Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы з году ў год не становіцца менш


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы краіны органамі пагранічнай службы ў 2020 годзе.

«Рашэнне на ахову граніцы штогод выносіцца на зацвярджэнне Прэзідэнта, бо пагранічная бяспека — найважнейшае пытанне дзяржаўнай палітыкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў сваім уступным слове падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі. — На жаль, выклікаў і пагроз пагранічнай бяспекі з году ў год не становіцца менш. Растуць патокі незаконнай міграцыі, аб’ёмы кантрабанды наркотыкаў і іншых сродкаў злачыннай дзейнасці. Павялічваецца ваенная актыўнасць па той бок граніцы. Пры гэтым Беларусь ніколі нікому не пагражала і не пагражае і не збіраецца. Як у сферы эканомікі, так і ў сферы ваеннай». 


Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што, кажучы пра эканоміку, мае на ўвазе шквал крытыкі ў адрас Беларусі з боку Расіі з нагоды быццам бы пагрозы спыніць пастаўкі нафты на захад і адбірання нафты з транзітнага нафтаправоду для забеспячэння ўнутраных патрэб. 

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі прадугледжвае пастаўку ў Беларусь 24 мільёнаў тон нафты», — напомніў Прэзідэнт. 

Летась кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб павелічэнні штатнай колькасці пагранічнага ведамства для ўмацавання дзеючых падраздзяленняў граніцы, стварэнні новых застаў, а таксама баяздольных манеўраных груп. «Яны павінны граматна і эфектыўна выкарыстоўвацца ў ахове пагранічных рубяжоў, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Для аператыўнага рашэння задач у розных умовах абстаноўкі аснашчацца сучаснымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі».

Таксама неабходна прадметна выкарыстоўваць зацікаўленасць Еўрасаюза ва ўмацаванні супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь па супрацьдзеянні агульным пагрозам, дадаў Аляксандр Лукашэнка. «Удасканаленне пагранічнай інфраструктуры абыходзіцца нам не танна, і мы разлічваем на больш шырокую падтрымку і садзейнічанне. Дарэчы, не толькі з боку Еўрапейскага союзу, бо гэта — наша агульная мяжа з Расійскай Федэрацыяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Важным пытаннем Прэзідэнт назваў забеспячэнне транзітнай і турыстычнай прывабнасці Беларусі. «Мы паслядоўна аптымізуем візавую палітыку. Пры гэтым пільнасць на мяжы ніхто не адмяняў. Парушэнні павінны гарантавана выяўляцца, а яшчэ лепш — прафілактавацца і папярэджвацца, — запатрабаваў беларускі лідар. — Кожны метр граніцы павінен быць надзейна абаронены, у тым ліку з дапамогай самых сучасных тэхнічных сродкаў. І, канешне, як заўсёды ў нас было — з максімальнай дапамогай мясцовага насельніцтва».

Аляксандр Лукашэнка папрасіў старшыню Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо далажыць: якія асноўныя праблемныя пытанні пагранічнае ведамства будзе вырашаць у бягучым годзе? Як вядзецца работа па стварэнні нармальных бытавых умоў для пагранічнікаў і іх сем’яў? Што яшчэ неабходна зрабіць для забеспячэння эфектыўнай дзейнасці пагранічнай службы?

Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь адзначыў зніжэнне затрыманых парушальнікаў мяжы ў мінулым годзе амаль напалову. «Гэта звязана з нарошчваннем шчыльнасці аховы мяжы за кошт павелічэння штатнай колькасці органаў пагранічнай службы, а таксама сігналізацыйнага прыкрыцця рубяжоў, — патлумачылі ў прэсс-службе Дзяржпагранкамітэта. — Таксама гэтаму садзейнічала актыўная прафілактыка правапарушэнняў».


У 2019 годзе Дзяржпагранкамітэтам абсталявана 58 новых рубяжоў аховы, больш за 90 кіламетраў загародаў для аснашчэння сігналізацыйнымі сродкамі, сігналізацыйнымі комплексамі прыкрыты больш за 97 кіламетраў мяжы. Агульная плошча сігналізацыйнага прыкрыцця рубяжоў па ўсёй мяжы складае каля 610 кіламетраў. Асаблівая ўвага нададзена ўчастку мяжы, які праходзіць па тэрыторыі «зоны адчужэння». Летась у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку тэхнічнымі сродкамі аховы мяжы прыкрыты асноўныя аператыўна-значныя кірункі. 

«У 2019 годзе мы стварылі шэсць паўнавартасных манеўраных груп, увялі ў строй дзве пагранічныя заставы на украінскім кірунку. Сёлета нам належыць сфарміраваць яшчэ дзве манеўраныя групы і адну пагранічную заставу ў населеным пункце Дзеражычы», — расказаў журналістам Анатоль Лапо.

Старшыня Дзяржпагранкамітэту дадаў, што ў прафілактыцы правапарушэнняў на далёкіх подступах да дзяржаўнай мяжы павысілася роля мясцовага насельніцтва. «Мы завяршылі стварэнне ў прымежжы добраахвотных народных дружын. Сёлета паставілі гэтую работу на новы ўзровень, удасканалілі яе, улічылі памылкі, якія былі ў мінулых гадах», — паведаміў ён. 

Пагранічнікі адзначаюць, што падчас правядзення ў Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў усплёску парушэнняў дзяржаўнай мяжы не дапушчана. З адкрыццём пагранічнай заставы «Каменны Лог» Смаргонскай пагрангрупай завяршаецца абсталяванне аховы Дзяржаўнай мяжы на прыбалтыйскім кірунку. Усяго за мінулы год праз дзяржаўную мяжу Беларусі было прапушчана больш за 26 мільёнаў асоб і 9 мільёнаў транспартных сродкаў.

Разам з тым, Беларусь па-ранейшаму выкарыстоўвалася для транзіту незаконных мігрантаў і наркатрафіку. «Органамі пагранічнай службы ліквідаваны 20 каналаў незаконнай міграцыі, затрыманы 32 арганізатары і паплечнікі, ліквідаваны 18 каналаў кантрабанды наркотыкаў, з незаконнага абароту канфіскавана больш за 1 тонну наркотыкаў — удвая больш, чым у 2018 годзе», — паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?