Вы тут

Сям'я пачала ўзводзіць сцены ды дах свайго дома яшчэ да таго, як набыла ўчастак. Як так?


Пра тое, што мы пачалі будаваць дамок у вёсцы, ведалі толькі я і муж. Бацькам вырашылі нічога не казаць раней часу. Каб не хваляваліся. Справа ў тым, што мы пачалі ўзводзіць сцены ды дах яшчэ да таго, як набылі ўчастак...


Калі б не скарысталіся парадай Уладзіміра Караткевіча, магчыма, дагэтуль бы здымалі кватэру.

Пачалося ж усё, як ні дзіўна, з капітальнага рамонту на здымнай кватэры. Мы амаль паўгода гатавалі ежу на маленькай электраплітцы, бо замена газавых труб чамусьці зацягнулася. Столькі ж прыбіралі смецце за «гора-рамонтнікамі» ды слухалі іх бясконцыя мацюкі пад вокнамі... Не, не падумайце, я не скарджуся. Хутчэй наадварот, вельмі ўдзячная лёсу. Бо менавіта дзякуючы таму няшчаснаму капрамонту мы цяпер жывём ва ўласным, хоць і невялічкім, дамку. Мала таго, што больш не чуем п'яных сварак суседзяў за сценкай, дык яшчэ і не выкідваем штомесяц ільвіную долю заробку на вецер. А ў якасці бонусу — дыхаем чыстым паветрам ды п'ём ваду без прысмаку хлоркі. Дарэчы, вуслянскую вадзічку з уласнай свідравіны мы цяпер возім з сабой у Мінск у якасці гасцінца, частуем сваіх сталічных сяброў.

Дык вось, якраз падчас чарговай навалы рамонтнікаў муж у роспачы пачаў праглядаць у інтэрнэце аб'явы аб продажы ўчасткаў. І нейкім неверагодным чынам амаль адразу ж натрапіў на здымкі з Малой Вусы. На першы погляд нічога асаблівага: 15 сотак, напалову зарослыя залатарнікам ледзь не ў рост чалавека. На ўчастку заліты фундамент 5 на 6. Але ўвагу майго Уладзя прыцягнула іншае — тое, што з участка відаць сасновы лес. Ды рэчка ў крокавай даступнасці. І ўсё гэта каштуе крыху больш за дзве тысячы беларускіх рублёў. Шчыра прызнацца, мы думалі, што такіх цэн ужо не існуе, улічваючы, што па вёсцы ідзе газ.

Першым у хату ўпусцілі... бусла.

Па волі лёсу муж быў першы, хто патэлефанаваў гаспадару таго ўчастка. І ў той жа дзень паехаў на агледзіны. Вярнуўся ўзрушаны, з кучай здымкаў ды відэазапісаў на тэлефоне. «Уяўляеш, там такі шыкоўны лес прасціраецца на 15 кіламетраў. Можна будзе ў грыбы хадзіць хоць штодзень і дыхаць гаючым сасновым паветрам. Будзем жыць як на курорце». Карацей, у яго не было ніякіх сумненняў — «трэба браць».

Назаўтра мы разам з Уладзімірам (гаспадаром участка) паехалі ў райвыканкам, каб пракансультавацца, як лепш аформіць здзелку. Я засталася чакаць мужчын у машыне. Дзесьці хвілін праз дваццаць яны вярнуліся з роспаччу на тварах. Аказваецца, былы ваенны пратэрмінаваў сваё будаўніцтва. І калі на працягу двух месяцаў не ўзвядзе сцены ды дах, то дзяржава забярэ ў яго ўчастак. Прадаваць адзін фундамент ён не мае права па законе.

Уладзімір шчыра прызнаўся, што будаваць нічога не збіраецца. Раней хацеў тут узвесці невялічкую лазню, каб з сябрамі прыязджаць парыцца. Але рукі так і не дайшлі. А нядаўна памерла маці. У спадчыну застаўся бацькоўскі дом з участкам у Слуцкім раёне. «Мяне аднаго на ўсё не хопіць. Вось і вырашыў прадаць вуслянскі ўчастак, а тут такая неспадзяванка...» У выніку Уладзімір прапанаваў нам аператыўна ўзводзіць сцены ды дах ад яго імя, па даверанасці, каб да канца лета афіцыйна аформіць здзелку куплі-продажу.

Перш чым прыняць рашэнне, я захацела пабачыць участак на свае вочы. І ў мяне, як і ў мужа, адбылася любоў з першага погляду. Падумалі, што або пан або прапаў. І рызыкнулі. У той жа дзень паехалі да натарыуса і аформілі даверанасць на імя майго Уладзя — і, як бачыце, інтуіцыя нас не падвяла. Гаспадар участка аказаўся чалавекам слова, стрымаў абяцанне. Хоць, калі мы апавядаем сваю гісторыю сябрам, тыя шчыра здзіўляюцца. «Ну вы і рызыкоўныя, паверыць чалавеку, якога першы раз бачыце... Ён жа мог, убачыўшы гатовы дамок, перадумаць прадаваць участак, і нічога б не даказалі». Не ведаю, ці вырашылася б я на такі крок зараз. Але тады ў мяне, цяжарнай, нават сумневаў не было, што ўсё атрымаецца.

Цяпер многія здзіўляюцца, чаму мы вырашылі пабудаваць такі маленькі дамок. А ўсё вельмі проста: у праекце, які зацвярджаў ранейшы гаспадар, быў заяўлены дом з фундаментам 5 на 6. Мы проста не мелі права выходзіць за яго межы. Але я да гэтага стаўлюся па-філасофску. Па-першае, вялікі дом патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў і, адпаведна, часу. А нам важна было як мага хутчэй з'ехаць са здымнай кватэры. Па-другое, да дома з часам можна зрабіць прыбудову — былі б грошы ды жаданне. Галоўнае, як па мне, выбраць месца па душы. Бо, пагадзіцеся, чыстае паветра, рэчку ды лес пасля, каб і хацеў, не намалюеш ні за якія грошы. Гэта як з адносінамі. Людзі часам, звязваючы свой лёс з іншым чалавекам, звяртаюць увагу не на тое, не на асноўнае. Не на душэўныя якасці, а на знешні выгляд ды таўшчыню кашалька, напрыклад. А потым кусаюць сабе локці...

Днямі паглядзела біяграфічны фільм «Модзі». Там да галоўнай гераіні, якая праславілася дзякуючы сваім карцінам, прыехаў брат. Ён паглядзеў на маленькі ды просценькі дамок, дзе яна жыве са сваім мужам, развозчыкам рыбы, і сказаў: «У цябе зараз хапае грошай. Чаму б вам не купіць лепшы дом?» — «Навошта нам так рабіць, — пачуў ён у адказ. — Гэты дом прынёс радасць».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Або пан або прапаў. Як мы будаваліся па ДАВЕРанасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.