Вы тут

Тата ў дэкрэтным адпачынку: Які ж гэта адпачынак? Гэта цяжкая, штодзённая, аднатыпная праца


Герой артыкула Аляксандр (імя зменена) прызнаўся, што час, праведзены ў дэкрэтным адпачынку, змяніў яго погляд на «традыцыйна жаночую» працу кардынальна. Шмат мужчын проста не заўважаюць яе і часта бачаць толькі вынікі клопату аб доме, дзіцяці ці ўвогуле ўяўляюць, што агеньчык ў «сямейным ачагу» гарыць сам па сабе. Тое, што цяпло гэтага агеньчыка падтрымліваць вельмі складана, многія мужчыны нават не здагадваюцца.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Калі мы сустрэліся з Аляксандрам, ён сказаў, што вельмі шчаслівы, бо ў яго добрая клапатлівая жонка, якая кожны дзень падтрымлівала яго намаганні, і цудоўная дачка, якая расце на яго вачах і радуе. Ён адчуў на сабе ўсе радасці «адпачынку па доглядзе за дзіцем», і таму ўпэўнены, што, каб зразумець жанчыну, мужчыне патрэбна хоць бы паўгода пабыць у такім водпуску.

Калі жонка Аляксандра нарадзіла, то менавіта яна і пайшла ў дэкрэтны водпуск. Жылі, як звычайная сям'я, якіх у Брэсце сотні, і ніхто з іх і падумаць не мог, што хутка ўсё зменіцца.

Праз паўгода пасля нараджэння дачкі Сонечкі жонцы Алякандра патэлефанавалі знаёмыя, якім патрэбны быў работнік, і прапанавалі жанчыне заробак у два з паловай разы больш, чым быў у мужа.

— Спачатку мы разгубіліся,— успамінае Саша. — Але такі шанц упускаць не хацелася. Жонка тады ці то жартам, ці то ў сур'ёз спытала: маўляў, пойдзеш у дэкрэтны? А я адказаў: «Чаму не!». Потым, канешне, задні ход няёмка было даваць. Паабяцаў — трэба выконваць. Прызнацца, я ўвогуле тады не разумеў, на што падпісаўся.

Лёгка не будзе

— Не хочацца ўспамінаць першыя дні, — гаворыць Аляксандр. — Калі разам з жонкай глядзіш за дзіцем у якасці «прынясі, падай, падыдзі», падаецца, што ўсе лёгка. Ну што там можа быць цяжкага? Наліў малачка ў бутэлечку, падагрэў, даў дзіцяці, памяняў памперс і ўсё — ідзі сваімі справамі займайся. Але на самай справе я проста быў не гатовы да такога аб'ему абавязкаў. Яшчэ пашанцавала, што гатаваць умею.

Так у першы дзень свайго «дэкрэтнага адпачынку» Саша вырашыў здзівіць жонку і прыгатаваць ёй вячэру. Яму здавалася, што такім чынам ён яе трошкі супакоіць, каб яна там, на працы, не хвалявалася за яго з дачкой.

— Памятаю, Сонечка плача, значыць, трэба яе пакарміць. Пачаў варыць кашу. І раптам да мяне даходзіць, што, магчыма, ёй лепей зараз памперс памяняць, можа, яна таму і плача. Кінуўся мяняць, успомніў пра бялізну, якую трэба закінуць у пральную машыну. Ну, думаю, можа пазней. Але ж я яшчэ і тое-сёе паставіў на пліту. Адчуваю — нешта падгарае. Бягу на кухню, каб выратаваць кашу і вячэру, малая лямантуе... Тут тэлефонны званок — цешча на тым канцы провада заклапочана пытаецца, як я спраўляюся... Не ведаю, як у такой сітуацыі можна застацца спакойным. Калі жонка прыйшла, яна ўбачыла разгубленага і стомленага мужчыну...

Саша ў той дзень усвядоміў, што лёгкага адпачынку не будзе. Ён вырашыў выпрацаваць для сябе нейкую сістэму, каб усё паспяваць і не расчараваць сваіх жанчын. На дасягненне мэты пайшло каля двух месяцаў. Прыкладна праз такі тэрмін мужчыну ўдалося зрабіць усё задуманае.

— Я ўжо на ўзроўні падсвядомасці адпрацаваў, дзе і што мне рабіць у пэўны момант. Напрыклад, бутэлька для малака стаіць на стальніцы і тут жа побач соска, адразу стаўлю кашу варыць, а ў халадзільніку на другой паліцы зверху стаіць малако... Я вывучыў, што і дзе ляжыць, зрабіў усе так, каб неабходнае было пад рукой, давёў усе свае дзеянні да аўтаматызму.

Паспаць нармальна атрымалася толькі ў першыя дні дэкрэту. Пасля прыходу жонкі з працы ён проста ўмомант засынаў ад стрэсу і стомленасці. Але хутка прыйшоў іншы стан. Калі быццам бы ты спіш, але пры гэтым адчуваеш нейкае напружанне.

— Нават калі засынаеш з дачкой днём, то немагчыма пагрузіцца ў сапраўдны расслаблены сон,— гаворыць Саша.— Любы шоргат ці піск — і ты ўскокваеш. Становіцца страшна: а раптам Соня перавярнулася тварам у матрац?

Звычайнае незвычайнае жыццё

Пакуль тата прывыкаў да новай ролі ў сям'і, малая пачала поўзаць. Часу стала менш. Мужчыну прыходзілася ў прамым сэнсе не спускаць з яе вачэй. Адвярнуўся — провад у роце ці цісканне кнопак, спробы праглынуць усё, што трапляе пад руку. Але Сашу ўдалося выпрацаваць рэжым і яны з дачкой пачалі выходзіць на прагулкі, пакуль маці была на працы. Спачатку тата хацеў уліцца ў калектыў жанчын-дэкрэтніц. Нават зрабіў крок насустрач маладым мамам. Але жанчыны яго намаганні прынялі без энтузіязму.

Саша падумаў, што можа, яно і лепш. Таму што ўвагу ад дзіцяці не будуць адцягваць размовы. Падчас прагулкі ён проста хадзіў вакол дома. Калі ж малая пайшла ножкамі, то, вядома, маршрут памяняўся і знаходжанне на вуліцы перастала быць спакойным, як і ў доме ўвогуле.

— Я ніколі не падазраваў, што жыццё дзяцей можа быць такім небяспечным. Адвярнуўся — малая ўпала, зазяваўся — стукнулася аб нешта. Памятаю, панадзілася дачка вычэрпваць пальчыкамі мыльную ваду ў пральнай машыне, а потым аблізваць іх. Прыйшлося кожны раз пасля прання ўсё выціраць насуха. Ці звычайныя паперкі на падлозе... Кінула, ступіла ножкай і тут жа, як па лёдзе, паехала. Канешне, падала і раўла. Сачыў за гэтым пільна, каб ніводнай паперкі не валялася.

...Было шмат смешных і вясёлых момантаў. Аляксандр падрымліваў творчыя парывы сваёй дачкі. Аднойчы затрымаўся ў адным пакоі, але да пачуццяў яго вярнула цішыня ў кватэры. Кінуўся за малой на кухню. А яна малюе «мурал» на паўсцяны васкавымі крэйдамі. Соня так натхнёна і старанна працавала, што тата не рашыўся яе прыпыніць.

Што ў выніку?

Цяпер малая пайшла ў дзіцячы садок. Мужчына ж упэўнены, што новы досвед зламаў шмат яго ўнутраных установак.

— Людзей уводзіць у зман мяккая фармулёка, — гаворыць Алясандр. — Ну што значыць «дэкрэтны адпачынак»? Які ж гэта адпачынак? Гэта цяжкая, штодзённая, аднатыпная праца. Жонка гэта разумела і давала мне магчымасць у суботу займацца сваімі справамі, каб псіхічна хапала сіл вытрымліваць нагрузку. Мне здаецца, што мужчына, які рашыцца пайсці хоць бы на паўгода ў дэкрэтны «адпачынак», ужо не зможа папракнуць сваю жонку, калі яна не паспела нешта зрабіць па гаспадарцы. Ён будзе берагчы яе і даваць магчымасць паспаць, адпачыць, будзе больш чуллівы і адказны. Жанчына ад прыроды ўмее ўтрымліваць у галаве шмат задач адначасова, не толькі ўтрымліваць, але і вырашаць іх так, каб у доме не згасаў сямейны ачаг. Думаю, гэта якасць уласціва жаночаму роду ўвогуле, і да іх таленту трэба ставіцца з вялікай павагай. Мужчыны таксама могуць гэтаму навучыцца, толькі трэба рашыцца на такі незвычайны «адпачынак».

На­тал­ля ТА­ЛІ­ВІН­СКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.