Вы тут

Экалогія — чалавек — эканоміка. Як утрымаць баланс у гэтай трыядзе


Як утрымаць баланс у гэтай трыядзе, абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Работа, праведзеная падраздзяленнямі Мінпрыроды, дазволіла ў цэлым выканаць асноўныя паказчыкі, даведзеныя ўрадам на 2019 год. Забяспечаны прырост запасаў нафты ў аб'ёме 0,978 млн тон, ці 163 % да планавага паказчыка. Сумарны аб'ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу знізіўся да 1,23 млн тон (пры плане ў 1,231 млн тон). Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый вырасла да 9 % ад агульнай плошчы краіны.


 il.tpu.ru

Але, нягледзячы на пэўныя поспехі, застаюцца пытанні, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння.

Сцёкі праблем

— За апошнія пяць гадоў на 8 % вырас аб'ём скіду сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе, 52 ачышчальныя збудаванні ў краіне працуюць неэфектыўна, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. — Ёсць пэўныя пытанні да выканаўчай улады на месцах і нашых тэрытарыяльных органаў, і іх трэба абвастрыць да канца — рашэнне гэтай праблемы адкладваць больш немагчыма.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХМЕЛЬ звярнуў увагу і на сітуацыі са скідам недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у водныя аб'екты. У большасці выпадкаў гэта звязана з неэфектыўнай работай камунальных ачышчальных збудаванняў. Па-ранейшаму асноўны іх аб'ём (82 % ад агульнай колькасці) прыходзіцца на Мінскую вобласць. Сёлета трэба забяспечыць зніжэнне шкодных выкідаў, а таксама паэтапна выводзіць з эксплуатацыі палі фільтрацыі, якія аказваюць найбольш негатыўнае ўздзеянне на стан водных рэсурсаў.

Ці дакладны прагноз?

— У 2019 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю 15 аўтаматычных метэастанцый, і сёння агульная колькасць пунктаў прыземных метэаназіранняў Белгідрамета складае 61 з узроўнем аўтаматызацыі 97 %, — расказаў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў ПІРШТУК. — Сёлета да іх дабавяцца яшчэ некалькі метэастанцый, а колькасць доплераўскіх метэарадыёлакатараў дасягне пяці.

Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі павысіць апраўдвальнасць прагнозаў надвор'я: па абласцях на трое сутак — да 96,7 %, на адны суткі — да 98 %. Апраўдвальнасць штармавых папярэджванняў аб небяспечных з'явах склала 100 %.

Зялёны захопнік

Адна з актуальных праблем — распаўсюджанне баршчэўніка Сасноўскага. Як расказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ, летась былі знішчаны папуляцыі расліны на 907,31 га, ці 24,7 % ад агульнай плошчы інвазіраваных земляў. Пры гэтым палявыя абследаванні выявілі 1117 новых месцаў яго росту, большасць з іх знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Так, па стане на лістапад 2019 года, плошча, якую займае баршчэўнік Сасноўскага, склала 4615,73 га, з іх 3947,39 га — на Віцебшчыне.

Міністр даручыў інспектарам больш працаваць з прыродакарыстальнікамі — лясгасамі, аб'ектамі Мінэнерга і іншымі, на землях якіх фіксуюцца інвазіі.

Адходы — у работу

У мінулым годзе ўзровень вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў са складу камунальных адходаў склаў 22,6 %. Але, па словах Андрэя Худыка, гледзячы на еўрапейскі вопыт, гэта ўсё роўна мала. Тым больш што ёсць раёны, дзе гэты паказчык не дасягае і 15 %: напрыклад, у Карэліцкім раёне ён 13,3 %, у Воранаўскім — 13,5 %. А гэта
значыць, што там працягваюць захоўваць ДМР. Усяго ж па краіне зафіксавана больш за 2,5 тысячы фактаў захавання ДМР на палігонах, адходаў у несанкцыянаваных месцах — каля 13,5 тысячы.

— Мы павінны імкнуцца да перадавога сусветнага вопыту ў гэтым пытанні, — адзначыў міністр. — Калі сапраўды пачнём выкарыстоўваць адходы, а не захоўваць іх, то і палігоны будаваць не прыйдзецца.

Ад традыцыйных рэсурсаў да энергіі Зямлі

Павышэнне выкарыстання ўласнай мінеральнай сыравіны — яшчэ адна важная задача. Па словах Андрэя Худыка, па некаторых пазіцыях павялічваецца імпарт карысных выкапняў, ужо разведаных на тэрыторыі Беларусі, — напрыклад, каменнай солі, пяску, бурага вугалю, гіпсу і іншых. Таму Мінпрыроды патрэбна больш актыўна працаваць з іншымі ведамствамі па пытаннях імпартазамяшчэння прыродных рэсурсаў.

Неабходна развіваць і максімальнае выкарыстанне аднаўляльных рэсурсаў, у тым ліку і геатэрмальнай энергіі. З дапамогай цяпла нетраў можна знізіць спажыванне іншых энергарэсурсаў для ацяплення і зменшыць выкіды парніковых газаў. За апошнія 14 гадоў у Швецыі ўстаноўлена больш за 1,7 млн цеплавых помпаў. Развіваюць гэты напрамак і суседнія Польшча і Украіна. У нас жа толькі некаторыя кампаніі выкарыстоўваць гэты рэсурс.


— Сёлета мы павінны яшчэ больш актыўна ўключыцца ў працу ў рамках кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму». Неабходна падвоіць вынікі таго, што зрабілі раней. А дадатковым стымулам для навядзення парадку на месцах можа стаць укараненне рэйтынгу экалагічнага развіцця па рэгіёнах Беларусі, які б адлюстроўваў намаганні мясцовых улад у забеспячэнні спрыяльнага навакольнага асяроддзя і высокай якасці жыцця для насельніцтва», — рэзюмаваў міністр.

У сваю чаргу намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Дворнік адзначыў, што падчас кантрольнай дзейнасці органам Мінпрыроды трэба прымяняць санкцыі да тых асоб у суб'ектах гаспадарання, якія маюць фінансавыя ці арганізацыйныя механізмы выправіць парушэнне, змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Такі падыход дапаможа больш эфектыўна наводзіць парадак на зямлі.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.