Вы тут

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць


Ці ведалі вы, колькі сродкаў бюджэту (лічыце, нашых сродкаў) траціцца, каб ачысціць пад'езды, слупы ды прыпынкі на вуліцах ад празмернай і не заўсёды карыснай рэкламы? Прадпрымальнікі з Беразіно Дзмітрый і Святлана Лабковічы знайшлі спосаб зрабіць гэтую рэкламу цывілізаванай і стварылі сацыяльны праект, каб сэканоміць нашы сродкі. Але ўсё аказалася не так проста...


З ліфта — на вуліцу

Каманда, якая працуе над праектам.

Пяць гадоў таму Лабковічы, мабыць, як і любая маладая сям'я, пачалі шукаць дадатковую крыніцу даходу. Святлана пакінула сваю работу ў школе, а ўвагу Дзмітрыя, які на той момант яшчэ працаваў у МНС, прыцягнула рэклама ў ліфтах.

— Рэклама для мяне ў першую чаргу была творчасцю і заўсёды цікавіла як сфера дзейнасці, таму я адразу звярнуў увагу на камерцыйныя аб'явы ў ліфтах дамоў Мінска. Аднак у Беразіно пераважае малапавярховая забудова, і мы пачалі думаць, як можна зрабіць рэкламу цывілізаванай менавіта ў маленькіх гарадах, — кажа Дзмітрый Лабковіч. — Амаль адразу мы зразумелі, што можна не толькі зарабляць на гэтым грошы, але і рабіць нешта добрае для людзей, каб рэклама перастала іх раздражняць і стала якасным прадуктам. І вельмі хутка наш камерцыйны праект ператварыўся ў сацыяльна-рэкламны.

Першыя рэкламныя канструкцыі каля пад'ездаў дамоў з'явіліся ў Беразіно, і з цягам часу прадпрымальнікі зразумелі, што іх праект карысны для выканкамаў і ЖКГ, і сталі рухацца далей у гэтым кірунку. На сёння ў 25 раённых цэнтрах Беларусі размешчана ўжо 4500 інфармацыйных дошак. За іх устаноўку насельніцтва нічога не плаціла, уласна кажучы, таксама як камунальнікі і мясцовыя ўлады. Менавіта іх аб'явы размяшчаюцца бясплатна, як і інфармацыя з UNІHЕLР і іншых карысных крыніц, плату прадпрымальнікі бяруць толькі з камерцыйных рэкламадаўцаў. Дарэчы, прапаноўваюць ім таннейшую паслугу, за якую нельга атрымаць штраф.

— Напрыклад, калі крама прапаноўвае свае тавары, мы размяшчаем іх буклеты. На такіх стэндах можна ўбачыць рэкламу мясцовых прадпрымальнікаў, якія дагэтуль пакідалі яе ў паштовых скрынках, — нашы канструкцыі дазваляюць людзям паглядзець, пачытаць і ўзяць нейкі матэрыял з сабой, — дзеліцца Дзмітрый. — Камусьці наш праект можа здавацца камерцыйным, але гэта не зусім так. Так, мы зарабляем нейкія грошы, і гэта нядрэнна, але асноўная наша задача заключаецца ў тым, каб зрабіць рэкламу цывілізаванай.

Трацім, не задумваючыся

Наўрад ці нехта пачне спрачацца, што бясконцыя аб'явы і рэклама ў пад'ездах, на слупах і прыпынках толькі раздражняюць. Але гэта яшчэ паўбяды — на ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.

У Беларусі 118 раённых цэнтраў без уліку Мінска і абласных цэнтраў. Калі замяніць усе ўваходныя дзверы, якія былі сапсаваны рэкламай, спатрэбіцца 70 мільёнаў рублёў. Але ўсё гэта будзе дарэмна, таму што назаўтра дзверы пашкодзяць ізноў. Дарэчы, на гэтыя грошы можна было б дапамагчы шматдзетным сем'ям (на гэты кірунак у 2019 годзе выдаткавалі больш за 30 мільёнаў рублёў), выдзеліць іх на развіццё прафесійна-тэхнічнай і сярэднеспецыяльнай адукацыі (46 мільёнаў рублёў — летась). 70 мільёнаў — гэта таксама 7 % ад бюджэту дзяржавы, які траціцца на забеспячэнне медыцынскай дапамогі. А калі сюды дадаць Мінск і абласныя цэнтры, то выніковую суму можна смела павялічваць у два разы!

— Канешне, штогод дзверы мяняць не абавязкова, але іх фарбаванне таксама нечага каштуе — плошча, якую трэба будзе пафарбаваць толькі ў раённых цэнтрах, складзе 60 стадыёнаў «Дынама»! А гэта мінімум 600 тысяч рублёў! — разважае прадпрымальнік.

І вось калі да гэтай сумы прыплюсаваць апоры асвятлення... Толькі ў невялікім горадзе на фарбаванне слупоў, якія знаходзяцца на дзвюх цэнтральных вуліцах горада, трацяць 1200 рублёў. А калі палічыць толькі цэнтральныя вуліцы ўсіх раённых цэнтраў, то сума затрат павялічыцца да 140 тысяч. Яшчэ 60 тысяч ідзе на пафарбоўку прыпынкаў гарадскога транспарту, а колькі сродкаў выдаткоўваецца на аднаўленне тых жа пад'ездаў?

— Акрамя таго, ніхто не штрафуе нядобрасумленных грамадзян, якія расклейваюць гэтую рэкламу, дзе ім захочацца. А гэта ж таксама грошы! Калі ў адным горадзе будзе 10—15 парушэнняў, то ў ім недалічацца каля 25 тысяч рублёў, а дзяржава цалкам — тры мільёны, — лічыць Дзмітрый. — Гэта 3 % ад сумы штрафаў па ўсёй краіне, а калі мы дададзім Мінск і абласныя цэнтры, то можа быць нават 8—10 %. І нягледзячы на гэта наш пад'езд кожны дзень працягваюць закідваць рэкламай.

Нявыгадныя зносіны

Лічбы немаленькія, і некаторыя мясцовыя ўлады пачалі бачыць ва ўпарадкаванні стыхійнай рэкламы пэўную выгаду. У той ці іншы раённы цэнтр Лабковічы са сваім праектам трапляюць толькі праз выканкам і ўжо пасля размовы з прадстаўнікамі ўлад заключаюць дагавор з мясцовай арганізацыяй ЖКГ. Здаецца, нічога складанага — камунальнікі дазваляюць ім ставіць стэнды каля пад'ездаў, а прадпрымальнікі сочаць за чысцінёй і падтрымліваюць парадак...

— Але не заўсёды нам дазваляюць рабіць гэта бясплатна, дзесьці мы вымушаны плаціць арэнду, пры гэтым прадпрыемства ЖКГ ці таварыства ўласнікаў устанаўліваюць свае тарыфы, хоць браць грошы за гэта нават не зусім законна, — кажа Дзмітрый. — За свой кошт мы ставім канструкцыі, абслугоўваем іх, бясплатна размяшчаем інфармацыю ад мясцовых улад, ЖКГ і іншых дзяржаўных службаў, але ўсё роўна застаёмся вінны.

Напрыклад, у Слуцку прадпрымальнікі штомесяц аддаюць 200 рублёў за размяшчэнне 200 канструкцый і ўжо ў гэтым нясуць страты. А ў Наваполацку за размяшчэнне 200 канструкцый мясцовыя ўлады агучылі суму ў 2600 рублёў... «Зразумела, што мы туды не прыйшлі», — кажа Дзмітрый Лабковіч.

І вось тут ужо трэба задумацца. Магчыма, мясцовыя жыхары былі б і не супраць навесці парадак у пад'ездах і пазбавіцца ад надакучлівай рэкламы, але ім нават не далі ўбачыць гэтую магчымасць...

Дзіцячая гульня

Сацыяльны праект Лабковічаў часта трапляе «ў мінус», але не толькі з-за арэнднай платы — канструкцыі часта ламаюць. У міліцыю прадпрымальнікі ніколі не звярталіся, і, па словах Дзмітрыя, калі б гэтым праектам займаліся арганізацыі ЖКГ, то ў іх нічога не атрымалася б — яны б толькі страчвалі больш грошай з-за вандалізму.

— У Жодзіне мы ўстанавілі 200 канструкцый, і роўна праз два тыдні гэтыя 200 канструкцый нам сапсавалі. Але мы ўсё аднавілі. Іх і цяпер ломяць штомесяц у кожным раённым цэнтры, — дзеліцца прадпрымальнік. — Каб гэтага не было, людзям не толькі трэба даць цывілізаваныя крыніцы рэкламы, але і штрафаваць нядобрасумленных рэкламадаўцаў.

У Кітаі гэтую праблему вырашылі яшчэ 30 гадоў таму — спецыялісты пэўнай службы сачылі за нядобрасумленнай рэкламай, і нумары тэлефонаў з такіх аб'яў адпраўлялі робату, які кожныя дзве хвіліны тэлефанаваў ім і паведамляў аб парушэнні закона. У выніку рэкламадаўцы проста страчвалі свой нумар тэлефона.

— Мы прапанавалі адаптаваць іх вопыт пад нашу краіну і распрацаваць мабільную праграму, якой змогуць карыстацца нават дзеці, — кажа Дзмітрый. — Працэс будзе пабудаваны ў выглядзе гульні — дзеці будуць гуляць па горадзе праз дапоўненую рэальнасць і «лавіць» несанкцыянаваную рэкламу з дапамогай свайго смартфона.

Калі пэўны персанаж (у праграме. — «Зв.») «зловіць» такую аб'яву, яе фота і месцазнаходжанне адразу трапяць да прадпрымальнікаў. Тыя ўпэўняцца, што нумар належыць таму ці іншаму рэкламадаўцу, а потым перададуць яго кантакты робату, які будзе працаваць па той жа схеме, што і кітайскі.

— Стэнды — гэта альтэрнатыўная крыніца рэкламы, якая нешта дае дзяржаве, людзям і прадпрымальнікам, а для таго, хто не разумее, мы хочам стварыць такую гульню, каб у кожным пункце Беларусі людзі захацелі дапамагчы зрабіць іх горад чысцейшым, — разважае Дзмітрый Лабковіч.

Рэспубліканскі маштаб

Але трэба разумець, што распрацоўка такой гульні нямала каштуе. Дзеля таго прадпрымальнікі і вырашылі ўзяць удзел у конкурсе праектаў, які фінансуе інавацыйны фонд Мінаблвыканкама. Тым больш менавіта гэты конкурс можа даць ім магчымасць распаўсюдзіць ініцыятыву на ўсю Беларусь.

— І гэта рэальна, але без падтрымкі дзяржавы і мясцовых улад нічога не атрымаецца, — тлумачыць прадпрымальнік. — Бізнес-план можна будзе рэалізаваць толькі ў тым выпадку, калі не будзе бюракратычных перашкод і з нас не будуць браць арэндную плату. Тым больш што сёння не існуе такой стаўкі, а кошт паслугі некаторыя проста бяруць з галавы, і ён атрымліваецца касмічны.

Калі дзяржава ацэніць гэты праект і яго сацыяльную ролю, то прадпрымальнікі змогуць стварыць рабочыя месцы (у некаторых гарадах абслугоўваннем стэндаў займаюцца мясцовыя жыхары. — «Зв.»), дапамогуць знізіць затраты на ўтрыманне пад'ездаў, дадуць магчымасць захаваць новабудоўлі і павялічаць прыток сродкаў у бюджэт за кошт штрафаў. Але галоўнае тут, што наша краіна стане чысцейшай і ў насельніцтва нарэшце з'явіцца крыніца цывілізаванай рэкламы.

— Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў выказаў думку, што такія інфармацыйныя дошкі — найлепшая лакацыя для таго, каб інфармаваць насельніцтва пра неабходнасць раздзяляць адходы, — лічыць Дзмітрый Лабковіч. — Тое ж датычыцца і мясцовых улад, ЖКГ, МНС. Тыя ж цэнтры занятасці могуць інфармаваць людзей пра вакансіі, бо, як паказала практыка, гандлёвыя сеткі праз нас заўсёды знаходзілі сабе супрацоўнікаў. І канешне, хацелася б атрымаць цывілізаваны падыход у гэтым кірунку ад іх усіх.

Па падліках прадпрымальнікаў, за пяць гадоў дзейнасці праект дазволіць сэканоміць больш за 900 тысяч рублёў, а 66 мільёнаў не спатрэбіцца траціць на аднаўленне пад'ездаў, слупоў ды прыпынкаў.

— Акрамя таго, насельніцтва атрымае якасныя інфармацыйныя паслугі, у Беларусі з'явіцца як мінімум сто новых рабочых месцаў, а дзяржава атрымае дадатковы даход праз штрафы, — лічыць Дзмітрый.

Бясконцы пошук

Сацыяльныя праекты, як правіла, адбіраюць не толькі шмат часу і сродкаў, але і жаданне працаваць у гэтым кірунку. Але гэта зусім не перашкаджала маладой сям'і — у яе жыцці пастаянна адбываліся падзеі, якія прымушалі рухацца далей. Летась гэта была перамога ў конкурсе «Малады лідар Міншчыны», а сёння гэта конкурс інавацыйных праектаў ад Мінаблвыканкама.

— Аднойчы, калі была думка адмовіцца ад праекта, я вырашыў патэлефанаваць міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі і да апошняга думаў, што ўсе гэтыя прамыя тэлефонныя лініі — падман, нават не разлічваў, што міністр возьме трубку, яшчэ перапытваў яго, ці сапраўды гэта ён, — усміхаецца прадпрымальнік. — Але міністр здзівіўся не менш, што я звярнуўся да яго з прапановай, а не са скаргай. Пазней нас запрасілі ў міністэрства, і пасля гэтай сустрэчы новую дарогу нам адкрыў журналіст іх ведамаснага выдання.

Пасля гэтага праект Лабковічаў падтрымаў беларускі музыкант Валерый Дайнека, а потым прадпрымальнікі перамаглі ў трох намінацыях конкурсу «Лепшыя тавары Беларусі». Шмат сіл і натхнення ўдалося атрымаць і на конкурсе Sосіаl Wееkеnd у 2019 годзе.

— Мы дайшлі толькі да паўфіналу, але гэта было цудоўна! Мы сустрэлі шмат цікавых людзей, якія падзяліліся з намі сваім вопытам, думкамі наконт нашага праекта, а галоўнае — мы ўбачылі, што наш праект патрэбны людзям, што ім зусім не падабаецца рэклама на слупах, прыпынках і ў пад'ездах, — дзеліцца Дзмітрый. — Гэта відаць і па тым, як мясцовыя жыхары ставяцца да нашых стэндаў, — аднойчы нейкі мужчына праганяў мяне ад іх з дапамогай моцных слоў, думаў, што я хачу сапсаваць дошкі, а адна бабуля самастойна спрабавала адрамантаваць нашы канструкцыі. І вось тут зразумела толькі адно — людзі не хочуць жыць сярод рэкламы, якой завалены ўсе пад'езды.

* * *

І тут няма нічога дзіўнага — кожны з нас хоча жыць у чысціні. Дзіўна іншае — што знайшліся людзі, якія пажадалі нам у гэтым дапамагчы. Проста так. І гэта сапраўды цуд. Бо для іх прадпрымальнікі, як сказаў Дзмітрый, не проста людзі, якія зарабляюць грошы, а тыя, хто павінен нешта добрае рабіць для людзей.

Валерыя Кіслая

Фота з архіва Дзмітрыя Лабковіча

Загаловак у газеце: Праект, які натхняе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.