Вы тут

Новы від махлярства зарэгістраваны ў Беларусі


Раз-пораз на стужках інфармацыйных агенцтваў з'яўляюцца навіны аб тым, што чарговы пенсіянер стаў ахвярай ашуканцаў. І перадгісторыя пытанняў адрозніваецца хіба што толькі ў дэталях. У дзверы звоніць рэспектабельны чалавек, які пачынае рэкламаваць цуда-тавары, якія ёсць у яго пры сабе. «Забалбатаўшы» чалавека паважнага ўзросту, госць пераводзіць дыялог да таго, па што і прыйшоў, — заключэння здзелкі. І здаецца, усё як мае быць: пакупнік атрымлівае тавар, а прадавец — грошы. Аднак менавіта тут і пачынаецца самае цікавае.


— З нашай практыкі — часцей за ўсё такія «коміваяжоры» прапануюць тавар зыходзячы са сваёй мэтавай аўдыторыі, — расказвае начальнік аддзела «Р» галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Васіль Шупляк. — Жанчынам і пенсіянерам спрабуюць прадаць камплекты пасцельнай бялізны, посуд. Калі ж аб'ектам выбраны мужчына, то яму пачнуць рэкламаваць інструменты — дрыль, шрубакрут, электрычны лобзік, набор гаечных ключоў. Бывае, што госці маскіруюцца пад работнікаў адпаведных службаў і прапануюць паставіць газааналізатар ці аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Альбо, напрыклад, спрабуюць прадаць цукровы сіроп пад выглядам мёду...

Усё гэта, як правіла, спакавана ў прыгожую прэзентабельную каробку. Аднак д'ябал, як вядома, хаваецца ў дробязях. Прамысловыя тавары ў такіх прадаўцоў за вельмі рэдкім выключэннем зроблены ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі і па сутнасці з'яўляюцца таннымі нізкаякаснымі падробкамі. Нярэдка яны набываюцца на аптовых рынках, а пасля выдаюцца за якасныя еўрапейскія з адпаведнымі цэнамі.

І нярэдка на гэта ідуць грошы, якія стары чалавек не адзін год збіраў для сваіх патрэб. Васіль Шупляк прыгадвае адзін паказальны выпадак.

— Летась мы затрымалі злачынную групу з Расіі. Сутнасць яе дзеянняў была ў наступным. Некалькі чалавек прыязджала на легкавым аўтамабілі ў пэўны мікрараён, пасля група раздзялялася. Прыкмеціўшы патэнцыйную ахвяру, да яе падыходзіў малады хлопец і вельмі культурна і ветліва пачынаў гаворку. Ён прадстаўляўся экскаватаршчыкам, які выкапаў скарб на будоўлі. Але, маўляў, паколькі ён замежнік, то не ведае мясцовых парадкаў і прапануе адправіцца ў ламбард ці пункт па скупцы золата, каб праверыць наяўнасць каштоўнага металу. І калі так, то ўступіць за адпаведную цану. Залішне казаць, што перад праверкай лёгкім рухам рукі з кішэні даставалася сапраўдная манета. Спецыялісты пацвярджалі: так, тут сапраўды ёсць золата або серабро. Такім жа лёгкім рухам рукі гэтая манета коштам некалькі соцень рублёў пасля мянялася на падробку, візуальна ідэнтычную натуральнай, цана якой — не больш за тры рублі. І быў выпадак, калі злачынец нават праводзіў дадому аднаго пенсіянера, які выграб усе назапашаныя дома грошы і яшчэ тэлефанаваў жонцы, каб яна далажыла свае зберажэнні.

Падобныя злачынствы даволі моцна расцягнуты ў часе. Падман выкрываецца праз некалькі тыдняў ці месяцаў, калі адведаць падманутага старога прыязджаюць яго родныя. На радасцях чалавек паказвае — маўляў, глядзіце, якую добрую і каштоўную рэч я купіў! І толькі пасля яму тлумачаць, што насамрэч на ім добра зарабілі... Часавы фактар мае і іншы, на першы погляд, нечаканы аспект.

— З'яўленне такіх людзей у вас у доме не заўжды азначае, што проста зараз у дачыненні да вас будзе здзейснена злачынства, — кажа суразмоўнік. — Але магчыма, што вашу кватэру або прыватны дом ужо сканіруюць пільным вокам разведчыка, каб зразумець, наколькі заможна вы жывяце. І не выключана, што да вас наведаюцца яшчэ раз, але калі вас дома ўжо не будзе...

Тут трэба разумець, што, запускаючы ў сваё жытло незнаёмага чалавека, які можа прадставіцца кім заўгодна, хоць работнікам сацыяльнай службы, вы ўжо рызыкуеце пазбавіцца нейкіх грошай або каштоўных рэчаў. Заходзячы ў кватэру, яе гаспадара спрабуюць адвесці на кухню і там пачаць з ім гутарку. Але ўваходныя дзверы ў гэты момант застаюцца незачыненыя! Яшчэ некалькі злачынцаў пранікаюць у кватэру і пачынаюць даследаваць жылыя пакоі. Усё, што знаходзіцца каштоўнага, — забіраюць сабе. А паколькі ніхто штогадзіны не правярае, дзе ляжаць каштоўныя рэчы ці грошы, то і па гарачых слядах затрымаць зладзеяў немагчыма.

— Як правіла, злачынцу няважна, які склад злачынства ён зараз здзяйсняе, — працягвае суразмоўнік. — Былі ў нас выпадкі, калі ў чалавека проста вырывалі скрутак з грашыма і збягалі.

Як жа засцерагчыся ад такіх выпадкаў? Элементарна, як казаў Шэрлак Холмс.

— Проста не адчыняйце дзверы незнаёмым і памятайце, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы, — раіць Васіль Шупляк. — Мы заўважылі, што людзі да 40 гадоў пападаюцца на вудачку салодкагалосых ашуканцаў вельмі і вельмі рэдка. Пэўна, яны ў гэтым сэнсе больш асцярожныя. Калі ж візіцёр прадстаўляецца супрацоўнікам нейкай службы, то патэлефануйце ў яе і папрасіце запрасіць да апарата чалавека, чыё прозвішча назваў нечаканы госць. Калі на месцы яго няма — распытайце, ці сапраўды да вас ён пайшоў на абыход. Такія меры залішнімі дакладна не будуць. Саромецца іх не трэба — памылка з вашага боку можа каштаваць вельмі дорага.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Грамадства

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра.

Грамадства

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Без мiлiцыi мы нiяк», — рэзюмаваў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з мiнiстрам унутраных спраў Юрыем Караевым, маючы на ўвазе сiтуацыю з каранавiрусам. 

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.