Вы тут

Белстат агучыў першыя дадзеныя перапісу: нас больш за 9,4 млн


 

«У нас было чатыры Алы Пугачовы»

Сярод спонсараў перапісу-2019 — прадпрыемствы, футбалісты і айцішнікі

Колькасць жыхароў Беларусі (на 4 кастрычніка 2019) скарацілася да 9 413 446 чалавек. Гэта прыкладна на 41 тысячу менш, чым па папярэднім уліку. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь прадставіў першыя даныя перапісу насельніцтва, які праходзіў з 4 да 30 кастрычніка мінулага года.

 «Асноўная прычына (скарачэння — «Зв.») — знешняя міграцыя. Гэта датычыцца тых асоб, якія больш за год працуюць за мяжой. І адпаведна яны выязджаюць з сем'ямі», — паведаміла Іна МЯДЗВЕДЗЕВА, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Назіраецца ў Беларусі і натуральнае змяншэнне насельніцтва.

У гендарным складніку лідзіруюць жанчыны. Асобы прыгожага полу складаюць амаль 54 працэнты.

Горад Мінск упэўнена пераадолеў двухмільённы рубеж па колькасці жыхароў, дадала насельніцтва і Мінская вобласць. З усёй краіны прыраслі толькі гэтыя два рэгіёны. Больш і больш беларусаў жадаюць стаць сталічнымі жыхарамі. Прычыны зразумелыя — едуць туды, дзе большыя заробкі, прывабныя ўмовы пражывання.

Дарэчы, гараджане складаюць 77,5 працэнта жыхароў краіны, астатнія — сяляне. «Фактычна сёння ідзе рух у бок раёнаў, якія прылягаюць да абласных гарадоў, — падкрэсліла Іна Мядзведзева. — Людзі пераязджаюць жыць ці працаваць з горада ў сельскую мясцовасць. Калі глядзець па Мінскаму раёну, мы разумеем, што тыя ж Копішча, Бараўляны — гэта фактычна горад».

Упершыню перапіс насельніцтва праводзіўся на прасторы СНД без папяровых носьбітаў. Прайсці апытанне можна было трыма шляхамі: праз інтэрнэт, на стацыянарных, мабільных участках і на даму. Усяго паўдзельнічалі ў перапісе 95 працэнтаў жыхароў. З іх 22 працэнты выкарысталі інтэрнэт-платформу, 28 выбралі стацыянарны або мабільны ўчастак, 48 працэнтаў апыталі на даму, два працэнты адмовіліся ад перапісу.

«Што датычыцца тых, хто адмовіўся, асоб, якіх не засталі дома, паводле міжнародных стандартаў інфармацыя аб дадзеных асобах бярэцца з адміністрацыйных крыніц», — сказала старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Падыходы, якія выкарыстоўваліся падчас перапісу, добра сябе зарэкамендавалі і карыстаюцца попытам у замежных калег-сацыёлагаў з Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, а ўпраўленне нацыянальнай статыстыкі Вялікабрытаніі запытала ў беларусаў інтэрфейс інтэрнэт-перапісу.

Паводле праграмнага забеспячэння перапісацца некалькі разоў немагчыма, нават пэўныя памылкі з узростам выпраўляліся. «У нас было чатыры Алы Барысаўны Пугачовы. Зразумела, што мы іх вычышчалі. У нас было каля 100 чалавек з узростам у 121 год. Мы гэтаму не верым і падымалі па рэгістры насельніцтва кожнага чалавека, які перапісаўся. Аказалася, што людзі рабілі памылкі, — удакладніла старшыня Белстата. — Хтосьці прыдумваў нешта ад сябе. Па гучанні нейкіх прозвішчаў, імён, імён па бацьку мы разумелі, што такога не можа быць, гэта выдумка. І мы такія рэчы выдалялі».

Па папярэдніх даных, падчас перапісу на аднаго чалавека патрацілі 57 цэнтаў у эквіваленце. У апытанні 2009 года гэта сума склала 1 долар 53 цэнты. Прычым сродкі з рэспубліканскага бюджэту сярод затрачаных — толькі 28 працэнтаў. Астатнюю суму выдаткавалі спонсары, сярод якіх Парк высокіх тэхналогій, Беларуская калійная кампанія, Сусветны банк, Мінскі трактарны завод і нават уладальнік брэсцкага «Дынама».

Пасля першага верасня Белстат апублікуе больш падрабязную інфармацыю па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках насельніцтва.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.