Вы тут

Падведзены вынікі маштабнага абследавання хатніх гаспадарак


У Беларусі, паводле звестак Белстата, каля 84 % хатніх гаспадарак выкарыстоўвае для ацяплення і прыгатавання ежы «чыстыя» — няцвёрдыя — віды паліва. Прычым у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу гэты паказчык вышэйшы за 95 %, у сельскіх населеных пунктах — крыху большы за 50 %. Больш за 90 % дзяцей ва ўзросце трох-чатырох гадоў ахоплены адукацыйнымі праграмамі для ранняга развіцця. У пачатковай школе большая частка
малых лепш спраўляецца з чытаннем, чым з матэматыкай.

А 68 % дзяцей бацькі дапамагаюць рабіць хатнія заданні, пры гэтым пісьменнасць моладзі складае 100 %. І нарэшце, доля тых, хто лічыць сябе адносна ці вельмі шчаслівым, складае 90 % сярод жанчын і 86 % сярод мужчын ва ўзросце ад 15 да 49 гадоў. Моладзь адчувае сябе яшчэ больш шчаслівай.


У 2019-м Белстат правёў шосты раўнд шматіндыкатарнага кластарнага абследавання хатніх гаспадарак (МІКС 6). У Беларусі яно праводзілася трэці раз (папярэднія раўнды былі ў 2005-м і 2012-м). Даследчыкі вывучалі становішча жанчын і дзяцей у краіне, збіралі інфармацыю па больш чым 140 паказчыках. Каля 9 тысяч сем'яў (а гэта больш за 20 тысяч рэспандэнтаў) адказалі на дзясяткі розных пытанняў: ад доступу да электрычнасці і відаў паліва, якое выкарыстоўваюць, да асаблівасцяў выхавання дзяцей, ужывання алкаголю і адчування бяспекі і шчасця. Абследаванне праводзілася пры фінансавай падтрымцы Дзіцячага фонду ААН, Еўрапейскага саюза, Сусветнага банка, урада Расійскай Федэрацыі і Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці.

— Шматіндыкатарнае кластарнае абследаванне МІКС дае выдатны шанц убачыць усебаковую карціну жыцця дзяцей і жанчын у Беларусі, параўнаць яе з сітуацыяй у іншых краінах, якія праводзяць падобнае абследаванне. Разлік вёўся па больш чым 140 паказчыках, актуальных для нашай краіны, — адзначае старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

Цяперашняе абследаванне адлюстравала паляпшэнне асноўных паказчыкаў — такіх як харчаванне дзяцей груднога і ранняга ўзросту, лячэнне і догляд хворых дзяцей, асноўныя метады выхавання дзіцяці ў сям'і, дзейнасць дарослых, якія дапамагаюць навучанню дзяцей у раннім узросце, і падрыхтоўка да школы, лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення статыстычнага ўзроўню жыцця насельніцтва і абследавання хатніх гаспадарак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна КАНАШОНАК.

Чыстыя віды паліва ў 84 % беларусаў, водаправод — у 90 %

— Віды паліва, якія выкарыстоўваюцца для абагрэву, прыгатавання ежы і асвятлення, з'яўляюцца важным паказчыкам сацыяльна-эканамічнага становішча хатніх гаспадарак, бо могуць дрэнна адбівацца на здароўі як дарослых, так і дзяцей. Цвёрдыя віды паліва з'яўляюцца забруджвальнымі і несучаснымі, а няцвёрдыя лічацца «чыстымі», — удакладніла Іна Канашонак.

Каля 84 % беларусаў выкарыстоўвае «чыстыя» віды паліва і тэхналогіі. Прычым у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу гэты паказчык вышэйшы за 95 %, у сельскіх населеных пунктах — крыху большы за 50 %. Для прыгатавання ежы амаль усе сем'і выкарыстоўваюць «чыстыя» віды паліва і тэхналогіі — электрычнасць і газ: у гарадах і гарадскіх пасёлках — на 100 %, у сельскіх населеных пунктах — на 99 %. Электрычнае і газавае ацяпленне выкарыстоўвае 84 % гаспадарак: у гарадах — 95 % сем'яў, у сельскай мясцовасці — 53 %. Для асвятлення жылля ўсе гаспадаркі выкарыстоўваюць электрычнасць — паказчык складае 100 %.

Палепшанымі крыніцамі пітной вады карыстаецца амаль усё насельніцтва Беларусі. У 90 % хатніх гаспадарак вада праведзена ў дом. Калі ў гарадах і гарадскіх пасёлках водаправодам карыстаецца 96 % беларусаў, то ў сельскай мясцовасці — 74 %. (Сем гадоў таму іх было на 15 % менш.)

Алкагольныя напоі ў нашай краіне па выніках абследавання ўжывае менш за палову жанчын і 2/3 мужчын. Ва ўзросце да 15 гадоў алкагольныя напоі пакаштавалі 3 % дзяўчат і 7 % хлопцаў. Усе паказчыкі па ўжыванні алкаголю цяпер ніжэйшыя, чым былі ў 2012 годзе, калі праводзілася папярэдняе абследаванне.

Толькі траціна мужчын займаюцца са сваімі дзецьмі

Усе апытаныя жанчыны ва ўзросце да 49 гадоў, якія нарадзілі дзіця ў апошнія два гады, як мінімум чатыры разы наведвалі, назіраліся ў медыцынскага работніка, прычым пераважна ў высокакваліфікаванага ўрача. Цікава, што падчас цяжарнасці будучыя мамы звяртаюцца і да платных паслуг. Па выніках абследавання 2/3 цяжарных жанчын карысталіся толькі бясплатнымі медыцынскімі паслугамі, 3 % — толькі платнымі і 30 % карысталіся і тымі, і іншымі.

Усе беларускі нараджаюць у прысутнасці кваліфікаванага медыцынскага персаналу, і амаль усе — у арганізацыях аховы здароўя. Амаль 60 % маці знаходзяцца пад назіраннем кваліфікаваных медыцынскіх работнікаў у арганізацыях аховы здароўя на працягу 3—6 дзён пасля родаў, а каля 40 % — сем дзён і больш. Кожнае нованароджанае дзіця забяспечана назіраннем за станам здароўя пасля выпіскі з раддома — урач прыходзіць або праз дзень, або на 3—6-я суткі пасля выпіскі. На выключна грудным кармленні знаходзіцца 22 % дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў (19 % у 2012-м і ўсяго 9 % у 2005-м).

Хуткае разумовае развіццё дзіцяці прыпадае на першыя 3-4 гады жыцця. 91 % маленькіх беларусаў ва ўзросце 3-4 гадоў ахоплены адукацыйнымі праграмамі ранняга ўзросту, 94 % наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Дома з 93 % дзяцей займаюцца мамы. Таты робяць гэта ў тры разы радзей.

— Тыя мужчыны, што займаюцца са сваімі дзецьмі, як правіла, жывуць у горадзе, маюць вышэйшую адукацыю і высокі ўзровень дабрабыту, — каментуе Іна Канашонак.

Тры чвэрці шасцігадовых дзяцей у Беларусі вучыцца ў пачатковай школе, сярод сямігодак гэты паказчык складае 100 %. Пісьменнасць моладзі таксама ацэньваецца ў 100 %.

Яшчэ адзін паказчык быў вывучаны ў нашай краіне ўпершыню і характарызуе ўзровень школьнай падрыхтоўкі 7—14-гадовых дзяцей. Вывучалася, наколькі паспяхова яны ўмеюць чытаць і лічыць. Разлік паказчыка цалкам адпавядаў міжнародным падыходам. Вучні 2-3 класаў лягчэй спраўляліся з чытаннем, чым з матэматыкай (варта было правільна прачытаць 90 % слоў апавядання, правільна адказаць на тры простыя пытанні на глабальнае разуменне і два — на лагічнае разуменне). Каля 81 % вучняў 2-3 класаў справіліся з заданнямі па чытанні, прычым гэта 85 % дзяўчынак і 77 % хлопчыкаў. І толькі 66 % паспяхова асілілі матэматыку.

Каля 98 % бацькоў ведаюць пра паспяховасць сваіх дзяцей у школе, 90 % дарослых абмяркоўваюць яе з настаўнікамі, 68 % бацькоў дапамагаюць дзецям рабіць дамашняе заданне. Прычым апошні паказчык вагаецца: ад 93 % у 6-гадовых дзяцей да 23 % у 14-гадовых.

Цікавіліся даследчыкі і метадамі, якімі выхоўваюць дзяцей ва ўзроставай групе ад аднаго да 14 гадоў, калі яны дрэнна сябе паводзяць. Каля 57 % дзяцей зазнаюць гвалтоўныя метады дысцыплінавання — гэта як фізічнае пакаранне, так і псіхалагічны ціск. У параўнанні з папярэднімі раўндамі абследавання гэтая лічба знізілася. 40 % дзяцей выхоўваецца негвалтоўнымі метадамі. Толькі 9 % маці лічаць, што для належнага выхавання трэба прымяняць фізічнае пакаранне. На практыцы ж 14 % дзяцей зазнаюць яго.

Жанчыны адчуваюць сябе менш бяспечна, чым мужчыны

Ахвярамі нападзення і рабаўніцтва ў апошнія тры гады, паводле вынікаў апытання, сталі 2 % жанчын і 3 % мужчын ва ўзросце 15—49 гадоў. Чвэрць пацярпелых падалі заявы ў міліцыю. Жанчыны адчуваюць сябе менш бяспечна, чым мужчыны, калі ідуць адны па сваім раёне ў цёмны час сутак. Зусім не баяцца 65 % жанчын і 95 % мужчын. Каля 11 % жанчын і 1 % мужчын не выходзяць адны ў цёмны час сутак.

Падчас апытання высвятлялі, наколькі рэспандэнты шчаслівыя і задаволеныя жыццём. Сярод жанчын 15—49 гадоў суб'ектыўная адзнака задаволенасці жыццём па 10-бальнай шкале склала 7,2 бала, сярод мужчын — 6,8. Сярод маладых людзей (15—24 гады) яна аказалася вышэйшая — 7,5 сярод жанчын і крыху больш за 7 — сярод мужчын. Каля 90 % жанчын і 86 % мужчын назвалі сябе адносна ці вельмі шчаслівымі. Моладзь (15—24 гады) адчувае сябе яшчэ больш шчаслівай. А аптымізм наконт магчымага паляпшэння ўласнага жыцця праз год праяўляе 88 % маладых жанчын і 79 % мужчын.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Простае шчасце людское...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?