Вы тут

НАН: Наспеў час стварыць дзяржаўную праграму па пашырэнні беларускай мовы ў кіберпрасторы


Пра гэта заявіў намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец падчас круглага стала «Роля інфармацыйных тэхналогій у захаванні і папулярызацыі беларускай мовы», які праводзіла газета «Звязда». 


Абмяркоўвалася месца беларускай мовы ў сучаснай кіберпрасторы і шляхі яе пашырэння.

Загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Юрый Гецэвіч праінфармаваў, што да іх у апошні час звяртаюцца дзяржаўныя ўстановы з просьбай адаптаваць інфармацыю на сайце. На яго думку, пры гэтым ёсць пэўныя складанасці і нават калізіі. Напрыклад, калі трэба паставіць у асноўны раздзел абзац беларускамоўнага закона. «Як зрабіць копіпаст, каб не парушыць сэнс? Спадзяюся, што інфармацыйныя тэхналогіі праціснуць пашырэнне беларускамоўнай прасторы ў тым аспекце, што рэсурсы абавязаны выкарыстоўваць дзяржаўныя мовы».

Па меркаванні Аляксандра Лукашанца, праблема ўплыву глабалізацыі на сістэму моў і іх функцыянаванне ва ўнутрынацыянальнай камунікацыі зараз дапаўняецца яшчэ адной праблемай — паўнацэнным уключэннем нацыянальных моў у кіберпрастору. 

«Ад таго, наколькі будзе прадстаўлена беларуская мова ў інтэрнэце, наколькі будзе забяспечана гэта пашырэнне, будуць у значнай ступені залежаць і адносіны да беларускай мовы ў нашай камунікатыўнай прасторы», — падкрэсліў ён. 

У Беларусі забеспячэнне адпаведнага культурнамоўнага сектара ў сусветнай кіберпрасторы ўпіраецца ў праблему дзяржаўнага двухмоўя, лічыць навуковец. «Усе афіцыйныя сайты павінны быць на дзвюх дзяржаўных мовах. А гэта патрабуе падтрымкі. Сёння часцей за ўсё робіцца на ініцыятыўных падставах», — адзначыў Лукашанец. Патрэбна спланаваная цэнтралізаваная дзейнасць. «Павінна быць створана дзяржаўная праграма па пашырэнні беларускай мовы ў кіберпрасторы», — падкрэсліў прадстаўнік НАН Беларусі.

Для гэтага прапаноўваецца стварыць пэўную дастатковую лінгвістычную базу, інтэрфейс, якія дазволяць уводзіць беларускую мову і самае галоўнае — карыстацца ёю. На думку прадстаўніка НАН Беларусі, на нейкім рэсурсе трэба акумуляваць асноўныя нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы, спецыяльныя даведнікі, беларускі алфавіт, сістэму праверкі арфаграфіі, прадставіць помнікі беларускага пісьменства, творы мастацкай літаратуры і г. д. 

Пры гэтым, лічыць Аляксандр Лукашанец, трэба на дзяржаўным узроўні ажыццяўляць падтрымку нацыянальнага энтузіазму ў гэтай сферы, таму што «сёння амаль ўсё, што робіцца па пашырэнню беларускай мовы ў інтэрнэце, робіцца аматарамі ці энтузіястамі». 

У сучасных геапалітычных умовах узрастае роля прысутнасці беларускай мовы ў кіберпрасторы як фактара і атрыбута нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту, упэўнены навуковец. «У кантэксце дзяржаўнай бяспекі гэта таксама спрацуе, таму што будзе замацавана наша беларускамоўная прастора, уся інфармацыя будзе пабудавана с пазіцыі нашай дзяржавы».

Наталля КАРОТКАЯ

Усе матэрыялы круглага стала чытайце ў бліжэйшым нумары газеты «Звязда».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.