Вы тут

Дэпутат Сяргей Краўцоў плануе стварыць мабільны дадатак для камунікацыі з насельніцтвам анлайн


Дагледжанай тэрыторыяй і парадкам, які пануе ў акрузе, сустракае ўсіх Гомельская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Акадэміі навук Беларусі, што ў Доўску Рагачоўскага раёна. Апошні дзясятак гадоў яе кіраўніком быў Сяргей Краўцоў. Тут ён прайшоў шлях ад агранома да кандыдата сельскагаспадарчых навук, дацэнта. Ураджэнец невялікай вёскі Сычман, што на мяжы Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў, атрымаў тры вышэйшыя адукацыі. Зусім нядаўна Сяргея Уладзіміравіча абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу сёмага склікання, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы.


Да сферы яго адказнасці — Рагачоўскай выбарчай акругі № 45 — адносяцца Рагачоўскі, Кармянскі раёны, а таксама шэсць сельсаветаў Жлобінскага раёна. Свае галасы за тое, каб Сяргей Краўцоў стаў дэпутатам, тут аддалі 75 працэнтаў выбаршчыкаў. Такі давер да многага абавязвае.

Сяргей Уладзіміравіч вядомы тым, што заўсёды ўкараняе у работу найноўшыя тэхналогіі. У многім дзякуючы гэтаму сельгаспрадпрыемства пад яго кіраўніцтвам стала адным з самых паспяховых на Гомельшчыне:

— Больш за 20 гадоў свайго жыцця я аддаў сельскай гаспадарцы. Гэты вопыт работы цяпер неацэнны для мяне як для намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. Зараз мы рыхтуемся прыняць у другім чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змен у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі».

Тут варта сказаць і аб прадпрыемстве, якім доўгі час кіраваў новаабраны дэпутат. У калектыве доследнай станцыі цяпер 100 чалавек. Навукоўцы праводзяць селекцыю збожжавых, выводзяць новыя сарты. Найлепшыя з іх потым прадаюцца гаспадаркам вобласці і краіны.

— Наша высокатэхналагічная лінія па дапрацоўцы насення — адзіная ў сваім родзе ў Беларусі, — расказвае Сяргей Краўцоў. — За 11-12 гадзін ачышчаецца да 100 тон збожжа. Ручной працы няма наогул.

Сельскагаспадарчая доследная станцыя актыўна працуе і на экспарт. У мерыстэмнай лабараторыі прадпрыемства штогод вырабляюць да 120 тысяч адзінак прабірачных раслін аздароўленага матэрыялу бульбы. Гэта без уліку пладовых культур, якія таксама вырошчваюцца ў лабараторыі як самы чысты пасадачны прадукт.

— Мы выйшлі на высокі ўзровень і ў пладаводстве: прадаём 100 тысяч саджанцаў толькі семечкавых культур, яблынь. Іх у нас 76 сартоў. Усе прадстаўлены ў калекцыйным садзе.

Разам з тым доследная станцыя, якая амаль 100 гадоў таму была заснаваная з мэтай селекцыі злакавых траў, працягвае развіваць і гэты кірунак. Тут пабудавалі адзіную ў краіне лінію па дапрацоўцы і ачыстцы траў. Чатыры гады таму ў Доўску ачысцілі і зарыбілі мясцовыя азёры, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Цяпер у гаспадарцы назіраюць выдатны эканамічны эфект і ад праекта па вырошчванні азёрнай рыбы.

У сувязі з пераходам на дэпутацкую пасаду Сяргей Краўцоў нядаўна пакінуў крэсла кіраўніка прадпрыемства. Але ж дагэтуль працягвае дапамагаць парадамі пераемніку. Дэпутат гаворыць пра тое, што народны выбраннік не павінен быць для людзей «па-за зонай доступу». Трэба не завязнуць у кабінетнай рабоце, на афіцыйных нарадах, а сумяшчаць актыўную дзейнасць па заканатворчасці і дапамогу ў вырашэнні праблем людзей. Важна выпрацаваць новую сістэму камунікацый паміж грамадзянамі і мясцовай уладай. Таму штодзень ідзе работа на месцах са зваротамі грамадзян.

— Як я і абяцаў падчас перадвыбарчай кампаніі, мой план — цалкам змяніць падыход да зносін з насельніцтвам. Я і мая каманда працуем над тым, каб у рэжыме анлайн з дапамогай мабільнай праграмы можна было задаваць любое пытанне і атрымліваць адказ за некалькі гадзін. У сацыяльных сетках ужо адкрыты мае афіцыйныя старонкі. Карыстальнікі мабільных дэвайсаў змогуць накіроўваць запыты праз мабільную праграму «Краўцоў onlіne». Акрамя таго, штотыдзень мае прадстаўнікі, а таксама адказныя асобы будуць праводзіць прамыя лініі з насельніцтвам і адказваць на пытанні ў рэжыме анлайн. Магу адзначыць: у маёй акрузе неабыякавыя і вельмі ініцыятыўныя жыхары.

Сяргей Краўцоў кажа, што справаздача аб праведзенай рабоце будзе публікавацца ў інтэрнэце штомесяц. І дадае: у гэтым кірунку трэба працаваць толькі ў цесным узаемадзеянні з органамі мясцовай улады.

Цяпер вызначаны месцы прыёмаў грамадзян у розных населеных пунктах. Людзі актыўна звяртаюцца як са звычайнымі жыццёвымі праблемамі ці скаргамі на недапрацоўкі камунальных службаў, так і з калектыўнымі абгрунтаванымі прапановамі таго ці іншага новаўвядзення.

Сумяшчаць работу з людзьмі на месцах і плённа працаваць як намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы даволі складана, кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

— Лічу, што вельмі важныя дапамога каманды, удзел саміх грамадзян-актывістаў, а таксама падтрымка органаў мясцовай улады. Мая мара — зрабіць «Лічбавы горад». Гэта так званы электронны ўрад, у якім будуць магчымыя анлайн-аплата паслуг, падача заяў, запіс да спецыялістаў, сацыяльныя групы ў месенджарах, стварэнне актыўнай раённай медыясуполкі, дзе будуць падымацца і абмяркоўвацца самыя розныя пытанні.

У 2013 годзе старшыня прэзідыума НАН уручыў Сяргею Краўцову падзяку за дасягненні ў сферы сельскай гаспадаркі. У 2017 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Мінсельгасхарча, у 2018-м — памятным знакам НАН Беларусі і медалём «За працоўныя заслугі». Акрамя таго, у 2017-м намінаваны да ўзнагароджання вышэйшым ордэнам грамадскага прызнання «Ганаровы грамадзянін Еўразійскага саюза дзяржаў» за асабісты ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё падначаленага яму сельгаспрадпрыемства.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дэпутат у рэжыме onlіne

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?

Спорт

Чэмпiёнка свету па рукапашным баі Вольга Камарова: Сiлавыя здольнасцi — толькi ў спорце

Чэмпiёнка свету па рукапашным баі Вольга Камарова: Сiлавыя здольнасцi — толькi ў спорце

Гераiня лiчыць, што любыя перамогi або няўдачы залежаць ад нас самiх i ад веры ў сябе.