Вы тут

Тое, што помніцца. Генадзь Бураўкін: згадкі і роздум


Тройчы Генадзь Бураўкін быў на мяжы небыцця. Не ў метафарычным, не ў паэтычным, а ў самым прамым, літаральным сэнсе гэтага слова.


Першы раз гэта здарылася ў вайну. У  дзін з зімовых дзён сорак чацвёртага ўсіх насельнікаў невялікай расонскай вёскі Шуляціна карнікі сагналі на яе ўскраек.

«...Мы стаім на ўзгорку трыма радамі, — прыгадваў пазней паэт. — Першы, рэдзенькі — мужчыны, дзяды; другі, заплаканы, няроўны — жанчыны з малымі на руках і трэці — мы, каму шэсць — дзесяць — дванаццаць гадоў. На нас нацэлены кулямёт, за ім — як сёння помню — ляжыць здаравенны немец у даўгім шынялі. Стаяць на ўзгорку і паліцаі — там, за кулямётам, па той бок. Мы чакаем, чакаем стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма...

Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі... Я тады не ведаў, што дзверы лазні забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць газы ці бензіну...

Фота Анатоля Клешчука.

Я не помню твару таго, хто вызваліў нас. Помню толькі, што гэта быў немец, радавы салдат, сівы. Ён не ўмеў гаварыць па-руску і ўсё махаў рукамі ў бок лесу... Мы ўсе ўцяклі, усе выратаваліся. У партызанскім лагеры сустрэлі чырваназорныя танкі, нашу армію...»

У другі раз (а гэта было ў канцы дзевяностых) Генадзь Мікалаевіч не толькі зазірнуў у вочы вечнасці, але і пабыў там некалькі хвілін. Падчас вострай дыскусіі з апанентам ягонае сэрца спынілася. На шчасце, побач аказаўся калега Алесь Масарэнка, які здолеў аказаць патрэбную дапамогу. Урачы пасля сказалі: «Буйнаачаговы інфаркт міякарда. Лічыце, што вы нарадзіліся ў сарочцы...»

На мяжы небыцця Бураўкін пабыў і вясною 2009 года. Ягонаму збалеламу, параненаму сэрцу запатрабавалася аорта-каранарнае шунціраванне. Няпроста было рашыцца на гэтую цяжкую, складаную аперацыю. Дзякуй Богу і ўрачам, усё абышлося. І яшчэ цэлых пяць гадоў Генадзь Мікалаевіч мог паўнавартасна радавацца жыццю, пісаць вершы.

***

Гэтыя поўныя драматызму эпізоды я прыгадаў невыпадкова. Яны, па прызнанні самога паэта, сталіся не проста запамінальнымі, але і ў пэўнай ступені вызначальнымі ў ягоным жыцці. Той хлапчукоўскі страх пад дулам нямецкага кулямёта, што ледзяніў душу мацней за студзеньскі мароз, значна пазней адгукнуўся ў вершах, стаў асноваю паэмы «Хатынскі снег».

«Вайна жыве ўва мне, — пісаў Бураўкін у сваёй першай пісьменніцкай аўтабіяграфіі. — Пяцігадовым хлапчуком на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі... я бачыў і чалавечую подласць, і чалавечую высакароднасць». Гэтыя адчуванні, гэтыя пачуцці, можна сказаць, вызначалі і фарміравалі светаадчуванне паэта, гартавалі яго грамадзянскую пазіцыю.

Генадзь Мікалаевіч лічыў, што і тыя выпрабаванні, якія выпалі на яго долю ў апошнія гады, таксама былі для нечага пасланы Богам. Ва ўсялякім разе, ён лішні раз пераканаўся, што ў яго нямала сапраўдных сяброў, якія падтрымалі яго ў цяжную часіну, далі зразумець, што ён нешта значыць у гэтым жыцці. А гэта надзвычай важна: адчуваць важнасць таго, што ты робіш.

Генадзь Бураўкін даволі рана вызначыў (а дакладней, адчуў) сваё пакліканне, сваё жыццёвае прызначэнне — служыць роднаму слову. Першыя вершы былі надрукаваны ў полацкай абласной газеце, калі ён яшчэ вучыўся ў школе. Тады ж адбылася і публікацыя ў «Полымі» — галоўным літаратурным часопісе. Вядома, усё гэта акрыляла, надавала ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Аднак сапраўдным пачаткам сур'ёзнай літаратурнай работы Генадзь Мікалаевіч лічыў студэнцкія гады, калі ён вучыўся ва ўніверсітэце на аддзяленні журналістыкі. Аглядваючыся на той час, паэт прызнаваўся: «...у прынцыпе я шчаслівы, што, як мне здаецца, угадаў свой лёс і, калі, можа быць, не вельмі змог раздзьмуць, дык усё-такі не затаптаў тую іскрынку, якую падараваў мне Бог...»

***

Творчы лёс Генадзя Бураўкіна склаўся даволі шчасліва. Ягоныя вершы адразу вылучылі і палюбілі чытачы, заўважылі і адзначылі крытыкі. Паэт быў уганараваны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы.

Бураўкіна нярэдка папракалі за ягоную залішнюю эмацыянальнасць, выбуховасць характару. У гэтых папроках ёсць доля праўды. Паэт і сам разумеў, што часам лепш было б змаўчаць, не рэагаваць на дробязі. Але што зробіш? «Такі ў мяне характар, такі ў мяне тэмперамент. Так, у сваіх перакананнях, у цвёрдасці пазіцый я іншы раз, напэўна, занадта катэгарычны, але я гэтага не баюся. Абы не было папрокаў у нячэснасці... З гадамі я, спадзяюся, стаў спакайнейшым, мудрэйшым».

І гэта праўда. З гадамі ён адышоў ад максімалісцка-юначага, чорна-белага ўспрыняцця рэчаіснасці. Крытыка дзеля крытыкі — не ягоны прынцып. Ён імкнуўся крытыкаваць не тую або іншую асобу, а яе канкрэтныя дзеянні.

Гаварыць з Генадзем Мікалаевічам было заўсёды цікава. У яго на кожную падзею меўся свой погляд, часам нечаканы, парадаксальны, але абавязкова аргументаваны, асветлены яго багатым і жыццёвым, і літаратурным, і дыпламатычным вопытам.

Часцей за ўсё мы, вядома, размаўлялі пра літаратуру. Мяне здзіўляла неспатольная цікавасць Генадзя Мікалаевіча да ўсяго, што тут адбываецца. Чытаў ён амаль усё, што друкавалася ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Дзеяслоў». Уважліва сачыў за кніжнымі навінкамі. Шчыра радаваўся (што, дарэчы, вялікая рэдкасць сярод пішучай браціі) творчым удачам сяброў, калег. Засмучаўся дзіўнай грамадзянскай інфантыльнасцю многіх маладых літаратараў, іх празмернай захопленасцю фармальнымі пошукамі, псеўданаватарствам...

***

...На чарговым шпацыры ў парку гаворка зайшла пра сучасную беларускую літаратуру.

— Што такое паэзія?— перапытвае мяне Генадзь Мікалаевіч. — Гэта нешта высокае, таямнічае, Боскае. Таму і паэты ў нашым грамадстве заўжды ўспрымаліся як прарокі. Яны нават знешне вылучаліся. Вазьмі таго ж Максіма Багдановіча, Янку Купалу. Альбо пазнейшае пакаленне — Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанку. Ці, скажам, нашае пакаленне — Ніла Гілевіча, Янку Сіпакова, Васіля Зуёнка... Усе яны — прыгожыя, светлыя хлопцы.

...Загаварылі пра мову. Кажу, што многія з нашых пісьменнікаў пачалі ўжываць розныя паланізмы ды ўкраінізмы: адсоткі (працэнты), унёсак (уклад), мапа (карта), мінак (пешаход), брамнік (варатар), гулец (ігрок), кіроўца (шафёр), заўзятар (балельшчык) ды іншае.

Кажу, што гэта робіцца не ў час. Наша бедная мова і так ледзь хаўкае, ледзьве жывая, а тут яе засмечваюць, дабіваюць дарэшты. Навошта гэта рабіць? Толькі дзеля таго, каб не была падобная да рускай мовы?

— Не, справа не ў гэтым, — не пагадзіўся Бураўкін. — Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца тым, каб адысці ад наркамаўкі.

— Дык жа не цяпер гэта рабіць!

— От і я кажу. Трэба спачатку разабрацца з тым, што маем, а тады ўжо займацца рэфармаваннем.

***

Некалькі важных думак Бураўкіна з яго нядаўняга, юбілейнага інтэрв'ю.

Пра высокае і нізкае.

— Мяне часам да шаленства даводзіць тое, наколькі нізкі духоўны ўзровень і інтэлектуальнага жыцця, і многіх твораў. Што такое для гісторыі, для грамадства, для чалавецтва (не будзем баяцца высокіх слоў), хто з кім пераспаў, хто з кім ажаніўся, хто каго абдурыў? Гэта ў жыцці было, ёсць і будзе, але заўсёды — мне так здавалася — было і нешта высокае, да чаго трэба было імкнуцца, арыентуючыся на што трэба было жыць. Дык вось, у тыя, савецкія часы, хай фармальна, былі заклікі, было імкненне да нечага высокага. Не ва ўсіх, але было.

Пра таленавітае і бяздарнае.

— «Большое видится на расстояньи...» Гэта, канешне, сказана геніяльна і дакладна, але гучыць яно ў нейкім сэнсе і як апраўданне. Апраўданне палітычнае і нават мастацкае. Маўляў, чаго вы сёння даяце такую ацэнку, пачакайце, прыйдзе час, тады будзе бачная праўда. А я думаю, у мастацтве, у той жа літаратуры, некаторым рэчам не трэба адлегласць, каб даць ім справядлівую ацэнку. Калі што бяздарнае, то яно ўжо і сёння бяздарнае. Калі добрае — то відно, што добрае. Іншая справа, што час можа зрабіць папраўку: ці ўзвялічыць, ці, наадварот, прынізіць. Але мне хочацца, каб гэта здарылася пры нас, каб у нашым часе мы адчувалі справядлівую цану таму, што маем.

Пра актуальнасць класікі.

— Апошнім часам, можа, таму што пастарэў ці пасталеў, можа, таму што хваробы прымушалі да засяроджвання больш, чым раней, я люблю перачытваць класікаў. І не толькі адкрыў для сябе нешта новае, як заўсёды бывае, калі перачытваеш класікаў, я ў нейкім сэнсе жахнуўся ад іхняй злабадзённасці. Таму што ўсё ж такі хочацца верыць, што прагрэс, у тым ліку і духоўны, ідзе. А атрымліваецца як? Чытаю Гогаля — сённяшні дзень, чытаю Салтыкова-Шчадрына — гэта не проста сённяшні дзень, гэта ў дэталях абсалютна дакладны здымак сённяшняй сітуацыі ў грамадстве. Я не ведаю — ці то радавацца за класікаў, якія яны былі мудрыя, ці жахацца за грамадства, за прагрэс...

***

...Генадзь Мікалаевіч раптам паведаміў, што трапіў у рэанімацыю, не падымаецца з ложка. І стан яго, відаць, неважнецкі, бо гаварыў нейкім здушаным голасам, неахвотна:

— Мне цяпер не да чытання, не да размоў. Дый бачыць я нікога не хачу.

Такая заява мяне зусім засмуціла. Не дай Бог, што-небудзь сапраўды сур'ёзнае.

 

Бураўкіна перавезлі ў лечкамісію. Яму стала нібыта лепш. Аднак ён усё яшчэ не падымаецца, нават сядзець не можа — баліць. І гаварыць цяжка: скажа фразу — і адпачывае...

Як ні змагаўся Генадзь Мікалаевіч з праклятаю немаччу, як ні чапляўся за жыццё (так хацелася яму дачакацца кнігі), усё ж страшная хвароба перамагла. Майго старэйшага сябра, майго любімага паэта не стала. Адмаяўся, адпакутаваў, адгараваў. Адышоў у лепшы свет...

***

...Ужо шосты год, як няма з намі Генадзя Бураўкіна. Гэтымі днямі пра яго думаецца асабліва цёпла, сардэчна.

Я выдатна разумею ўсю веліч і значэнне Бураўкіна як паэта, як грамадскага дзеяча, як грамадзяніна. Але сёння мне хочацца сказаць колькі слоў пра яго проста як пра чалавека, блізкага таварыша, шчырага сябра.

Больш за сорак гадоў Генадзь Мікалаевіч быў у маім жыцці. А ў апошнія дзесяць—пятнаццаць гадоў — вельмі блізка. Я мог у любы час патэлефанаваць яму, паспавядацца, параіцца, нечаму разам парадавацца ці засмуціцца. А калі ўжо вельмі кепска было на душы, то ішоў да яго на сустрэчу, нібы на споведзь і прычашчэнне.

А была ў нас яшчэ адна агульная захопленасць — грыбы. Як толькі на Камароўцы з'яўляліся першыя каласавікі, Генадзь Мікалаевіч ужо званіў-непакоіўся:

— А можа з'ездзім?..

Наша любімая мясціна — верасовыя, звонка-векавыя бары на Уздзеншчыне, за Магільнам. Там, на ўскрайку жытнёвага поля, на ўтульнай лясной палянцы, была ў нас свая запаветная мясціна. Мы атабарваліся каля вялікіх, нагрэтых скупым асеннім сонцам валуноў, раскладвалі цяпельца, сма-
жылі на ражончыках сала, бралі чарку — і гаманілі, гаманілі... Часам гамонка займала больш часу, чым збіранне грыбоў. І гэта былі хвіліны высокай душэўнай еднасці, безагляднай шчырасці і, як я цяпер разумею, хвіліны сапраўднага, на жаль, ужо незваротнага шчасця.

Што зробіш... Ужо амаль шэсць гадоў, як Генадзя Мікалаевіча няма з намі. Але, далібог, я па-ранейшаму адчуваю яго прысутнасць. Па-ранейшаму жыву, звяраючы па ім свае думкі, свае пачуцці, свае ўчынкі. Калі стаю перад нейкім няпростым выбарам, то перш за ўсё прыкідваю: а як бы ў гэтым выпадку паступіў Генадзь Мікалаевіч?

А калі бывае журботна, скрушна на душы, я разгортваю яго кнігі — і яго паэзія наталяе мяне спакоем і мудрасцю.

А яшчэ я маю неацэнны скарб — восем гадзін дыктафоннага запісу гутаркі з Генадзем Мікалаевічам. Калі я ўключаю камп'ютар і чую яго голас — ствараецца поўная ілюзія, што ён нікуды не сыходзіў. Што ён побач...

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Загаловак у газеце: З ЛЮБОЎЮ І НЯНАВІСЦЮ ЗЯМНОЮ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.