Вы тут

“Смейся, брат, рагачы над няволяй… “ Невядомыя вершы Алеся Салагуба


Значнае месца ў літаратуры Заходняй Беларусі належыць паэту, празаіку, драматургу, публіцысту, літаратуразнаўцы, грамадскаму дзеячу Алесю Салагубу.


Нарадзіўся Аляксей Феафілавіч Салагуб (падпісваўся псеўданімамі Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка, крыптанімам А. С.) 18 кастрычніка 1906 г. у вёсцы Зарудзічы Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. У 1922—1927 гг. вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Рана далучыўся да заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху, рэвалюцыйнага падполля  — распаўсюджваў забароненую літаратуру, удзельнічаў у грамадска-палітычных акцыях пратэсту, за што ў 1924 г. яшчэ вучнем 4 класа гімназіі быў арыштаваны польскай паліцыяй і трапіў у віленскую турму Лукішкі. Пазней актыўна ўключыўся ў грамадскакультурную дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады  — арганізоўваў гурткі грамады, іграў у самадзейных спектаклях, выступаў з чытаннем рэвалюцыйных вершаў на маёўках і дэманстрацыях, у сувязі з чым неўзабаве зноў апынуўся вязнем у Лукішках.

У 1928 г. нелегальна перайшоў польскасавецкую мяжу. Жыў у Мінску, закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1931). Здаючы экзамены пераважна экстэрнам, вучыўся ў аспірантуры Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. 1 жніўня 1933 г. на трэцім, заключным, годзе навучання быў арыштаваны органамі АДПУ БССР па справе гэтак званага Беларускага нацыянальнага цэнтра. Як сёння вядома, асноўнымі фігурантамі сфабрыкаванага працэсу з’яўляліся былыя кіраўнікі Беларускай сялянска-работніцкай Грамады С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, П. Валошын, дэпутаты ад пасольскага клуба «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых» І. Дварчанін, Я. Гаўрылік, Ф. Валынец, вядомыя дзеячы КПЗБ Л. Родзевіч, А. Капуцкі, Я. Бабровіч ды іншыя.

9 студзеня 1934 г. пастановай пазасудовага органа А. Салагуб як «вораг народа» быў прыгавораны да выключнай меры пакарання. Расстраляны 17 мая 1934 г.

Рэпрэсавана была і жонка А. Салагуба Марыя. Спачатку разам з сынам Леанідам яе выслалі ў Смаленск, а затым — на Поўнач, у пасёлак Усць-Вым.

Пасмяротна рэабілітаваны Ваенным Трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 18 красавіка 1956 г.

Першыя карэспандэнцыі А. Салагуб апублікаваў вельмі рана, у 14-гадовым узросце, як паэт пачаў друкавацца з 1923 г. Яго вершы змяшчаліся ў віленскіх газетах і часопісах «Студэнцкая думка», «Народная справа», «Беларуская ніва», «Воля працы», «Маланка», «Рунь» і іншых.

У Мінску выдаў зборнік вершаў «Лукішкі» (1929).

Аўтар апавяданняў, драмы «Беларускае вяселле» і «Лукішскага дзённіка», які напісаў у зняволенні.

Шырокі грамадскі розгалас у БССР і ў Заходняй Беларусі мелі яго літаратуразнаўчыя артыкулы «Літаратура польскага пралетарыяту» (1931), «Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі» (1931), «Крызіс польскай буржуазнай літаратуры і літаратура польскага пралетарыяту» (разам з В.Таўлаем, 1931), «У баях за дыктатуру пралетарыяту» (1931), «У полымі класавай барацьбы» (1931), «Мастацкая літаратура «Грамады» (1933) і іншыя, апублікаваныя ў беларускім савецкім друку.

Як сведчаць шматлікія факты, А. Салагуб быў чалавекам выразных і цвёрдых духоўна-маральных прынцыпаў і перакананняў, моцнага характару і непахіснай сілы волі, схільны да рашучых учынкаў і дзеянняў. У лісце з Лукішак ад 18 верасня 1927 г. да мастака Рамана Семашкевіча ён пісаў: «Не магу пажаліцца на жыццё. Жыццястойкасць, бадзёрасць, пагоднасць духу не пакідаюць мяне ў найцяжэйшыя часіны. Перажываю «салодкасць барацьбы і радасць існавання». Не ведаю, што такое песімізм, што такое сум, слёзы». А гэта запіс паэта ў штодзённіку: «Чалавек, не пазнаўшы гора, — не чалавек, а лялька, што ад першых удараў жыцця размякае на гліну, з якой вырабляюць усемагчымай формы гаршкі-ляплянкі. Ён, такі чалавек, безварункова становіцца нявольнікам мацнейшага воляй індывідуума… Дык што шкадаваць дзён, праведзеных за кратамі. Хай мацнее дух, каб выйшаўшы (на волю.  — М. М.), мог другіх ратаваць».

Творчасць Алеся Салагуба апладнялася ідэямі актыўнага грамадска-сацыяльнага руху, змагання за народную волю, ахвярнага служэння Радзіме, усведамленнем іх высокай духоўна-маральнай сутнасці і значэння.

Ў грудзёх маіх поэзія бурліць, 

Я — валадар над ўласнаю красою,

Я песьні барацьбы нясу з сабою,

Я жыць хачу, цярпець, кахаць, тварыць, 

— прызнаваўся паэт у адным з астрожных вершаў пад назвай «Ліпнёвай раніцай». У зборніку «Лукішкі» знайшлі адлюстраванне радыкальныя настроі ў заходнебеларускім грамадстве, ідэі яднання намаганняў, кансалідацыі сіл з мэтай наладжвання актыўнага і дзейснага супраціву палітыцы сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, няроўнасці і прыгнёту.

Адметнасць паэзіі А. Салагуба заключаецца ў тым, што яна народжана, галоўным чынам, у турэмнай няволі, падчас знаходжання аўтара на Лукішках (у 1924 і 1927 гадах), яе змест складаюць думкі і перажыванні юнака-палітвязня. Гэта паэзія ўсвядомленага і рашучага змагання, рамантычна-летуценнай мары, светлай надзеі, актыўнага і настойлівага пошуку, сцвярджэння высокіх духоўных каштоўнасцей.

Як відаць з твораў, лірычны герой А. Салагуба знаходзіўся ў моцных духоўна-светапоглядных супярэчнасцях з рэчаіснасцю, быў рашуча настроены на выкрыццё сацыяльна-палітычнай сістэмы Заходняй Беларусі. Гэта чалавек змястоўны, сабраны, цэльны, які жыў выразнаю мэтаю і канкрэтнымі задачамі. Аднойчы і назаўсёды ён вызначыўся са сваім месцам у зменлівых грамадскіх працэсах, усвядоміў асаблівасці сваіх грамадзянска-патрыятычнай місіі і абавязку. Шукаў найбольш эфектыўных і дзейсных спосабаў і прыёмаў рэалізацыі свайго патэнцыялу:

Да крыві я шкадую балюча,

Што ня ўсё йшчэ для краю аддаў.

Маё сэрца шчыміць так пякуча...

Мяне-ж родны загон ўзгадаваў.

Вунь дзядоўскія наспы-магілы,

Як жальбоўна ў вочы глядзяць.

 Ці-ж магу не аддаць краю сілы,

Каб няволі замазаць пячаць?

(«У камеры»)

«Пачынаючы з 1926 года,  — пісаў У. Калеснік у кнізе «Лёсам пазнанае», — Алесь Салагуб шукае класавых ацэнак рэчаіснасці ў гушчары тагачаснай грамадска-палітычнай фразеалогіі. Ён ішоў па слядах агітацыйнай камуністычнай паэзіі з падпольных газет, якая ўвяла ў заходнебеларускую літаратуру вобраз камуніста-падпольшчыка, вобраз чырвонага партызана». Сапраўды, лірычны герой паэта адчуваў сябе далучаным да магутнай і ўплывовай, усеахопнай сілы, якой былі падуладны народы і краіны, якая скарала свет, змяняла жыццё, пераўтварала яго на аснове новых прынцыпаў і каштоўнасных дамінант:

Пабачыць хацеў-бы ўсясьветны віхор,

Што дыбам паставіць бязьмежны прастор

І кіне на панства грамады.

Пабачыць хацеў-бы вялікі расьсьвет,

Калі ўзварухнецца абуджаны сьвет

І стане на шлях барыкадаў.

(«За кратай мінаюць вясновыя дні…»)

Лірычны герой А. Салагуба быў дарэшты прасякнуты энергіяй нацыянальна-вызваленчай барацьбы, яе высокім рамантычным зместам і пафасам, набліжэннем грандыёзных грамадска-сацыяльных змен і зрухаў, ён нават «Сярод магільных пліт-каменьняў» турэмнай цэлі чуў «поступ новых дней» («Начныя думы»). Яго натхняла і вяло пачуццё ахвярнай адданасці камуністычнай ідэі, еднасці змагарскіх шэрагаў, радыкальнага супрацьстаяння з палітычнымі апанентамі. Творчай індывідуальнасці Алеся Салагуба не ўдалося разгарнуцца па-сапраўднаму: зборнік «Лукішкі» застаўся яго адзінай кніжкай. Таленавіты паэт стаўся ахвяраю сістэмы  — той, у якую шчыра верыў і якой аддана служыў.

Даследуючы паэзію Заходняй Беларусі, знаёмячыся са шматлікімі архіўнымі дакументамі, рукапіснымі матэрыяламі, з рэдкімі перыядычнымі выданнямі, звязанымі з яе развіццём, аўтару гэтых радкоў давялося выявіць шэраг новых цікавых вершаў А. Салагуба. Гэтыя творы невядомыя не толькі шырокаму чытачу, але і спецыялістам, гісторыкам літаратуры, крытыкам і літаратуразнаўцам. Некаторыя з іх да ўвагі чытачоў «ЛіМа».

 Мікола МІКУЛІЧ


Мы — агні

Небасхіл ўвесь заліты агнямі —

Ён прарочыць нам лепшыя дні.

Мы — агні і жывём мы агнямі,

Каб ствараць светазарны агні.

 

Нам не страх, што мы самі загінем,

Не дасягшы сваёй вышыні,

Але страх, па сабе ці пакінем

Светазарнага шчасця агні?!

 

Нам смяецца высокае неба,

Нам смяецца мяцежная даль,

Нам смяецца радзімая глеба

І ад плуга бліскучая сталь.

 

Нам смяюцца абшары з лясамі,

Нам смяецца блакіт з вышыні,

Нам смяюцца курганы з палямі,

Нам ўсміхаюцца новыя дні!!!

 

Мы — агні… і жывём мы агнямі,

Каб ствараць светазарны агні!

18.V. 1927

 

Выраслі крыллі

Выраслі, выраслі крыллі!

Мы смела ўжо можам лятаць

І думкі аб шчасці народу,

Светлыя думкі снаваць.

 

На крыллях юнацкіх, магутных

Мы хочам падняць небасхіл,

З грудзей гарапашных, пакутных

Страсці, разнясці хочам пыл.

 

Выраслі, выраслі крыллі!

Мы смела ўжо можам лятаць,

Сны светазорныя, сны прамяністыя

Аб роднай старонцы снаваць.

18.V. 1927

 

Ці ж нявольнік?

Пасвячаю сябру Арсеню Кму (вязню).

У вочы чорныя глянь, мой няздара:

Ці ж нявольніцкіх вочаў пагляд

Так шугае іскрыста пажарам?

Ты мыляешся горка, мой брат!

 

Глянь у вочы мае, як ірдзяцца

Сяміфарбнай вясёлкі агні.

Ці ж ты можаш яшчэ сумлявацца,

Што для волі міргочуць яны?

 

Смейся, брат, рагачы над няволяй:

Мы — арлы, і няма для нас пут!

Нам і крыллі растуць, каб прыволле,

Як нажом, рэзаць мглу злых пакут.

 

Прылажы да грудзей маіх руку:

Чуеш? Як цэпам, малоціць, стучыць

Маё сэрца… Ці ж на муку

Так надзейна, як сталлю, звініць?

 

Глянь на рукі мае маладыя:

Ці ж то ім насіць цэпку-ланцуг?

Эх вы, грудзі мае маладыя,

Ці ж нявольніцкі носіце дух?

 

Смейся, брат, рагачы над няволяй:

Мы — арлы, і няма для нас пут!

Нам і крыллі растуць, каб прыволле,

Як нажом, рэзаць мглу злых пакут.

Лукішкі,19.VІ. 1927 г.

Публікацыя Міколы МІКУЛІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?