Вы тут

Дом-музей Караткевіча, помнік Гервасію Выліваху. Што яшчэ рыхтуюць да 90-годдзя пісьменніка ў Рагачове


«Тут цягне жыць і кахаці, тут добра так, як нідзе, у старасвецкай хаце, у дзедаўскім родным гняздзе» — пісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч пра дом у Рагачове, дзе ён працаваў над сваімі лепшымі творамі. «Гняздо» стаіць і сёння, у ім жыве дух пісьменніка. І, каб захаваць памяць, улады і жыхары горада мараць арганізаваць музей. А калі атрымаецца, то цэлую арт-пляцоўку.


Тэма яе стварэння актуальная ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. І толькі летась сваякі пісьменніка нарэшце пайшлі на кантакт.

— У доме жывуць стрыечны брат з жонкай і сынам. Будынак прыходзіць у заняпад. Ні сродкаў, ні сіл на аднаўленне і ўтрыманне ў іх ужо няма, — патлумачыў намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Павел Бярэзінскі. — Цяпер яны згодны на іншае жыллё. Аднак, каб перавесці дом у камунальную ўласнасць, трэба належна аформіць неабходныя дакументы на дом, чым і займаемся цяпер, а пасля правесці рыначную ацэнку. Кошт дома і будзе падставай для выдзялення сродкаў. Пытанне стаіць на асабістым кантролі старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя, і ўжо праз некалькі месяцаў трэба будзе агучыць справаздачу.

...Спачатку рагачоўскі дом належаў дзеду Уладзіміра Сямёнавіча, а потым перайшоў да дзядзькі пісьменніка, якога класік называў другім бацькам. Менавіта туды з вялікім задавальненнем прыязджаў Караткевіч, там яму і салодка працавалася, як нідзе. Яго ў любы час чакаў уласны пакой з двума вокнамі на вуліцу і двума ў сад.

— Набытыя ім самім стол, крэсла і кушэтка, а таксама некаторыя асабістыя рэчы захаваліся дагэтуль. Яны і складуць аснову першай экспазіцыі, — распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Прус. — У іншым пакоі плануем арганізаваць адмысловую залу літаратараў. З Рагачовам жа звязаны лёсы шматлікіх пісьменнікаў. Гэта і Андрэй Макаёнак, і Міхась Лынькоў, і Алена Васілевіч, і яўрэйскі пісьменнік Самуіл Галкін і наш ганаровы грамадзянін, сучаснік Васіль Ткачоў. Таму там мы будзем ладзіць прысвечаныя ім выставы, канферэнцыі, сустрэчы з іншымі вядомымі людзьмі... Хочацца задзейнічаць і прысядзібны ўчастак. Магчыма, пабудуем амфітэатр. Тады гэтае месца стане сапраўднай арт-пляцоўкай.

Плануецца, што дом музей будзе адным з адметных пунктаў турыстычнага маршруту. У яго ўжо ўвайшлі і Замкавая гара, дзе зліваецца Днепр і Друць, і крыж Томашу Грыневічу, і вёска Азярышча, дзе, згодна з раманам «Каласы пад сярпом тваім», «груша цвіла апошні год»...

Лёс класіка і яго творчасць цесна перапляліся з самім Рагачовам. І мясцовыя жыхары, адчуваючы ўсю любоў пісьменніка да родных мясцін, ганарацца ім і вельмі яго шануюць. Так, імя Караткевіча носяць адна з вуліц і цэнтральная раённая бібліятэка, на доме ў цэнтры горада размешчаны стрыт-арт з яго партрэтам, а ў мясцовым музеі захоўваюцца кнігі з аўтографам аўтара. А таксама ўстаноўлена шмат памятных знакаў. Да іх далучыцца помнік герою твора «Ладдзя Роспачы» Гервасію Выліваху, які не пабаяўся згуляць у шахматы з самой смерцю і перамог. Ужо гатовы эскіз, які выйграў у конкурсе. На ім — сам герой, а побач — вясло і шахматная ладдзя.

Сёлета ў лістападзе адзначаецца 90-годдзе са дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Гараджан і гасцей чакаюць шматлікія выставы, мерапрыемствы, літаратурныя конкурсы. Улады Рагачова спадзяюцца ажыццявіць усё задуманае. І тады можна будзе сабе толькі ўявіць размах свята.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота: Свабоднае слова

Загаловак у газеце: «Тут цягне жыць і кахаці...»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.