Вы тут

Атамную станцыю ў Астраўцы інтэгруюць у энергасістэму краіны


Першым праектам з мерапрыемстваў па інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму стала будаўніцтва ў новай кацельнай Касцюковічаў электракатла магутнасцю 10 МВт. Сёлета неабходна рэалізаваць такія праекты на 19 аб'ектах агульнай магутнасцю 836 МВт. Да 2021 года плануюць скончыць праекты па будаўніцтве пікава-рэзервовых крыніц, якія ўсталююць на чатырох аб'ектах агульнай магутнасцю 800 МВт.


Мадэрнізацыя і экспарт электраэнергіі

У краіне захавалася станоўчая дынаміка па павелічэнні спажывання электраэнергіі. Пры гэтым яе выпрацоўка павялічылася на 5 %, што стала магчыма дзякуючы значнаму (больш як удвая) павелічэнню яе экспарту — летась ён дасягнуў 2,4 млрд кВт/г. Гэта, пэўна, самы высокі паказчык за 20 гадоў. А вось аб'ём спажывання насельніцтвам і рэальным сектарам эканомікі газа знізіўся. Гэта перш за ўсё звязана з цёплым надвор'ем, а таксама больш эфектыўным рацыянальным выкарыстаннем газу ў прамысловасці і побыце, расказаў міністр энергетыкі Віктар КАРАНКЕВІЧ:

— Вялікая ўвага ўдзяляецца Міністэрствам энергетыкі развіццю і мадэрнізацыі электрасеткавай інфраструктуры, цеплавых і газавых сетак. Летась рэканструявана і збудавана каля 1800 кіламетраў электрасетак, мадэрнізавана больш за 230 кіламетраў цепласетак, створана звыш 1400 кіламетраў газаправодаў. Газ прыйшоў у 25 тысяч новых кватэр, каля 8,5 тысячы абанентаў пераведзены са звадкаванага газу на прыродны.

Вялікія надзеі ўскладаюць энергетыкі і на электрычнасць ад атамнай энергіі, мяркуючы, што гэта дазволіць знізіць затраты на выраб цяпла і паўплывае таксама і на тарыфы на яго для жыхароў. Пакуль жа тэхналагічна рыхтуюцца да работы з электрычнасцю.

— Мы выводзім з эксплуатацыі нізкаэфектыўнае абсталяванне, якое традыцыйна працавала на газе, дэманціруем і на яго месцы ўсталёўваем электракатлы, якія будуць вырабляць цеплаэнергію за кошт спажывання электраэнергіі, якая будзе стварацца на атамнай электрастанцыі, — падзяліўся Аляксандр БУЗО, дырэктар філіяла «Мінскія цеплавыя сеткі» Мінскэнерга.

Першыя кілаватгадзіны

Сёлетні год выніковы ў пяцігодцы. На яго запланаваны фізічны і энергетычны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС і выдача першых кілаватгадзін у энергасістэму краіны, далейшая мадэрнізацыя і развіццё генерыруючых крыніц, развіццё электрасеткавай інфраструктуры, вывад з эксплуатацыі адпрацаваных аб'ектаў генерацыі, павелічэнне выкарыстання мясцовых і аднаўляльных крыніц энергіі.

— На Беларускай АЭС практычна завершаны ўсе будаўніча-мантажныя работы, вядзецца аздабленне, праходзіць «гарачая» абкатка абсталявання, — падзяліўся міністр. — Гэта дазволіць забяспечыць работу блока ўжо ў намінальных параметрах. Толькі замест ядзернага паліва работа вядзецца на імітатарах. Неабходна пабачыць і прааналізаваць работу ўсяго першага энергаблоку, ці ўсе параметры работы абсталявання дасягаюцца ў тэхналагічным ланцужку.

У тэму

Па 19 напрамках

Учора ў Беларусь з двухтыднёвым візітам (з 24 лютага па 4 сакавіка) прыбыла МАГАТЭ з ужо трэцяй місіяй ІНІР. Эксперты ацэняць, наколькі створаная на Беларускай АЭС інфраструктура ядзернай энергетыкі гатова да запуску. Згодна з дакументам Mіlеstоnеs («Вехі») для краін-навічкоў, вызначаецца 19 напрамкаў, якія павінны быць рэалізаваны па стварэнні інфраструктуры ў краіне.

— Беларусь напоўніцу карыстаецца ўсімі інструментамі, якія МАГАТЭ дае краінам, прыступіўшым да развіцця ядзернай энергетыкі. На працягу многіх гадоў мы шчыльна супрацоўнічаем у межах праграм тэхнічнага супрацоўніцтва, — заўважыў міністр энергетыкі Віктар КАРАНКЕВІЧ. — Для нас будаўніцтва АЭС з'яўляецца адным з самых важных праектаў адносна дыверсіфікацыі паліўна-энергетычных рэсурсаў і вытрымлівання прынцыпаў экалогіі. Рэалізацыя праекта дазволіць атрымаць «зялёную» энергію і зменшыць ужыванне імпартнага прыроднага газу.

Прадстаўнікі місіі МАГАТЭ ацэняць падрыхтоўку кадраў, кіраванне аварыямі, гатоўнасць да іх і рэагаванне на здарэнні, абарачэнне з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам, радыяцыйную бяспеку і іншыя напрамкі дзейнасці атамнай станцыі ў Астраўцы.

— Усе ведамствы краіны, якія маюць дачыненне да ядзернай энергетычнай праграмы, правялі комплексную самаацэнку зробленага. Гэтыя дакументы былі накіраваны ў МАГАТЭ, — расказаў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл МІХАДЗЮК. — Мы чакаем аб'ектыўнай ацэнкі, рэкамендацый, падказак. Каб можна было нешта дапрацаваць, калі ёсць недагляд. Аднак асноўная мэта — не паглядзець саму станцыю, а праверыць у цэлым, як краіна спрацавала па ўсіх 19 напрамках.

Мінулыя місіі МАГАТЭ ў Беларусі давалі атамшчыкам рэкамендацыі і адзначалі добрыя практыкі, якія могуць выкарыстоўвацца як парады для іншых краін-навічкоў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Менш газу, больш электрычнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».