Вы тут

Якіх прэферэнцый чакаюць маладыя кадры АПК


Згодна з апытаннем, якое правялі ў Гродзенскай вобласці, каля 9 % школьнікаў збіраюцца звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. А калі б прымалі ў аграрны ўніверсітэт без экзаменаў, вучыцца пайшлі б 26 % апытаных. Астатніх палохаюць цяжкія ўмовы працы, нізкая зарплата, вясковае жыццё і нават непрэстыжнасць прафесіі.

Як забяспечыць адну з самых важных сфер нашай эканомікі кадрамі? Аб гэтым разважалі ў фармаце «круглага стала» прадстаўнікі ўлады, навукоўцы і сельгасвытворцы. Сустрэча праходзіла з удзелам памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча.


Курс на «мэтавікоў»

У Гродзенскай вобласці кадры для АПК рыхтуюць чатыры каледжы і аграрны ўніверсітэт. Менавіта з вышэйшай установы выйшла 67 % кіраўнікоў і спецыялістаў рэгіёна. У асноўным тут вучацца жыхары вобласці, але ёсць і невялікі працэнт прыезджых, у асноўным з Брэсцкай вобласці.

— Цяпер не толькі ў нас, але і ў іншых краінах зніжаецца колькасць сельскага насельніцтва. І многія гаспадаркі сутыкаюцца з праблемай забеспячэння кадрамі. Для нас рашэнне гэтага пытання асабліва важна, бо зямля і людзі — наша галоўная каштоўнасць, — падкрэсліў Іван Лаўрыновіч.

Здаецца, спецыялістаў рыхтуюць нямала. Кожны год — амаль паўтары тысячы студэнтаў розных формаў навучання. Усе бюджэтнікі, як правіла, раз'язджаюцца па размеркаванні. Пры гэтым нямала маладых людзей едзе працаваць бліжэй да дома, у свой раён. Але аказваецца, што многія раёны амаль не маюць «сваіх» выпускнікоў. Зразумела, што і ехаць у раён няма каму. Таму размяркоўваюць «чужых», але многія, як вядома, не затрымліваюцца надоўга.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс прывёў такія факты: з выпускнікоў, якія былі размеркаваны ў 2015 годзе, на першым працоўным месцы засталася толькі траціна. Праз год лічба крыху вырасла, а яшчэ праз год замацавалася на ўзроўні 50 %. Гэта тыя выпускнікі, якія ўжо адпрацавалі два гады і засталіся надалей.

Здаецца, што кадравае забеспячэнне толькі расце. Але не варта забываць і пра адток спецыялістаў. Летась гэтая лічба ў рэгіёне дасягнула васьмі тысяч чалавек. Цяпер, напрыклад, ёсць вакансіі галоўных аграномаў, ветэрынараў, трактарыстаў і нават восем вакансій кіраўнікоў гаспадарак.

Таму маладыя спецыялісты вельмі патрэбны. Вось чаму важна, каб такія сельскагаспадарчыя раёны, як Карэліцкі, Іўеўскі, Зэльвенскі і іншыя, накіроўвалі на вучобу не аднаго-двух жыхароў раёна, а столькі, колькі патрэбна для работы ў мясцовых гаспадарках. Увогуле, як адзначыў рэктар універсітэта, 60 % бюджэтнікаў павінны вучыцца па мэтавым накіраванні. Пакуль такога няма.

Стаўка на камфорт і зарплату

Многія спецыялісты развітваюцца з сельскай гаспадаркай на другім этапе аграрнай лесвіцы — пасля вучобы. Яны прыехалі ў гаспадарку, папрацавалі, сутыкнуліся з рэальнай працай і... не вытрымалі. Такіх нямала.

А між тым кіраўнікі гаспадарак сцвярджаюць, што ствараюць для іх спрыяльныя ўмовы. Па словах старшыні СВК «Сынкавічы» Зэльвенскага раёна Дзмітрыя Дзяшко, зарплата ў гаспадарцы добрая — 1030 рублёў, у заатэхніі — 1300—1500 рублёў. Асобная ўвага ўдзяляецца вольнаму часу работнікаў. З дапамогай гаспадаркі ў мясцовай школе абсталявана трэнажорная зала. Працуе валейбольная секцыя, штогод праводзяцца турніры. Па жаданні арганізуюцца экскурсіі.

На тэрыторыі гаспадаркі працуюць дзве сталоўкі. Работнікі плацяць толькі палову кошту, такім чынам паўнавартасны абед абыходзіцца ў паўтары рублі. Для маладых спецыялістаў ёсць пакоі ў двухкватэрным доме. Цяпер у гаспадарцы чакаюць двух «мэтавікоў», якія праходзяць службу ў арміі. Між тым патрэба ў кадрах тут існуе, палова накіраваных у гаспадарку спецыялістаў з'язджае.

А вось у СВК імя Сянько Гродзенскага раёна патрэбы ў кадрах не існуе. Як расказаў старшыня гаспадаркі Валерый Шумель, за пяць гадоў з 12 выпускнікоў аграрнага ўніверсітэта звольніліся толькі два.

Сёння паўстае пытанне мэтавага навучання. Кіраўнік не бачыць сэнсу ў «мэтавіках» для моцных гаспадарак. Бо дагавор з абавязковым прыёмам на працу заключаецца на пяць год. Часта бывае, што выпускнік прыходзіць, а вакансіі няма. Скасаваць дагавор без згоды маладога спецыяліста немагчыма.

— У нас быў такі прэцэдэнт, — кажа Валерый Шумель. — Прыйшлі адразу тры «мэтавікі». Каб усіх замацаваць, прыйшлося ствараць дадатковыя пасады. Мала таго, праз тры месяцы яны ідуць у армію. Што рабіць з новымі вакансіямі? Зноў ліквідаваць? Таму апошнім часам мы не практыкуем такія доўгатэрміновыя дагаворы. Для нас самы спрыяльны варыянт — тыя студэнты, якія былі на практыцы, добра сябе паказалі і маюць жаданне працаваць у гаспадарцы.

Але бяруць далёка не кожнага. У асноўным тых, хто мае высокі бал. І гэта зразумела. Гаспадарка — адна з самых моцных у рэгіёне, сярэдняя зарплата амаль 1300 рублёў. Галоўныя спецыялісты атрымліваюць 2300 рублёў, сярэдняга звяна — 1,5 тысячы. Гаспадарка пастаянна будуецца. Вось і сёлета тут уводзіцца 16-кватэрны дом, дзе палова адведзена спецыялістам. Ёсць даволі значны сацыяльны пакет. Тыя, хто адпрацаваў тры гады, становяцца членамі калгаса. А гэта і 13-я зарплата, і магчымасць выкупіць жыллё...

Увогуле, цэнтр гаспадаркі — аграгарадок Абухава — уключаны ў дзяржаўны спіс «вёска будучага». Зразумела, што ў такіх гаспадарках, дзе ўмовы жыцця набліжаны да гарадскіх, працаваць не толькі выгадна, але і прэстыжна. Але стварыць такія ўмовы — задача не толькі аграрыяў.

У гонцы за вышэйшай адукацыяй?

Адток работнікаў і маладых спецыялістаў з гаспадарак абумоўлены яшчэ і слабой матывацыяй саміх студэнтаў. Не сакрэт, што многія паступаюць у ВНУ таму, што тут невысокі конкурс. Затое ёсць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Такая сітуацыя непакоіць вопытных аграрыяў, якія памятаюць, праз які конкурсны адбор ім прыйшлося прайсці, каб трапіць у сельскагаспадарчы інстытут (статус універсітэта атрыманы ў 2005 годзе).

Менавіта такую прычыну бачыць у нізкай замацаванасці маладых спецыялістаў старшыня СВК «Негневічы» Навагрудскага раёна Юрый Куцко. На яго думку, цяпер атрымаць вышэйшую адукацыю нескладана. І сапраўды. Конкурс у аграрны ўніверсітэт невысокі, асабліва на агранамічным і заатэхнічным факультэтах, якія складаюць аснову сельскагаспадарчай вытворчасці. Можна сказаць, што конкурс наогул адсутнічае, бо складае 1,2 чалавекі на месца.

— У нашай гаспадарцы за тры гады звольнілася шэсць маладых спецыялістаў з дзесяці. Здаецца, і зарплата добрая — больш за тысячу рублёў, і жыллём забяспечаны, а сыходзяць, — канстатуе Юрый Куцко. — Калі я паразмаўляў з імі, упэўніўся, што яны наогул не збіраюцца працаваць у гэтай галіне, а паступалі, каб мець дыплом. Гэта выпадковыя людзі. Таму трэба больш шчыльна весці адбор, кіравацца матываванымі студэнтамі.

Паступілі прапановы і з боку кіраўнікоў перапрацоўчых прадпрыемстваў. На іх думку, пры падрыхтоўцы студэнтаў варта звярнуць больш увагі на маркетынг. Цяпер вельмі важна ўмець прадаць сваю прадукцыю. А ВНУ якраз і рыхтуе спецыялістаў у галіне перапрацоўкі. Таксама важна, каб спецыялісты разбіраліся ў заканадаўстве па дзяржаўных закупках. Цяпер у праграме няма асноў права, іх замянілі вывучэннем антыкарупцыйнага заканадаўства.

Вайсковы бар'ер

Яго даводзіцца пераадольваць і маладым спецыялістам, і гаспадаркам, куды яны накіраваны. Асабліва гэта датычыцца ветэрынарных спецыялістаў як найбольш запатрабаваных. Толькі яны ўцягнуліся ў працоўную дзейнасць, наладзілі працэс, як мусяць ісці ў армію. А праз год зноў трэба пачынаць амаль што з нуля, выказваюцца прадстаўнікі гаспадарак.

Таму некаторыя калгасы, каб не браць будучых вайскоўцаў, да таго ж яшчэ і без стажу работы, пераманьваюць спецыялістаў з суседніх альбо іншых гаспадарак. Так адбываецца таму, што кіраўнік не заўсёды ўпэўнены, што ўчарашні выпускнік застанецца пасля адпрацоўкі, у той час калі спецыяліст са стажам ужо вызначыўся з работай. На думку кіраўнікоў гаспадарак, добрым выйсцем могуць стаць служба ў рэзерве і адпрацоўка не два гады, а пяць, як пакуль гэта робяць «мэтавікі». Ёсць шанс, што за гэты час малады спецыяліст замацуецца на сваім месцы і не збяжыць, напрыклад, у камерцыйныя структуры, як гэта часта цяпер здараецца.

Дарэчы, для тых, хто адслужыў у арміі, ужо прадугледжаны і пэўныя прэферэнцыі ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта. Напрыклад, дэмабілізаваныя вайскоўцы маюць дадатковыя льготы для падрыхтоўкі пры паступленні ў навучальныя ўстановы, а таксама прыярытэт у выбары месца працы пры размеркаванні.

Што да паступлення ў ВНУ без экзаменаў — гэта рэальная перспектыва і яна будзе датычыцца выпускнікоў аграрных класаў. Такі мемарандум рыхтуецца. Выпускнікі змогуць стаць студэнтамі ВНУ па выніках суразмовы. Аб гэтым паведаміў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч.

Аграрныя класы — рэзерв ВНУ і каледжаў

Сёлета ў вобласці адбудзецца першы выпуск агракласаў. Усяго 215 чалавек. Яны ёсць у кожным раёне. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Абрамчыка, вобласць лідзіруе ў краіне па колькасці агракласаў і па падыходах навучання.

Цяпер вядзецца работа па заключэнні мэтавых дагавораў на іх вучобу ў аграрным універсітэце, каб уцягнуць у гэты працэс як мага больш выпускнікоў.

Што такое аграрны клас? Гэта факультатыўныя групы 10—11-класнікаў, якія вывучаюць на працягу 140 гадзін увядзенне ў аграрныя прафесіі. Праграма, якая распрацавана спецыялістамі вядучых аграрных вышэйшых навучальных устаноў краіны, не толькі знаёміць са структурай вытворчасці, арганізацыі АПК, але і дае ўяўленне аб тэхнічным прагрэсе ў сельскай гаспадарцы, маштабах і перспектывах трансгенных тэхналогій.

Патрабаванні для вучняў наступныя — сярэдні бал не ніжэй пяці, а па профільных прадметах — не ніжэй шасці. Ёсць класы, куды залічваюць і з большым сярэднім балам.

У сувязі з гэтым хачу прыгадаць сустрэчу з прадстаўнікамі агракласа Ражанкаўскай сярэдняй школы падчас нядаўняга наведвання Шчучынскага раёна. Намеснік дырэктара Аксана Дашкевіч расказала, што ў іх агракласах сярэдні бал не ніжэй сямі. Усяго ў класе дзевяць вучняў, з іх большасць будзе паступаць у ГДАУ. Мясцовая гаспадарка гатова даць мэтавае накіраванне і плаціць стыпендыі. Вучні маюць добрае ўяўленне аб будучай працы, часта бываюць у гаспадарцы ва ўсіх яе падраздзяленнях. Нядаўна тут пабудавалі два дамы для маладых спецыялістаў. Вучаніца агракласа Анжэла Жвірбля збіраецца стаць інжэнерам-тэхнолагам. Менавіта стварэнне такога класа і больш цеснае знаёмства з будучай прафесіяй умацавалі яе ў гэтым выбары, хоць раней яна думала стаць юрыстам.

Дарэчы, звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай гатовы 8,6 % гродзенскіх школьнікаў. Сацыялагічнае апытанне было праведзена сярод адной тысячы старшакласнікаў. Пераважная большасць — амаль 40 % — бачыць сябе ў педагагічнай працы, 20 % — у медыцыне і столькі ж у сферы ІT-тэхналогій. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандра Вярсоцкага, які агучыў вынікі апытання, працэнт будучых аграрыяў не такі і нізкі. У краінах Еўропы ён складае 5 %. Галоўнае, каб з гэтай аўдыторыяй старанна працавалі.

Апытанне закранула і маладых спецыялістаў. Амаль палова з іх адказалі, што іх праца адпавядае таму, чаго яны чакалі ад працоўнага месца. А тыя, хто расчараваўся ў прафесіі, сярод прычын назвалі нізкую зарплату, слабую інфраструктуру населенага пункта і арганізацыю вольнага часу, а таксама цяжкую працу. Што датычыцца заробкаў, 43 % рэспандэнтаў жадалі б мець зарплату ад 500 да тысячы рублёў, другая палова — ад тысячы да 1,5 тысячы рублёў і 8 % — звыш 1,5 тысячы рублёў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з сайта ГрДУ

Загаловак у газеце: На агранома — без экзаменаў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi партызанскiх атрадаў удзялялi вялiкую ўвагу адпачынку i вольнаму часу партызан.