Вы тут

Як праходзіў кастынг «Міс Беларусь» у Мінску


Эльфійка з лукам, кулінарныя сакрэты і прыгажосць з сэнсам

Сёлета пошукі галоўнай прыгажуні і нацыянальнага сімвала дзявочага хараства зладжаны як ніколі маштабна. Тэлеканал АНТ і Міністэрства культуры, якія выступаюць суарганізатарамі конкурсу, далі шанс заявіць аб сабе кожнай беларускай дзяўчыне ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў і ростам ад 174 сантыметраў (зрэшты, як паказала практыка, сантыметровая «мяжа» ўспрымалася вельмі ўмоўна). 

Так, папярэднія адборы прайшлі ва ўсіх рэгіёнах краіны — спачатку на ўзроўні гарадоў і раёнаў, потым — у абласцях. На пачатак лютага ўдзел у адборы ўзялі ўжо звыш 2000 дзяўчат — гэта ў два з лішкам разы больш, чым у мінулым конкурсе 2018-га. А ў гэтыя выходныя, 15 і 16 лютага, магчымасць заскочыць у апошні вагон скарысталі не толькі мінчанкі, але і жыхаркі ўсіх астатніх рэгіёнаў і нават іншых краін, якія не паленаваліся даехаць да сталіцы і прыйсці ў Нацыянальную школу прыгажосці.

Унутры, як ні дзіўна, атмасфера спакою і засяроджанасці — ні табе груп падтрымкі з насоўкамі і валяр’янкай, не мноства нервовых маладых людзей пад дзвярыма. Дзяўчаты праходзяць рэгістрацыю, атрымліваюць парадкавы нумар і тройкамі выходзяць да журы — а ў камісіі, між іншым, дзясятак прафесіяналаў індустрыі моды і прыгажосці, фатаграфіі, шоу-бізнесу і тэлебачання, і нават цэлы намеснік міністра культуры, і кожны можа знянацку задаць якое-небудзь няпростае пытанне. Але дзяўчаты не губляюцца, адчытваюць свае самапрэзентацыі ўпэўнена і ў пікіроўкі з журы ўступаюць смела. Сакрэт такой падкаванасці аказваецца сакрэтам полішынеля — многія з дзяўчат прызнаюцца, што спецыяльна сачылі за анлайн-трансляцыяй папярэдніх адбораў і ведалі, чаго чакаць. А некаторыя наогул пачуваюцца на кастынгу як дома.

«Я на «Міс Беларусь» ужо ў трэці раз, — расказвае 22-гадовая Таццяна, — спачатку дайшла да другога этапу, у 2016-м трапіла ў топ-100, таму цяпер, спадзяюся, дакладна пашанцуе!». Дзяўчына гатовая нават паставіць на паўзу асабістае жыццё — гаворыць, яе каханы ведае, што яна даўно марыць выступіць у нацыянальным конкурсе прыгажосці, і ва ўсім падтрымлівае.
Удзельніцы ўражваюць не толькі пералікам атрыманых спецыяльнасцяў і прафесій — стаматолагі, педыятры і ўрачы іншых спецыяльнасцяў, супрацоўніцы турфірмаў і выхавацелькі ў дзіцячых садках, інжынеры-праграмісты, юрысты, спартсменкі, эканамісты перамяжаюцца з актрысамі, танцоркамі, вакалісткамі, прычым часта адно не перашкаджае другому. Бачылі б вы, як Карына Кісялёва з палкасцю і рызыкоўна танчыла стэп на высачэзных абцасах, альбо як пераканаўча дзіцячы хірург Кацярына Новікава, якая да таго ж грае на трох музычных інстурментах — акардэоне, піяніна і гітары — праспявала а капэла хіт Глорыі Гейнар «I will Survive»!). 

У некаторых «корачкі» і прафесія разыходзяцца кардынальным чынам — напрыклад, Паліна Міцько, якая ўжо 5 гадоў вучыцца і жыве ў харвацкім Спліце, ніяк не можа выбраць паміж Беларуссю і Харватый, паміж танцамі і праграмаваннем; а Валерыя Сарока скончыла радыётэхнічны ўніверсітэт, але працуе... кандытарам у казіно, і нават пачаставала журы сваімі фірменнымі трапічным эклерам і круасанам з міндальным крэмам. «Як добра, калі ты не дзяўчына і не баішся паправіцца», — пракаментаваў пачастунак удзельнік журы, фатограф Міхаіл Маруга.

Высокая нават на фоне «ад 174 і вышэй», зграбная, нібы эльф, Анастасія Філімонава расказала пра сваё захапленне — касплей, якім займаецца ўжо некалькі гадоў і разам з сябрамі выступае на адпаведных фестывалях. «А можаце паказаць што-небудзь?» — зацікавілася журы. «Канешне», — усміхнулася дзяўчына і вынесла... уласнаручна зроблены лук, з якім пад напружанымі позіркамі аператараў прадэманстравала некалькі асабліва эфектных поз. 

Судзейская камісія, загартаваная дзясяткамі папярэдніх кастынгаў, умудраецца за некалькі хвілін «раскрыць» кожную прэтэндэнтку. Адну, якая расказвае пра любоў да кулінарыі, распыталі, што трэба пакласці ў боршч, каб той не згубіў колеру, другой, лінгвісту з веданнем некалькіх замежных моў, прапанавалі падтрымаць дыялог на італьянскай і іспанскай. «А я вось выдатна валодаю беларускай мовай, бо нарадзілася ў вёсцы Дварэц у Брэсцкай вобласці і ў нашай школе ўсе-усе прадметы былі на беларускай», — вяртае журы да каранёў наступная ўдзельніца. 

Выпускніца вядомага ансамблю «Равеснік» Лада Бялькевіч — чэмпіёнка свету па танцах 2017 года, прафесійная гімнастка, балерына і сапраўдная патрыётка беларускага танцу, што з бляскам даказала на кастынгу, выконваючы шпагат і паўсальта ў «Таўкачыках».

— Колькі разоў вы адціскаецеся? — спыталі ў прыгажуні, якая некалькі гадоў займалася мнагабор’ем.

— Цяпер мо 15, а калі займалася, то было 35.

— Вось тут Жэня Булка гаворыць, што адціскаецца 50 разоў, але мы яму не надта верым... Паспрабуеце разам? — прапаноўвае кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач, і тэлевядучы без эківокаў здымае пінжак. Раз, два, пятнаццаць... Дзяўчына выходзіць з барацьбы пасля 18-ці адцісканняў, Булка працягвае да 45, пакуль яго хорам не ўгаворваюць спыніцца.

Наогул, заўважае Яўген Булка ў перапынку, дзяўчаты, якія прыходзяць на конкурс, вельмі матываваныя. І нават калі яны не дацягваюць па росце альбо маюць пару лішніх сантыметраў у аб’ёмах, ім ёсць, чым зачапіць і зацікавіць: «Мы з калегамі прыйшлі да высновы, што дзяўчатам трэба даваць шанс прайсці далей за адзін толькі адказ на каверзнае пытанне, бо ў адказах адчуваецца характар, а калі ёсць характар, то ёсць і перспектыва. Гісторыя конкурсу «Міс Беларусь» сведчыць, што дзякуючы характару часам адбываюцца сапраўдныя пераўвасабленні — хтосьці працуе над целам, над постаццю і дасягае ашаламляльных вынікаў, хтосьці раскрывае ў сабе маральна-валявыя якасці...»

Пасля перапынку ідзе «другая хваля» ўдзельніц — пераважна гэта іншагароднія альбо тыя, хто ў суботу працуе. Дзяўчаты з Бабруйска, Петрыкава, Магілёва, Слоніма, Гродна, Салігорска, Мінска, некаторыя з якіх прызнаюцца, што хвалююцца выступаць перад публікай, пад святлом сафітаў дэманструюць цуды красамоўства, дасціпнасці, спартыўнай падрыхтоўкі і творчых талентаў. Вельмі многія расказваюць пра ўдзел у дабрачынных і валанцёрскіх ініцыятывах — прычым калі для адных гэта толькі эпізод у біяграфіі, то для другіх — прынцыповая пазіцыя (так, 23-гадовая магіляўчанка Дар’я трэніруе па настольным тэнісе дзяцей з ДЦП, а яшчэ адна з удзельніц, маленькі брат якой у 6-гадовым узросце перажыў інсульт, хоча распрацаваць вялікую дабрачынную праграму па падтрымцы іншых беларускіх сем’яў, якія сутыкнуліся з гэтай бядой).

...Калі не ва ўсіх, то ў кожнай другой удзельніцы мінскага кастынгу было, чым здзівіць і ўразіць, акрамя дзявочай прыгажосці, харызмы і абаяльнасці. Таму як журы збіраецца, яшчэ раз перагледзеўшы звыш 50 гадзін відэазапісу і тысячы фота і анкет, вызначыць 100 паўфіналістак, а з іх ліку — 30 фіналістак праекту, якія і паспаборнічаюць 15 мая за карону «Міс Беларусь 2020» — нават уяўляць не будзем. Нагадаем толькі, што 16 лютага ў Нацыянальнай школе прыгажосці — апошні, на гэты раз дакладна, адборачны кастынг. Мяркуеце, вам таксама ёсць, як сябе паказаць? Тады ідзіце і паказвайце, не ўпусціце шанец — наступны такі, паводле конкурснага рэгламенту, выпадзе толькі праз 2 гады.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.