Цяпер ночы сталі даволі халодныя, трасу скоўвае, а адпускае толькі да гадзіны дня. Крытычны прамежак надыходзіць з 13.00 да 16.00. Затым тэмпература зноў падае, і снег трымаецца, — расказаў журналістам намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту Леанід КАРАСЬ. — Стадыён — вельмі праблемнае месца. Сонца ўжо зусім не студзеньскае, яно стала вельмі актыўнае, і стан белага покрыва на гэтым участку пастаянна патрабуе нашай увагі. Шчыра кажучы, папярэдні прагноз надвор'я на тыдзень не радуе. Тым не менш я ўпэўнены, што ніякіх пераносаў не будзе. Запасаў снегу для правядзення чэмпіянату Еўропы па біятлоне ў нас хопіць. Так што, думаю, з пастаўленай задачай справімся і правядзём гэтыя спаборніцтвы на звыкла высокім узроўні».

Арганізатары паклапаціліся аб камфортных умовах не толькі для спартсменаў, але і для гледачоў. На стадыёне ўсталявалі адмысловы экран, каб было зручна сачыць за стральбой біятланістаў. Дарэчы, да пачатку тыдня было прададзена каля двух тысяч білетаў, і чакаецца, што ў апошнія дні аматары спорту будуць купляць іх яшчэ больш актыўна. Як заўсёды, каля стадыёна будуць адчыненыя пункты харчавання.

Хто не зможа дабрацца да стадыёна, зможа паглядзець чэмпіянат Еўропы ў прамой трансляцыі па телеканале «Беларусь 5». Белтэлерадыёкампанія будзе выкарыстоўваць 31 камеру і 2 ПТС, два краны з камерамі ўстаноўлены на трасе і яшчэ адзін на стрэльбішчы. Таксама штодня ў Раўбічах будзе працаваць студыя, куды рэгулярна стануць зазіраць спартсмены і трэнеры.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?