Вы тут

Бязвыплатным донарам дадуць асаблівыя сацыяльныя гарантыі


Якія сусветныя трэнды існуюць у донарстве крыві і яе кампанентаў? Як у Беларусі развіваюць культуру донарства? Чаму наша краіна ніколі не будзе зарабляць грошы на экспарце крыві? Адказы на гэтыя пытанні знойдуць увасабленне ў абноўленым «Законе аб донарстве крыві і яе кампанентаў».


kubnews.ru

Навацыі, над якімі працуюць больш за год дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, накіраваны на развіццё ў Беларусі бязвыплатнага донарства. Але ў грамадзян застанецца права выбару: здаць кроў за грошы ці бясплатна.

«Мы мяркуем, што сфарміруем беларускую культуру донарства. Каб нашы людзі, як і ва ўсім свеце разумелі: калі хтосьці з грамадзян папаў у бяду, мы па поклічу сэрца павінны прыйсці яму на дапамогу, здаць для яго кроў або яе кампаненты. А не таму, што можам на гэтым зарабіць грошы», — сказала старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак.

За апошнія пяць гадоў колькасць донараў павялічылася амаль на 15 тысяч. Станоўчая тэндэнцыя пачалася з 2013 года, калі ў краіне было прапанавана права выбару — платна або бясплатна стаць донарам. За мінулы год каля 99 тысяч чалавек прыйшлі ў пункты здачы крыві і яе кампанентаў. Як расказаў Фёдар Карпенка, дырэктар «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій», цяпер донараў дастаткова — па выніках 2019-га нарыхтавалі максімальную колькасць кампанентаў крыві за ўсю суверэнную гісторыю Беларусі.

У мэтах далейшага павышэння актыўнасці грамадзян у рэгулярным бязвыплатным донарстве праектам закона значна пашыраны сацыяльны пакет для донараў, якія здаюць кроў і яе кампаненты на бязвыплатнай аснове.

«Ён уключае права на назначэнне дапамогі па часовай непрацаздольнасці з першага дня страты працаздольнасці ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку, узнагароджанне нагрудным знакам адзнакі Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», — паведаміла пра навацыі Людміла Макарына-Кібак. — Улічваючы высокі ўзровень матэрыяльнай зацікаўленасці сярод донараў, для тых, хто здаў кроў і яе кампаненты на бязвыплатнай аснове, замест прамых выплат законапраектам прапаноўваецца ажыццяўляць пакрыццё расходаў, звязаных з выкананнем донарскай функцыі шляхам мэтавых кампенсуючых выплат для аднаўлення функцый арганізма донара пасля данацыі і папаўнення яго энергетычных затрат паміж працэдурамі здачы крыві і яе кампанентаў».

Таксама бязвыплатным донарам дадуць права на дадатковы дзень адпачынку без захавання заробку. Адначасова законапраект пашырае і сацпакет грамадзян з нагрудным знакам «Ганаровы донар». Згодна з навацыямі, такой пашаны будзе ўдастоены толькі чалавек, які бясплатна здае кроў. Сярод дадатковых ільгот — пазачарговыя прыёмы ў шматлікіх установах абслугоўвання насельніцтва, зніжка 25 працэнтаў на платныя медпаслугі ў дзяржаўных установах аховы здароўя, прадстаўленне на працягу года адпачынку без захавання заробку да 14 дзён і штогадовая грашовая выплата ў памеры трох базавых велічынь.

Згодна з існуючым законам, кроў можа рэалізоўвацца на экспарт з дазволу Міністэрства аховы здароўя. Па словах Фёдара Карпенкі, у суверэннай гісторыі Беларусі такіх выпадкаў не было. З улікам новай рэдакцыі закона аб донарстве плануецца ўвогуле замацаваць забарону на камерцыйныя здзелкі з кроўю і яе кампанентамі. «Гэта ўсё звязана з тым, што мы ідэалагічна чакаем пасля прыняцця закона павелічэння колькасці бязвыплатных данацый», — дадаў дырэктар РНПЦ трансфузіалогіі і медыцынскіх біятэхналогій.

Кожны тыдзень гэты цэнтр, які забяспечвае толькі Мінск і часткова вобласць, выдае каля 700 доз эрытрацытных кампанентаў, 600 доз плазмы, каля 500 доз канцэнтрату трамбацыту. «Гэта не хаатычны рух. Гэта запіс донараў, пастаяннае падтрыманне запасаў. Уявіце, які аб'ём кампанентаў нарыхтоўваецца! — акцэнтаваў увагу Фёдар Карпенка. — У мінулым годзе каля 320 тысяч данацый крыві і яе кампанентаў было па ўсёй краіне. 99 тысяч донараў больш за 320 тысяч разоў прыйшлі на донарскія пункты».

Дарэчы, з гэтай лічбы бязвыплатных данацый крыві было каля 26 працэнтаў, а кампанентаў — 15 працэнтаў.

На бязвыплатным донарстве настойвае і Сусветная арганізацыя аховы здароўя. І звязана гэта зусім не з грашовым пытаннем. Донары, якія матываваны добраахвотна бязвыплатна здаваць кроў, лічацца самымі бяспечнымі, бо імі рухаюць альтруістычныя перакананні. Лічыцца, што пры платнай здачы крыві рызыкі для здароўя павялічваюцца, бо чалавек будзе зацікаўлены атрымаць грошы, а не дапамагчы камусьці.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Бязвыплатна, але не бясплатна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.