Вы тут

Анколаг-хірург распавёў, як сучасны лад жыцця адбіваецца на здароўі жанчыны


60 працэнтаў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва маюць змены ў структуры малочнай залозы. Што трэба ведаць, каб засцерагчыся ад развіцця анкалагічнага працэсу, які набор прадуктаў паляпшае стан здароўя жанчыны і як часта трэба звяртацца па кансультацыю да ўрача? Адказвае на гэтыя пытанні загадчык анкалагічнага аддзялення № 2 Гродзенскай універсітэцкай клінікі, урач-анколаг-хірург вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аляксандр ХОМБАК.


У 90 працэнтах выпадкаў, калі пацыенткі прыходзяць на прыём, урачы канстатуюць змены ў структуры малочнай залозы, у прыватнасці мастапатыю, адзначае суразмоўца. Чаму так адбываецца? Нашы бабулі і прабабулі не мелі «жаночых» праблем у такой колькасці. Спецыяліст тлумачыць гэта зменай ладу жыцця сучаснай жанчыны, калі яе функцыя ўжо не зводзіцца выключна да дзетанараджальнай... Таму і называе мастапатыю хваробай цывілізацыі.

Плюс нагадваюць пра сябе не самыя карысныя звычкі, напрыклад, харчаванне фаст-фудамі і «гаджатавы» лад жыцця з вечара  да ранку. Усе гэтыя, здавалася б, звыклыя складнікі нашага імклівага свету адбіваюцца на выпрацоўцы гармонаў у жаночым арганізме і іх метабалізме. Адсюль і ўзнікаюць рознага кшталту змены ў структуры малочнай залозы.

Што рабіць? Сачыць за сваім харчаваннем, пераконвае суразмоўнік. Перагледзець рацыён харчавання на карысць ужывання натуральнага (не паўфабрыкатаў) нятлустага белага мяса, напрыклад, курынай грудкі або індычкі, марской рыбы (добрая ў гэтым выпадку скумбрыя). Стол павінен быць максімальна вітамінізаваны, багаты на раслінныя рэчывы, з мінімальнай колькасцю жывёльных тлушчаў. Безумоўна, важныя і напоі: варта адмовіцца ад тых, што ўтрымліваюць шмат цукру і кансервантаў. У якасці выключэння дапушчальныя хатнія закаткі. І дарэчы, алкаголь таксама на стале лішні. Хоць прамых сведчанняў уздзеяння градуса на развіццё наватвораў няма, але навукоўцам вядома аб яго апасродкаваным уплыве.

Акрамя таго, спецыяліст звяртае ўвагу на фізічную актыўнасць: сучасная жанчына ў пагоні за кар'ерай не павінна «прырастаць» да крэсла, — пажадана знаходзіць час на заняткі фізкультурай і спортам. Гэтая добрая звычка, дарэчы, нядрэнна дапамагае спраўляцца са стрэсам. Як вядома, хранічны стрэс прыводзіць да зменаў у гарманальнай сістэме і, як следства, зменаў у структуры малочнай залозы. Сама па сабе мастапатыя не нясе пагрозу жаночаму здароўю, але ўяўляе небяспеку з пункту гледжання фактару рызыкі анкапаталогіі.

— Недасыпанне, дрэннае харчаванне, начны лад жыцця не праходзяць бясследна, а могуць абярнуцца гарманальным дысбалансам, — тлумачыць Аляксандр Хомбак. — На яго фоне з'яўляюцца мастапатыі, унутрыпратокавыя папіломы, фібраадэнаматоз, якія з цягам часу могуць прывесці да развіцця анкалагічнага працэсу.

Што трэба ведаць? Самае важнае — кантраляваць структуру малочнай залозы. Для гэтага самастойна пальпаваць яе штомесяц у сярэдзіне цыклу. З якога ўзросту варта займацца самадаследаваннем? Па словах суразмоўніка, з моманту палавога саспявання дзяўчыны. Пры любых сумненнях неабходна звяртацца да доктара. УГД-даследаванне малочных залоз у прафілактычных мэтах жанчынам пажадана праходзіць штогод, пры зменах — паказаны дынамічны кантроль раз у паўгода або раз у квартал. Рэнтген-мамаграфія — з 45, скрынінг — з 50 гадоў.

— Сучаснай жанчыне неабходна пераасэнсаваць свой лад жыцця і знайсці разумны баланс паміж выгодамі цывілізацыі і захаваннем уласнага здароўя, — рэзюмуе суразмоўнік.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Мастапатыя — хвароба цывілізацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».