Вы тут

Зіма не лютуе, вясну чуе


Цеплыня - гэта не толькі пра надвор'е, але і пра справы, якія прыносяць карысць прыродзе. Чытайце пра іх у лютаўскім нумары "Роднай прыроды".

Фота Мікалая Семянца

Журналіст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Шыманскі расказвае, “Як адраджаецца Ельня”. Гэты буйны балотны комплекс у Віцебскай вобласці вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён прыцягвае ўвагу не толькі сваімі прыроднымі багаццямі, але і людзьмі, якія імкнуцца рознымі спосабамі захаваць гэты ўнікальны аб’ект. Што ж за міжнародная каманда дапамагае гэта зрабіць?

Традыцыйна ў лютым праходзіць з’езд адной з самых масавых грамадскіх экалагічных арганізацый краіны – грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. АПБ у 2019 годзе – гэта больш за 1 900 сябраў, 700 валанцёраў і 14 мясцовых аддзяленняў. Разам усе гэтыя людзі (а магчыма, сярод іх і вы) дапамагаюць зберагаць беларускую прыроду. Якімі цікавымі знаходкамі і вялікімі справамі вылучыўся ў АПБ мінулы год, чытайце ў матэрыяле “Дапамога жывым каштоўнасцям”.

У нашай краіне нямала людзей, гатовых падтрымліваць сацыяльныя праекты. Вось толькі не заўсёды яны могуць аб’яднацца. Сабраць 350 актыўных і неабыякавых беларусаў для агульнай справы — такую амбіцыйную мэту паставілі перад сабой заснавальнікі сацыяльна-інфармацыйнай установы па падтрымцы праектаў у сферы гарадскога развіцця “Дбаю”. Што плануецца зрабіць – у матэрыяле Дбаю”– для роднага горада”.

“Першыя крокі да “зялёнай” планеты” робяць выхаванцы ясляў-сада №137 г. Мінска. Іх установа была абрана рэсурсным цэнтрам сярод устаноў дашкольнай адукацыі ў праекце “Зялёныя школы”. Пра “зялёныя” поспехі садка распавяла яго загадчыца Алена Мікалаеўна Бухарцава.

У матэрыяле нашай пастаяннай рубрыкі “Экалікбез” можна даведацца, што такое вугляродны след, чаму ён расце, і што трэба зрабіць кожнаму, каб “не наслядзіць” на планеце.

Совы – не проста птушкі з вялікімі вачамі. Яны яшчэ і драпежнікі, якія прыносяць велізарную карысць чалавеку. Толькі адзін вераб'іны сыч у дзень можа злавіць да 8 мышэй! Але ёсць праблема – гэтыя птушкі зусім не ўмеюць будаваць сабе гнёзды, што, натуральна, адбіваецца на іх колькасці. У матэрыяле “Кватэры” для соў” арнітолаг Дзяніс Кіцель расказаў, як дапамагчы совам вырашыць "кватэрнае" пытанне.

У кожнага з герояў матэрыялу “Паставіць на лапы” – свая няпростая гісторыя. І лёс гэтых жывёл быў бы прадвызначаны, калі б выпадкова яны не апынуліся ва ўнікальным для Беларусі месцы, дзе параненым, змучаным і кінутым звярам і птушкам гатовыя дапамагчы.

Аднойчы сяброўка падарыла на дзень нараджэння пісьменніцы, драматургу і сцэнарысту Уладзе Альхоўскай шыншылу, выкупленую са зверафермы. Але перш чым звярок пасяліўся ў доме пісьменніцы, ён з’явіўся на старонках аднаго з яе дэтэктываў… Пра незвычайнае сяброўства працягласць амаль у дзесяцігоддзе чытайце ў матэрыяле “Жывёла ў падарунак не павінна быць сюрпрызам”.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.