Вы тут

Работнікі прадпрыемстваў змогуць самастойна выбіраць банк для зарплатнага абслугоўвання?


Электронныя плацяжы, базавы разліковы рахунак і іншае

Перад тым як з галавой акунуцца ў тэму электронных плацяжоў, начальнік Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Таццяна Рускевіч паведаміла аб тым, што праект закона «Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах» плануюць разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі парламента.


Пераканаць, каб не спазніцца

«Яшчэ 7 лютага работнікі Нацбанка расказалі членам Савета Рэспублікі і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў пра наш закон. Цяпер дакумент праходзіць апошнія крокі ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў. Прынцыповыя пазіцыі ўзгодненыя. Мы спадзяёмся, што ў першым чытанні закон выйдзе ў гэтую сесію», — адзначыла Таццяна Рускевіч.

Паводле яе слоў, цяпер хуткімі тэмпамі распрацоўваюцца падзаконныя акты, каб не адцягваць час уступлення закона ў сілу. «Да таго моманту, калі ў парламенце цалкам прымуць закон, падзаконныя акты ўжо будуць гатовыя і можна будзе адразу ж запускаць яго ў жыццё», — заўважыла эксперт. Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на тое, што з'яўленне закона паспрыяе паляпшэнню і патанненню працы электронных сэрвісаў, якія ўжо ёсць на рынку. Таксама ён дазволіць з'явіцца ў нас аналагам такіх пляцовак, як Аlіехрrеss, Bооkіng.соm, Ubеr і Yаndех.

«У нашай краіне ў гэтым плане створаны добры патэнцыял, і айчынныя кампаніі здольныя прадастаўляць падобныя сэрвісы нашмат лепш, чым замежныя. Мы хочам, каб гэтыя сістэмы максімальна хутка запусціліся ў жыццё, таму што закон дазволіць стварыцца больш якасным сэрвісам, новым працоўным месцам. Таксама гэта рэклама краіны на міжнароднай арэне», — заявіла начальнік упраўлення Нацбанка.

Базавы — гэта звычайны банкаўскі рахунак, але ёсць нюансы

Як вядома, у нашай краіне плануюць увесці базавы разліковы рахунак для фізічных асоб. У кіраўніцтве краіны нават падрыхтавалі адпаведны праект указа. Што гэта такое?

Адразу папярэдзім — укараненне базавага рахунку сёлета не чакаецца. Бо трэба ўлічыць усе магчымыя нюансы і рызыкі. Таццяна Рускевіч патлумачыла, што базавы рахунак — гэта звычайны банкаўскі разліковы рахунак. Фізічным асобам, якія адкрылі базавыя рахункі, будзе дадзена магчымасць атрымліваць мінімальны пералік банкаўскіх паслуг па базавым рахунку на бязвыплатнай аснове. Грамадзяне будуць мець магчымасць самастойнага выбару банка, у якім ім зручней абслугоўвацца.

«Нейкай спецыфікі людзі не ўбачаць. Разам з тым базавы рахунак вельмі выразна забяспечыць мінімальны набор сацыяльных функцый, якія будуць прадастаўляцца бясплатна, у тым ліку залічэнне заробкаў, пенсій, зняцце наяўных без камісій у інфраструктуры банка», — патлумачыла Рускевіч.

«Але калі чалавек, напрыклад, хоча атрымліваць пенсію наяўнымі, то такая магчымасць нікуды не знікне. Ён гэтак жа будзе хадзіць на пошту і атрымліваць гэтыя грошы. Гэта значыць, мы даем магчымасць выбару для кожнага чалавека і прымушаць нікога ніколі не будзем», — падкрэсліла Рускевіч.

Функцыянал такога рахунку павінен прадугледжваць пералік аперацый, якія банкі будуць ажыццяўляць бясплатна. Пры гэтым плануецца, што кліенту банка пры наяўнасці ў яго бягучага разліковага рахунку не абавязкова будзе адкрываць базавы разліковы рахунак. Гэта бягучы банкаўскі рахунак фізасобы (для індывідуальных прадпрымальнікаў такой магчымасці не будзе).

Адназначна БЕЛКАРТ, калі атрымаецца

Да базавага рахунку маюць намер выпускаць банкаўскую картку плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ. Рашэнне выпуску карткі гэтай плацежнай сістэмы (дарэчы — нацыянальнай) да базавага рахунку прынялі для таго, каб «абмежаваць плацежныя рызыкі, у тым ліку палітычныя».

Нагадаем, нацыянальная сістэма плацежных карт інтэгравалася з Расійскай «Мір». З 1 студзеня гэтага года банкі павінны выпускаць карткі БЕЛКАРТ альбо з чыпам, альбо з чыпам і магнітнай паласой. Раней карткі гэтай плацежнай сістэмы выпускаліся толькі з магнітнай паласой (за выключэннем карткі БЕЛКАРТ-Mаеstrо). З сярэдзіны студзеня некаторыя банкі пачалі выпуск картак з чыпам. Аднак узніклі праблемы з інфраструктурай. Яе падрыхтоўку банкі могуць ажыццяўляць на працягу ўсяго бягучага года. Калі б базавы разліковы рахунак ўвялі ў гэтым годзе, то яго ўладальнікі маглі б тэарэтычна сутыкнуцца з пэўнымі праблемамі.

«Магчымасць адкрыцця фізічнай асобе базавага бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку павінна забяспечвацца ўсімі банкамі, якія ажыццяўляюць эмісію банкаўскіх плацежных картак унутранай плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ з выдачай банкаўскай плацежнай карткі названай сістэмы», — гаворыцца ў лісце, які Асацыяцыя беларускіх банкаў накіравала фінансавым інстытутам.

«Адвязацца» ад нязручнага банка

Як нам патлумачылі спецыялісты, плануецца, што пасля адкрыцця базавага разліковага рахунку, яго ўладальнік зможа самастойна выбіраць банк для зарплатнага абслугоўвання.

Цяпер беларускія банкі ў некаторых выпадках, выдаючы крэдыт прадпрыемствам, прапісваюць умовы такім чынам, каб кліенты цалкам перайшлі да іх на абслугоўванне. Гэта значыць, каб усе разлікі, у тым ліку датычныя выплаты зарплаты, праходзілі праз той банк, які выдаў крэдыт. Працадаўцы, у сваю чаргу, перашкаджаюць работнікам у самастойным выбары банка для афармлення зарплатнай карткі.

Банкі тлумачаць свае паводзіны тым, што ім трэба кіраваць крэдытнымі рызыкамі і для гэтага трэба бачыць усе фінансавыя патокі крэдытаатрымальніка. Аднак пакетнае абслугоўванне кліентаў можа прыводзіць да абмежавання канкурэнцыі на рынку. Таму гэтай сітуацыяй зацікавілася Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Капейка да капейкі рубель беражэ

У Беларусі стварылі дадатак, які дазваляе плаціць з дапамогай QR-кода. Праграму распрацавалі айчынныя ІT-спецыялісты сумесна з банкам. Такі спосаб моцна патанніць для дзяржавы фінансавую інфраструктуру. Бо аплата праходзіць ўнутры краіны, і міжнародныя плацежныя сістэмы не задзейнічаны. Сістэма ўжо працуе ў Гомелі і ў Барысаве. Там QR-кодам плацяць за праезд у транспарце.

«Дзесьці мы будзем эканоміць палову працэнта, дзесьці — працэнт ад сумы. Але калі гэта будуць мільярды транзакцый, гэта будуць мільёны долараў, якія мы сэканомім для эканомікі нашай краіны. Усё вельмі проста, лёгка і зручна — у той жа час яшчэ і эканамічна, — адзначыў член Савета па развіцці лічбавай эканомікі пры Савеце Міністраў Беларусі Алег Кандраценка.

Максімальна хуткія электронныя плацяжы, даступныя банкаўскія прадукты, лёгкія ў выкарыстанні і бяспечныя сэрвісы — гэта тое, да чаго сёння імкнецца любы банк. «На стыку банкаўскай дзейнасці і фінансавых тэхналогій нараджаюцца абсалютна новыя ўнікальныя прадукты. Выкарыстоўвайце іх, бо яны дазваляюць эканоміць вашыя рэсурсы, ваш час і вашы грашовыя сродкі», — адзначыў Андрэй Сакірка, намеснік старшыні Праўлення ААТ «Белінвестбанк».

Экасістэма, якую стварае банк у рамках сэрвісу «Аплаці», унікальная для беларускага рынку. У вашым смартфоне замест мноства мабільных праграм можа быць адна, якая дазваляе распараджацца ўласнымі фінансамі без камісій і дадатковых пераплат, адначасова мець зносіны, як у звычайным месенджары і карыстацца рознымі дадатковымі паслугамі і сэрвісамі. Дадзеная паслуга даступна сёння любому жыхару Беларусі незалежна ад таго, кліентам якога банка ён з'яўляецца. Усе магчымасці сэрвісу бясплатныя для фізічных асоб. «А для бізнесу — гэта спосаб істотна эканоміць на эквайрынгу і тэрмінальным абсталяванні», — зрабіла сваю экспертную ацэнку прадстаўнік Нацбанка.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.