Вы тут

Канферэнцыя даследчыкаў да стагоддзя УНОВИСа прайшла ў Віцебску


Яны стварылі ва ўсіх сэнсах рэвалюцыйную плынь мастацтва і нават праз сто гадоў выглядаюць наватарамі: учора, 14 лютага, святкаваўся юбілей УНОВИС — аб'яднання творцаў у Віцебскім народным мастацкім вучылішчы пад кіраўніцтвам Казіміра Малевіча. Менавіта ў гэты дзень сто гадоў таму група прыняла сваю канчатковую назву — Сцвярджальнікі новага мастацтва, і ўжо хутка ў віцебскай газеце апублікавала свой маніфест. Сёння гэтыя плынь, філасофія, нарэшце, феномен і тое, што пайшло за дзейнасцю Віцебскага УНОВИСа, а праіснаваў ён крыху больш за два гады, вывучаюць па ўсім свеце. Таму натуральна, што менавіта ў Віцебску — горадзе, дзе ўсё пачыналася, і менавіта ў будынку, па прыступках якога хадзілі Марк Шагал, Казімір Малевіч, Лазар Лісіцкі, Вера Ермалаева, Лазар Хідэкель ды іншыя, — з 12 да 14 лютага прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная стагоддзю сцвярджальнікаў.


Канферэнцыя стала адным з шэрагу мерапрыемстваў у рамках святкавання стагоддзя УНОВИС. Усяму папярэднічала ўручэнне Міжнароднай прэміі імя Лазара Хідэкеля — архітэктара, аднаго з заснавальнікаў аб'яднання і вучня Казіміра Малевіча. Потым у Мінску глядзелі дакументальны фільм «УНОВИС» Яўгена Сяцько, у Віцебску адкрывалі выставу сябра аб'яднання Давіда Якерсона, а ўчора ў Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўлялі экспазіцыю «Нас зразумеюць праз сто гадоў. Лазар Хідэкель», якую прывезла сюды сям'я архітэктара з Нью-Ёрка.

Пералік выглядае багата, хоць усё роўна хочацца сказаць, што гэтага недастаткова: значэнне падзей 1920-х гадоў у Віцебску і самога Віцебска для сусветнага мастацтва, а ў тым ліку і для нашай краіны, складана пераацаніць. Як у «Звяздзе» ўжо згадвалася, варта было б нават аб'явіць 2020-ы годам УНОВИСа, хоць неафіцыйна ён такім і з'яўляецца.

Канферэнцыя, відаць, — самая грунтоўная падзея серыі і так дарэчы, што месцам яе правядзення стаў не проста Віцебск, але і сам будынак, дзе Марк Шагал некалі заснаваў мастацкую вучэльню, — сёння гэта мадэрновы Музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, адкрыты толькі ў 2018 годзе.

«Малевіч зрабіў дзве рэвалюцыі: першая з іх — «Чорны квадрат», а другая — УНОВИС», — лічыць траюрадная пляменніца мастака, якая, прыехаўшы на канферэнцыю з Дзюсельдорфа, аказалася ў Віцебску ўпершыню. Івона Малевіч, з чорным квадратам на пярсцёнку і малевічавых «фігурах» на шаўковай хустцы, — мастачка (альбо, як сама яна кажа, «маленькая мастачка») і віцэ-прэзідэнт Цэнтра памяці Казіміра Малевіча.

«Шмат з таго, што сёння ў мастацтве актуальна, пачыналася ў Віцебску. У сучаснай архітэктуры Даніэля Лібескінда і Франка Геры, напрыклад, можна ўбачыць уплыў Малевіча. Заха Хадзід натхнялася Малевічам, лічыла яго сваім гуру і казала, што ў яго навучылася ўсяму. Касмічныя станцыі зноў жа адсылаюць да Малевіча. Дызайн адзення быў распачаты сябрамі УНОВИСа. Лазар Лісіцкі яшчэ ў 1920 годзе зрабіў праект дома на вадзе, а сёння яны будуюцца, напрыклад, у Галандыі. Праграма сцвярджальнікаў уключыла мастацтва ў жыццё, толькі мала хто пра гэта ведае. Для мяне важна, каб з УНОВИСам былі больш знаёмыя ў Беларусі, каб іх ідэі распаўсюджваліся ў Заходняй Еўропе і ў ЗША, каб людзі ведалі, дзе пачыналася шмат з таго, што мы бачылі ў ХХ стагоддзі і бачым у ХХІ-м».

У 1919 годзе Казімір Малевіч прыехаў у Віцебск, каб выкладаць у мастацкай вучэльні, аб'яднаў вакол сябе каля сарака вучняў і настаўнікаў і заняўся канцэпцыяй «партыі супрэматызму», вынікі чаго сёння можна прасачыць дзе заўгодна, адпаведна і прадметам даследавання УНОВИС становіцца па ўсім свеце.

У навукова-практычнай канферэнцыі прынялі ўдзел нашчадкі сцвярджальнікаў — апроч спадарыні Івоны траюрадны пляменнік Малевіча Станіслаў Багданаў з Масквы і праўнучка Эля Лісіцкага Валерыя, а таксама даследчыкі, мастацтвазнаўцы і прадстаўнікі музеяў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Галандыі. У рэшце рэшт, у аб'яднання УНОВИС былі філіялы ў шматлікіх гарадах, а самі ўнавісаўцы раз'ехаліся з Віцебска, таму іх паслядоўнікі і творы знаходзяцца ў розных кутках свету.

Адным з добра знаёмых калег Казіміра Малевіча з'яўляецца вядомы мастак Уладзіслаў Стшэміньскі — мінчанін, які пасля Першай сусветнай вайны пачаў свае тэарэтычныя і педагагічныя распрацоўкі ў Смаленску, дзе арганізаваў філіял УНОВИСа, а працягнуў іх у Польшчы, дзе ўвайшоў у так званую а.r. grоuр, што можна патлумачыць як «рэвалюцыйныя мастакі» альбо «сапраўдны авангард». Пра ўплыў ідэй Малевіча на мастацтва Польшчы, што ў першую чаргу праяўляецца менавіта ў дзейнасці Стшэміньскага, расказвалі Даніэль Музычук і Паўліна Курц-Май з Музея мастацтва ў Лодзі.

«У Смаленску Стшэміньскі пераймаў спосаб працы УНОВИСа, хоць у нас мала звестак пра дзейнасць мастака ў гэтым горадзе — ужо ў 1922 годзе ён знаходзіцца ў Польшчы. Першы тэкст, які Стшэміньскі напісаў на польскай мове, быў прысвечаны рускаму мастацтву, аздабляўся выявамі работ Малевіча і пачынаўся з просьбы да польскіх улад прывезці наватара ў Польшчу. Мастак аддае супрэматызму першае месца ў значэнні для будучага развіцця мастацтва. Праз пяць гадоў Малевіч сапраўды прыехаў у Польшчу і зрабіў там выставу, існуе нават фотаздымак, дзе ён акружаны паэтамі і мастакамі», — расказаў Даніэль Музычук.

Уілем Ян Рэндэрс займаецца рускім мастацтвам у Музеі Ван Аббе ў галандскім Эйндховене, дзе, напрыклад, захоўваецца калекцыя твораў Эля Лісіцкага, у прыватнасці віцебскага перыяду. З пазітыўным заклікам не толькі глядзець на мастацтва, але і карыстацца ім, спадар Уілем лічыць, што ідэі ўнавісаўцаў, тым больш, што яны не абцяжараныя аўтарскімі правамі, трэба задзейнічаць у мастацтве, грамадстве і ўвогуле жыцці.

На канферэнцыі ён расказаў пра некалькі міжнародных праектаў, якія адлюстроўваюць падзеі 1919—1922 гадоў у Віцебску, у прыватнасці пра выставу «Шагал, Лісіцкі, Малевіч» у Нацыянальным цэнтры мастацтва і культуры Жоржа Пампіду ў Парыжы ў 2018 годзе. «Можна толькі ўявіць той цуд, які адбыўся ў Віцебску, калі Малевіч і Лісіцкі ўзначалілі па сутнасці рэвалюцыйную арганізацыю, што да таго ж змагла ўвасобіць некалькі прапагандысцкіх праектаў. Лісіцкага ў Віцебск запрасіў Марк Шагал: той пераехаў сюды з Кіева ў 1919 годзе, і хутка разам з Малевічам стаў рыхтавацца да заснавання УНОВИСа. Малевіч тады мала займаўся жывапісам — ён больш пісаў тэксты, якія Лісіцкі і іншыя вучні потым надрукуюць, але тым не менш аснову выставы склалі ў тым ліку яго творы».

Даследчык рускага мастацтва кажа, што цікавасць да УНОВИСа распаўсюдзілася яшчэ ў пачатку 1920 года, нават да Першай усерасійскай канферэнцыі тых, хто вучыць і вучыцца, у Маскве, на якую група, дарэчы, спазнілася на два дні.

Навуковая частка, вядома, склала аснову канферэнцыі: у першы дзень госці праслухалі серыю дакладаў, у тым ліку нашчадкаў унавісаўцаў, а на другі пераходзілі ад секцыі да секцыі, што атрымалі месца ў розных залах Музея. Канферэнцыя, бачна, выклікала цікавасць у тым ліку з боку студэнтаў, напрыклад яе асобнае мерапрыемства — лекцыя мастака і тэарэтыка мастацтва Дзмітрыя Гутава з Масквы, які ўзяўся адказаць на, здаецца, вечнае пытанне, што ў «Чорным квадраце» Малевіча такога асаблівага, і для гэтага зрабіў экскурс у гісторыю культуры.

На другі дзень канферэнцыі, ужо пасля навуковай часткі, гасцей занялі ўжо згаданы фільм Яўгена Сяцько «УНОВИС», футурыстычны праект «Перамога над сонцам», выстава, перформанс, неБалет, музыкальны батл і іншае, а ўчора, менавіта ў дзень стагоддзя сцвярджальнікаў, адбылося гашэнне мастацкага маркіраванага канверта, прысвечанага юбілею УНОВИСа.

Гісторыя аб'яднання і яго ўплыву ў Беларусі поўная кур'ёзаў. І сёння нельга сказаць, ці здолела беларускае мастацтва пайсці далей за ўнавісаўцаў, якія сто гадоў таму ў пэўным сэнсе зрабілі Віцебск цэнтрам сусветнага авангарда. На доўгія дзесяцігоддзі пасля таго, як Малевіч, УНОВИС, супрэматызм былі выцесненыя з парадку дня, іх ідэі і філасофія аказаліся забытымі. Толькі ў 1992 годзе Малевіч вярнуўся ў навучальную праграму Акадэміі мастацтваў. Яе рэктар Міхаіл Баразна, які мае да гэтага непасрэднае дачыненне, лічыць, што падзеі 1920—1922 гадоў адбыліся ў Віцебску не толькі па волі выпадку, але і таму, што гэты горад быў дастаткова талерантны, каб успрыняць рэвалюцыйнае мастацтва.

Каб выправіць знікненне УНОВИСа з беларускай прасторы, напэўна, трэба ісці за думкай, якая лейтматывам гучала на працягу ўсёй віцебскай канферэнцыі, — варта не толькі глядзець на мастацтва ўнавісаўцаў, але і выкарыстоўваць яго.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.