Вы тут

Ці можна гандляваць у падземных пераходах?


«Маааам, купі мне сабачку, ну калі ласка!» — енчыць дачка ў адным з мінскіх падземных пераходаў. Я паглядзела на цацку, якая цяўкала і рабіла няўклюдныя спробы хадзіць па кардонцы, што ляжала на падлозе. У пачатку 2000-х я ўжо набывала такую ж для старэйшай дачкі. Малая гуляла з цацкай не больш за суткі. Потым тая перастала рухацца і цяўкаць, а замена батарэек не змагла вярнуць «сабачку» да жыцця. Памятаю, як доўга супакойвала дачку... Цяпер жа мне не хацелася плаціць 10 рублёў за рэч, якая на наступны дзень стане смеццем.

«Можа, давай што-небудзь іншае набудзем і лепш у краме?» — прапанавала дачцэ. Але малая пабегла ўздоўж шэрагу гандлюючых — у надзеі, што я ўсё ж дазволю ёй нешта выбраць. У пераходзе размясціўся сапраўдны міні-рынак, толькі тавар ляжаў часцей за ўсё на падлозе на кардонках, поліэтылене ці проста пажоўклых газетах. У продажы — зубная паста, кава, гарбата, прыправа, зяленіва, яйкі, квашаная капуста і тут жа — вязаныя шкарпэткі, вусцілкі для абутку і букеты кветак. Ці магчыма ўсё гэта багацце прадаць людзям не з «зямлі», а больш цывілізавана? Па адказ карэспандэнт газеты «Звязда» звярнулася ў галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.


Наблізіцца да цывілізацыі

Быў час, калі людзі, якія гандлявалі ў пераходах, «ставілі» на выхадзе з перахода чалавека, які папярэджваў аб набліжэнні міліцыянераў. Людзі хутка збіралі тавар і беглі адтуль. Цяпер такога хуткага збору тавару прадаўцамі не ўбачыш, а міліцыянеры спакойна праходзяць міма.

«Несанкцыянаваны гандаль асабліва актыўна стаў развівацца з 2013 года, калі органы ўнутраных спраў былі пазбаўлены правоў на складанне пратаколаў за гандаль у неўстаноўленых месцах, — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна ЕМЯЛЬЯНАВА. — Мінгарвыканкам неаднаразова прапаноўваў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесці змены ў заканадаўства, каб пашырыць кола асоб, упаўнаважаных складаць адміністрацыйныя пратаколы, і ўзмацніць меры адказнасці за ажыццяўленне несанкцыянаванага гандлю».

Аднак падтрымку ў дадзеным пытанні Мінгарвыканкам не атрымаў. Для пашырэння кола асоб, якія павінны вырашаць праблемы несанкцыянаванага гандлю, у тым ліку ў частцы парушэння парадку ўтрымання гарадскіх тэрыторый, унесены дапаўненні ў Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска, зацверджаныя рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у 2016 годзе. Парушэнне патрабаванняў Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, цягне накладанне штрафу. Паўнамоцтвамі на складанне пратаколаў надзелены службовыя асобы ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама, камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

У прынцыпе, у самім гандлі няма нічога супрацьзаконнага. Галоўнае — рабіць гэта больш-менш цывілізавана.

Як патлумачыла спецыяліст Мінгарвыканкама, фізічныя асобы, самастойна — без прыцягнення іншых фізічных асоб па працоўных і (або) грамадзянска-прававых дагаворах — маюць права ажыццяўляць дзейнасць па рэалізацыі вырабленых гэтымі фізічнымі асобамі плодаагародніннай прадукцыі, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі, а таксама створаных імі твораў жывапісу, графікі, скульптуры, вырабаў народных мастацкіх рамёстваў; прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін, іх насення і расады, жывёл (за выключэннем кацянят і шчанюкоў); лекавых дзікарослых раслін, ягад, грыбоў, арэхаў і іншых. Што датычыцца дэкаратыўных раслін і прадукцыі кветкаводства, то імі лічацца кветкі — зрэзаныя і ў вазонах, — расада кветак, насенне і цыбуліны раслін, саджанцы дрэў і кустоў, калядныя ёлкі, зрэзаныя галінкі шматгадовых кустоў і дрэў, часткі раслін, травы, імхі і лішайнікі, якія выкарыстоўваюцца для дэкаратыўных мэт і якія таксама можна законна прадаваць фізічным асобам.

Ёсць магчымасці, але...

Фізічным асобам прадстаўлена права рэалізоўваць тавары на кірмашах і спецыяльных гандлёвых месцах на рынках. Гандаль у іншых месцах лічыцца незаконным.

Колькасць месцаў на рынках неабмежавана — яшчэ ніводнага чалавека не адправілі на вуліцу. Кіраўніцтва рынкаў заўсёды адшуквае магчымасці падставіць столікі і вылучыць дадатковыя месцы. Дзякуючы гэтаму ў сезон — у выхадныя, летам і восенню, калі асабліва вялікі попыт на свежыя гародніну і садавіну, — да тысячы чалавек можа адначасова прыйсці на рынкі горада з лішкамі свайго ўраджаю.

«Мінгарвыканкам многія гады заключае дамовы з рынкамі Мінска, — расказвае Ніна Емяльянава. — Пенсіянерам і іншым ільготным катэгорыям грамадзян даюць месца для гандлю прадукцыяй, вырашчанай на сваіх участках, на бязвыплатнай аснове. І ўсе ідуць нам насустрач. На сёння мы падпісалі пагадненні з 15 рынкамі. Усяго, дарэчы, у нас 16 універсальных рынкаў, і толькі адзін з іх не падпісвае пагадненне, але сваім загадам усталёўвае такія месцы і перадае нам копію загаду, каб мы валодалі інфармацыяй. Даведацца аб наяўнасці месцаў можна на сайтах рынкаў або па тэлефоне. Законапаслухмяныя грамадзяне заўсёды знаходзяць гэтыя звесткі і ідуць гандляваць туды».

Праўда, трэба памятаць пра адну ўмову: каб выключыць вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці на рынках без выплаты падаткаў і арэнды, за адзін раз можна прадаць да 20 кілаграмаў прадукцыі. Дарэчы, надвор'е дазваляе гандляваць на вуліцы і цяпер. Бо калі менш за нуль градусаў, плодаагароднінную прадукцыю на вуліцы прадаваць нельга. Раней Мінгарвыканкам заключаў дамовы з рынкамі на прадастаўленне дадатковых месцаў са жніўня па снежань, цяпер жа пагадненне будзе дзейнічаць цэлы год. Пенсіянерам гэта толькі на руку, бо было, што яны не паспявалі рэалізаваць да канца лістапада тыя ж яблыкі або бульбу. У Мінгарвыканкаме звароты людзей пачулі.

А вось гандаль з аўтамабіляў, які часта адбываецца каля шматпавярховак і на прыпынках грамадскага транспарту, з'яўляецца незаконным. Адказнасць за такую прадпрымальніцкую дзейнасць прадугледжана часткай 8 і часткай 10 артыкула 12.17 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Памер адміністрацыйных штрафаў можа дасягаць да пяцідзесяці базавых велічынь.

Заплаці і спі спакойна

Фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, выплачваюць адзіны падатак пры рэалізацыі названых вышэй тавараў на гандлёвых месцах на рынках і кірмашах. Лепей, вядома, да дня пачатку дзейнасці падаць у падатковы орган пісьмовае паведамленне або апавяшчэнне праз асабісты кабінет плацельшчыка з указаннем відаў дзейнасці, якія яны збіраюцца ажыццяўляць, відаў тавараў, формаў аказання паслуг, а таксама перыяду і месца ажыццяўлення дзейнасці. Падатковыя органы ў кожным канкрэтным выпадку раскажуць пра суму належнага да выплаты падатку.

Цывілізавана гандляваць у краіне магчыма, і гэта зусім нескладана. І кожны прадавец вырашае для сябе сам, зарабляць законна ці гандляваць, баючыся атрымаць штраф за продаж з «зямлі». Але несанкцыянаваны гандаль падтрымліваюць не толькі прадаўцы, але і самі пакупнікі.

«Мне пасля працы, напрыклад, зусім не хочацца ісці ў краму і стаяць у чарзе ў касу. А тут выйшла з метро, набыла вусцілкі для дзіцяці, пакеты для сняданкаў, зяленіва, прычым танней, чым у краме і хуценька дадому», — прызнаецца адна з такіх пакупнікоў у пераходзе. Выходзіць, што такі гандаль у краіне выкараніць пакуль немагчыма, бо калі ёсць попыт — будзе і прапанова. Калі ўсё ж чалавек вырашае набыць тавар, які прадаюць незаконна, то ён павінен усведамляць, што такія пакупкі не трапляюць пад дзеянне Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», і таму пакупнік застаецца безабаронным перад нядобрасумленнымі прадаўцамі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Навука цывілізаванага гандлю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?