Вы тут

Маладыя назаўсёды


Асобы пісьменнікаў-маладнякоўцаў аб’ядналі даследчыкаў, навуковых супрацоўнікаў, архівістаў, журналістаў, якія сабраліся ў Нацыянальнай бібліятэцы падсумаваць зробленае ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», абмеркаваць планы, вызначыць галоўнае ў далейшай працы. Праект пачаў рэалізоўвацца год таму ў форме выставак, навукова-папулярных публікацый, лекцыйных выступаў, сустрэч, інтэрнэт-партала. Яго мэта — вяртанне імёнаў творцаў у грамадскую свядомасць.


Шахматы Адама Бабарэкі. З фонду Беларускага дзяржыўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

— Вельмі важна бачыць унёсак, які зрабілі маладыя пісьменнікі. Гэта ўзор самаадданай працы ў справе беларускасці, базіс беларускай дзяржаўнасці і беларускай нацыянальнай ідэі, — адзначыў падчас адкрыцця круглага стала дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» Павел Сухарукаў.

На цікавую асаблівасць звярнуў увагу дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў. Ён адзначыў, што летась, калі пачаліся публічныя лекцыі, адначасова ішла іх трансляцыя ў інтэрнэце. І было відаць, што яны карыстаюцца папулярнасцю, аб чым сведчыла вялікая колькасць праглядаў, у тым ліку з-за мяжы.

Для Нацыянальнай бібліятэкі праект пачынаўся з задумы стварыць віртуальны праект для папулярызацыі «Маладняка». Цяпер на сайце бібліятэкі прадстаўлены паўнатэкставыя дакументы: часопісы, альманахі, кніжніца «Маладняка». Дакументы можна спампоўваць, не выходзячы з дому, і карыстацца. Маецца і фотагалерэя (здымкі можна спампоўваць таксама). Кожны з іх расшыфраваны. Фотагалерэя папаўняецца дакументамі з Музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Ёсць на сайце ў адкрытым доступе лекцыі, даследаванні сучасных аўтараў з бібліяграфіяй.

Новы раздзел партала, які быў прэзентаваны падчас круглага стала, прысвечаны 115-годдзю Уладзіміра Хадыкі. У ім прадстаўлена творчасць паэта, літаратуразнаўчая інфармацыя, здымкі, вокладкі кніг і шаржы, гіперспасылка на першую публікацыю.

Да юбілею літаб’яднання «Маладняк» у межах праекта ў Нацыянальнай бібліятэцы была падрыхтавана выстаўка «Маладнякоўскімі крокамі». Прадстаўленыя дакументы і рэчы — з фондаў бібліятэкі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Кампазіцыйна выстаўка складаецца з дзвюх частак: адна з іх прысвечана «Маладняку» — часопісу аб’яднання і іншым выданням слыннай суполкі, другая — персаналіям (юбілеі адзначылі ў 2019 годзе альбо плануецца адсвяткаваць у 2020-м): Паўлюку Трусу, Валерыю Маракову, Міколу Хведаровічу, Адаму Бабарэку, Зінаідзе Бандарынай і некаторым іншым.

Часопіс «Маладняк», які выходзіў з 1923 да 1932 года, прадстаўлены з кожнага года па нумары. Ёсць на вітрыне і легендарны нумар, дзе была змешчана дэкларацыя-адозва «Маладняка» як літаратурнага аб’яднання і фотаздымкі ініцыятараў стварэння суполкі. Можна азнаёміцца з дакументальнымі выданнямі: напрыклад, з білютэнем Пленума цэнтральнага бюро «Маладняк» 1925 года  — адным з першых дакументаў суполкі. На некаторых аўтарскіх зборніках ёсць аўтографы іх аўтараў ці тых, каму належалі кніжачкі. Для многіх з пісьменнікаў гэта былі першыя выданні ў іх жыцці.

— Асобная тэма, якая чакае свайго даследчыка,  — афармленне маладнякоўскіх выданняў,  — упэўнена Таццяна Захарава, загадчык сектара музейнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі. — Малюнкі на вокладках часопісаў маюць рознае аўтарства. Не ўсе мастакі на іх падпісаныя. На пачатку існавання суполкі ілюстрацыі нагадваюць тыя, што былі на выданнях нашаніўскага часу, далей з’яўляецца канструктывісцкі стыль афармлення. Тое ж датычыць і аўтарскіх зборнікаў.

Вандруючы з адной друкаванай старонкі на іншую, з вокладкі на вокладку, не заўсёды думаеш пра тое, што за кожнай з іх стаялі асобы: маладыя людзі, якія былі ў поўным росквіце творчых сіл, любілі і ненавідзелі, пакутавалі ад нераздзеленага кахання альбо стваралі сем’і і ў згодзе гадавалі дзяцей…

Экспазіцыя, дзе прадстаўлены персаналіі пісьменнікаў, расказвае пра гэтыя лёсы. А таксама пра тых, хто быў побач у шчаслівыя часы і ў гадзіны роспачы.

Элегантны кішэнны гадзіннік з рымскімі лічбамі належаў Адаму Бабарэку. Тут жа — яго шыйны гальштук, фота з сям’ёй пісьменніка: на жончыных руках  — маленькая пацешная дачушка ў белай сукеначцы, побач шчаслівага тату абдымае за плячо старэйшая дачка… Жончын пагляд спакойны, разважлівы. А ніжэй  — шахматная дошка з застылымі на ёй фігурамі, быццам гульню безапеляцыйна перапынілі  — аднойчы і назаўсёды… Некалькі фігур у беспарадку ляжаць побач… А крыху вышэй — папка з акуратнымі раўнюткімі аркушамі. У тую ноч, калі прыйшлі арыштоўваць Адама Бабарэку, яго жонка паспела схаваць папку з рукапісамі ў ложак, а наверх палажыла малую, быццам тая спіць. Рызыка апраўдалася: пры вобыску да дзіцяці не палезлі… Потым гэтую папку як найдаражэйшую рэліквію верная жонка прывезла мужу ў ссылку…

А вось здымак маладога Міхася Лынькова: твар — у паўабароту, ссунутая на патыліцу адмысловая кепка, а позірк адлюстроўвае здзіўленне, быццам перад ім толькі што матэрыялізаваўся нейкі прыдуманы персанаж… «Іларыю на памяць. Але каб не паказваў нікому, бо вельмі ўжо выглядаю не зусім што…» — сведчыць аўтограф на паштоўцы, якая, відаць, мелася быць адпраўленай сябру разам з фота. Як жа гэта тыпова, па-чалавечы: вечна сумнявацца, вярэдзіць душу думкамі аб уласнай недасканаласці…

Але несумненна тое, што і жыццём, і смерцю, для многіх заўчаснай, маладнякоўцы паўплывалі на літаратурнае жыццё Беларусі ўсяго ХХ стагоддзя і працягваюць уплываць дагэтуль. З фотаздымкаў жа глядзяць маладыя светлыя твары. Маладыя назаўсёды…

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».