Вы тут

У Гомелі парадзіху даставілі ў раддом супрацоўнікі ДАІ


Пад мігалкі нечаканага ганаровага эскорту гамяльчанку, якая ледзь не нарадзіла дзіця ва ўласнай машыне, у лічаныя хвіліны правялі да радзільні. У Гомелі інспектары ДАІ своечасова прыйшлі на дапамогу маладой сямейнай пары, а пасля прыехалі ў бальніцу на выпіску нованароджанай.


Фо­та прэс-служ­бы ДАІ УУС Го­мель­ска­га абл­вы­кан­ка­ма.

Маленькая гамяльчанка вырашыла з'явіцца на свет крыху раней за спрагназаваны тэрмін і прымусіла бацькоў пахвалявацца. Раніцай маладая мама падняла мужа па трывозе: тэрмінова ў радзільню! Вырашылі не чакаць «хуткай» і дабірацца на сваёй машыне.

— Было 5-6 гадзін раніцы. Заўважылі аўтамабіль, які дзіўна паводзіў сябе на дарозе, — успамінаюць здарэнне інспектары батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ Дзмітрый Васіленка і Яраслаў Дзегцяроў. — Ён паскараўся і рэзка абганяў. Не ўсюды яшчэ гарэлі святлафоры, кіроўца мог не заўважыць пешаходаў, таму вырашылі дагнаць аўтамабіль і праверыць, у чым справа.

Спынілі легкавушку, ацанілі далікатнасць сітуацыі і, уключыўшы пробліскавыя маячкі і гукавы сігнал, аператыўна даставілі маладую маму ў бальніцу.

— Мы спачатку спалохаліся, калі нас спыніла ДАІ, але потым вельмі ўзрадаваліся, бо супрацоўнікі ДАІ дапамаглі дабрацца хутка і бяспечна, а праз некалькі гадзін на свет з'явілася наша дачка, — з удзячнасцю за хэпі-энд кажа Вераніка Серакова.

Увогуле яе дачка — апошнім часам галоўны ньюсмейкер радзільні. На выпіску да дзяўчынкі з падарункамі і віншаваннямі прыехаў экіпаж ДАІ. Тыя самыя інспектары. Дарэчы, маладыя бацькі вырашылі назваць малую Васіліса. Гэты варыянт імя разглядалі і раней, але вагаліся, пакуль не даведаліся прозвішча інспектара Дзмітрыя Васіленкі, які так перажываў за нованароджаную. Вырашылі — гэта знак!

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Можа, хросным паклічуць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».