Вы тут

Берлінскі кінафестываль робіць адкрыцці


Карэспандэнт «Звязды» перадае з Берлінале.

Гэтымі днямі ў нямецкай сталіцы праходзіць Берлінале — адзін з найгалоўнейшых кінафестываляў свету, які сёлета адзначае сямідзесяцігоддзе і спрабуе сябе пад новым кіраўніцтвам. За кіно на форуме цяпер адказвае Карла Шатрыян, які паменшыў прысутнасць «галівуда», затое падрыхтаваў для гледачоў прэм’еры Крысці Пую, Абеля Ферара, Крысціяна Петцольда, Хон Сан-су, Агнешкі Холанд і іншых вядомых персон аўтарскага кіно, а стаўку зрабіў, здаецца, на тых невядомых, што яшчэ могуць стаць адкрыццём. Фестываль стартаваў 20 лютага і на гэты момант на фоне ўсіх больш-менш чаканых прэм’ер адным з нашых фаварытаў сапраўды стала «нечаканая» аўтарка Келі Рэйхардт з пяшчотнай гісторыяй сяброўства і бізнеса ў эстэтыцы вестэрна.


Кінакарціна «Першая карова». Фота: welt.de

Карціна «Першая карова» ўдзельнічае ў асноўным конкурсе, то-бок прэтэндуе на «Залатога мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю, а па вялікім рахунку яшчэ і на пазіцыю «набытку» сезона. Тут мы маем усе атрыбуты вестэрна — XIX стагоддзе, дзікі Захад, белых і індзейцаў, брудныя гарадкі і атмасферу пакуль неўладкаванага, таму крыху дэзарыентаванага, жыцця. А ўмоўнае асваенне зямель, якое складае сутнасць жанру, увасабляецца ў кур’ёзнай, але даволі мілай гісторыі няўдалага прадпрымальніцтва двух сяброў.

Неяк на дзікім Захадзе, што насяляюць адпаведныя яму «дзікія» людзі, адзін аднаго знаходзяць дабрадушны повар Кукі і Кітаец. Іх стасункі ад пачатку выглядаюць ненатуральна для прапанаванага атачэння, бо пачынаюцца з дабра: Кукі дапамагае Кітайцу сагрэцца і насыціцца, а праз некаторы час яны сустракаюцца зноў і неяк само сабой пачынаюць жыць у адной хаціне. Нетыповыя для лясоў і мястэчак Арэгона персанажы ўмеюць сябраваць, дапамагаць адзін аднаму і даволі паэтычна марыць. У рэшце яны вырашаюць выкарыстаць уменні Кукі і спячы пончыкі на продаж, аднак у ваколіцах ёсць толькі адна карова, якую нядаўна прывёз сюды мясцовы багач.

Дзеля сваёй бізнес-ідэі сябры пачынаюць рабіць начныя вылазкі, каб падаіць чужую карову, і ўжо хутка «раскручваюцца» — збіраюць чэргі, дадаюць да пончыкаў мёд і націраюць карыцу, нават сам уладальнік каровы каштуе невядомы слодыч і аказваецца ім скароны.

Умоўнага фурору, які выклікаюць пончыкі Кукі, дастаткова для трапнага адлюстравання дзікага Захада: простая страва з’яўляецца для гарадка нечым надзвычайным, і жыхары лёгка вераць у «сакрэтны інгрэдыент з Кітая». Але месца тут маюць і своеасаблівыя норавы ў адсутнасць закону, таму безабаронныя прадпрымальнікі моцна рызыкуюць, калі крадуць малако, што прадказальна не доўжыцца бясконца.

Змяшчэнне чарговай гісторыі пра «амерыканскую мару» ў прапанаваны антураж аказалася прыгожым і кранальным, нават традыцыйнае для такіх сюжэтаў парушэнне закону ў Келі Рэйхардт мае пяшчотнае ўвасабленне ў тым ліку праз свой сціплы масштаб альбо праз мілыя размовы Кукі з каровай падчас даення. Кустарная пякарня XIX стагоддзя размясцілася на бруднай вуліцы бруднага гарадка — сябры прыходзяць сюды з цестам, раскладваюць рэчы і пякуць гарачыя пончыкі, што разыходзяцца імгненна. Увесь гэты кур’ёз выглядае пэўным прататыпам бандыцкіх «амерыканскіх мар», дзе на злачынства, па законе жанра, таксама прыходзіцца пакаранне, але парушэнне закона ўсё яшчэ не перакрывае сабой высакароднае сяброўства і карысны для гэтага месца кулінарны стартап як пэўны знак цывілізацыі.

Адбылася на Берлінале і прэм’ера новай карціны румынскага рэжысёра Крысці Пую «Мальмкрог» — такая ж, як і знаёмая беларускаму гледачу «Сьераневада», балбатня. Гэтым разам аўтар узяў за аснову тэксты расійскага філосафа Уладзіміра Салаўёва і прымусіў гледача больш чым тры гадзіны слухаць размовы арыстакратыі пра еўрапейцаў ці Антыхрыста, паказваючы, наўмысна ці не, што нічым іншым інтэлігенцыя не займаецца — толькі есць, п’е і разважае. Меркаванні пра фільм прадказальна раздзяліліся — такое кіно альбо адштурхоўвае, альбо знаходзіць адэптаў сваёй прэтэнцыёзнасці, а паколькі Крысці Пую ўжо мае важкае імя, ацэнка яго карціны, здаецца, аказалася яшчэ больш суб’ектыўнай справай. Рэжысёр зноў «водзіць» камерай і падоўжанымі рухомымі планамі сочыць за кампаніяй сяброў, што ў кожнага гледача нараджае сваю рэакцыю на выпрастаныя спіны арыстакратаў.

Нямецкі рэжысёр Крысціян Петцальд, якога мы шчыра чакалі, прадставіў фільм «Ундына», у якім вядомы германа-скандынаўскі міф памясціў у сучасны Берлін. Гісторыя вялікага кахання, а Петцальд майстар у іх незвычайных увасабленнях, адбываецца ў сучасным свеце і ў асяроддзі, якое яго характарызуе найлепш — то-бок у горадзе. Таму галоўная гераіня сімвалічна з’яўляецца гідам у музеі горада, адпаведна, знаўцам яго гісторыі і архітэктуры, яе каханак Крыстоф сімвалічна з’яўляецца дайверам, а іх першую сустрэчу сімвалічна «асвячае» вада. Петцальд па-майстэрску прыўносіць у звыклае ўрбаністычнае атачэнне адчуванне нечага ірэальнага, чым прыгожа яднае прозу жыцця са страсцямі міфаў.

Дакументаліст Віктар Касакоўскі — некалькі месяцаў таму Мінск глядзеў яго зачаравальную «Акварэль» — паказаў на Берлінале карціну Gunda, дзе прасачыў за жывёламі (ды з біркамі, якія паказваюць на прыналежнасць патрэбам чалавека) і іх пачуццямі. У прыватнасці галоўнымі героямі дакументальнай карціны сталі свіння з парасятамі — літаральна ад іх нараджэння да моманту, калі апошніх некуды забіраюць, што становіцца нагодай для доўгага назірання за свінаматкай. Касакоўскі наўмысна выключае з прасторы чалавека: яго існаванне ўвасабляецца толькі ў тых самых бірках, электрычным заборы і ўласна трактары, што забірае парасят. Gunda адзначылася і цікавай калабарацыяй: выканаўчым прадзюсарам карціны расійскага дакументаліста стаў акцёр Хаакін Фенікс, вядомы сваім клопатам пра экалогію і жывёл, — яшчэ нядаўна, трымаючы ў руках «Оскар» за «Джокера», ён са сцэны казаў пра кароў, у якіх людзі забіраюць малако, прызначанае для цялят. Каровы ў фільме Касакоўскага таксама ёсць.

Дарэчы, у адной з конкурсных секцый была прадстаўлена стужка Вадзіма Перэльмана «Урокі персідскага» — яна створана пры падтрымцы «Беларусьфільма» і месцам дзеяння з’яўляецца Беларусь, але гэтым удзел нашай краіны ў праграме Берлінале абмяжоўваецца.

Берлінскі кінафестываль працягнецца да 1 сакавіка — тады можна будзе зрабіць канчатковыя высновы аб тым, як форум змяніўся пад новым кіраўніцтвам, і назваць яго галоўныя адкрыцці.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».