Вы тут

Як у Бабруйску рыхтуюць будучых чэмпіёнаў


Бабруйск заўсёды славіўся высокімі спартыўнымі дасягненнямі сваіх жыхароў. Тут сканцэнтраваны дзясяткі спартыўных школ па розных відах спорту, грунтуюцца прафесійныя спартыўныя клубы, і ёсць вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе могуць працягваць сваё навучанне таленавітыя спартсмены. Менавіта з Бабруйска выйшлі прызёры самых прэстыжных сусветных турніраў па веславанні, барацьбе, боксе, шахматах, лёгкай і цяжкай атлетыцы. Сакрэт поспеху — у дзіцяча-юнацкіх школах і трэнерах, з якімі будучыя зоркі робяць свае першыя крокі.


Адной з самых вядомых дзіцяча-юнацкіх спартыўных устаноў горада з'яўляецца школа № 3, якая спецыялізуецца на адзінаборствах. Менавіта тут выраслі сярэбраны прызёр алімпійскіх гульняў Сяргей Ліштван, двухразовая чэмпіёнка Еўропы Ванеса Каладзінская і пераможца Еўрапейскіх гульняў Ірына Курачкіна.

Асноўная праблема — здароўе дзяцей

СДЮСШ № 3 Бабруйска была заснавана 1 лістапада 1966-га. За 54 гады існавання школа назапасіла багатыя традыцыі ў адзінаборствах. На цяперашні момант тут займаецца амаль 520 дзяцей па такіх кірунках, як жаночая барацьба, мужчынская вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, дзюдо і тэквандо. Навучальная ўстанова мае тры залы. Асноўная (зала для барацьбы і трэнажорная зала) знаходзіцца ў новым спальным раёне Бабруйска; паблізу больш няма спартыўных секцый, гэта значыць, выбар дзяцей і бацькоў відавочны. Яшчэ адну залу школа арандуе спецыяльна для заняткаў тэквандо, а трэцяя размешчана ў самым цэнтры горада. Такое размеркаванне аб'ектаў дапамагае ахапіць увесь горад, таму з наборам дзяцей у школы праблем няма.

«У Бабруйску вельмі папулярная барацьба, наша асноўная праблема сёння — гэта здароўе дзяцей, — расказвае дырэктар СДЮСШ № 3 Яўген Лукомскі. — Перш чым прыйсці на першую трэніроўку, дзіця павінна ўзяць даведку ў свайго ўчастковага ўрача, а ўжо пасля года заняткаў мы вядзем яго ў спартыўны дыспансер, дзе часцяком выяўляецца вельмі шмат нюансаў. Напрыклад, праблемы са зрокам ці скаліёз, якія не дазваляюць дзецям займацца барацьбой ці ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Для адзінаборстваў рамкі па здароўі вельмі жорсткія, таму мы працуем з кожным выхаванцам індывідуальна, каб захаваць яго».

Яўген ЛУКОМСКІ.

Яўген Аляксандравіч адзначае, што часта дзяцей у школу прыводзяць бацькі, якія самі займаліся адзінаборствамі тут жа, — такая пераемнасць пакаленняў стала ўжо звыклая. У групы пачатковай падрыхтоўкі набіраюцца дзеткі з 8-9 гадоў, да гэтага трэнеры рэкамендуюць бацькам аддаваць хлопчыкаў і дзяўчынак у гімнастыку ці плаванне: лепей, калі дзіця прыходзіць на барацьбу ўжо падрыхтаванае, з добрай каардынацыяй рухаў, умеючы рабіць элементарнае перакульванне. Першы год ніхто не вучыць маленькіх спартсменаў кідкам і прыёмам — спачатку яны займаюцца агульнай фізічнай падрыхтоўкай, расцягваюцца. «Сёння нам даводзіцца канкурыраваць толькі з гульнявымі відамі спорту, хоць у нашу праграму трэніровак таксама ўваходзяць розныя віды, напрыклад, летам робім аздараўленчыя лагеры, гуляем у футбол у якасці размінкі перад асноўнымі заняткамі. Стараемся зрабіць трэніроўкі разнастайнымі», — тлумачыць Яўген Лукомскі.

Сваіх выхаванцаў школа адзінаборстваў перадае Бабруйскаму вучылішчу алімпійскага рэзерву і Мінскаму рэспубліканскаму вучылішчу алімпійскага рэзерву. «Туды пераходзяць найлепшыя. У сярэднім штогод мы накіроўваем у гэтыя ўстановы каля 10 чалавек, гэта вялікі паказчык», — адзначае дырэктар. Дадаючы, што паспрабаваць барацьбу можа кожнае дзіця, таму што ў школу прымаюць усіх. Каб у малых была добрая матывацыя, кіраўнікі імкнуцца часта ладзіць розныя спаборніцтвы — гэта не толькі турніры, якія прадугледжвае гарадскі каляндар мерапрыемстваў, але і спаборніцтвы, якія прыдумвае сама школа, запрашаючы на іх спартсменаў са Жлобіна і Мар'інай Горкі, напрыклад. «Пасля такіх турніраў дзеці прыносяць свае медалі ў школу, аднакласнікі іх бачаць і таксама прыходзяць да нас», — адзначае Яўген Аляксандравіч.

Поспехаў дамагаюцца вялікай працай

Сёння давесці дзіця да вучылішча алімпійскага рэзерву досыць складана, кажа дырэктар: дзецям з забяспечаных сем'яў спорт часта становіцца нецікавы. Вопытам і часам даказана, што менавіта дзеці з сем'яў з невялікім дастаткам дамагаюцца большага выніку. «Яны больш імкнуцца, ім цікава кудысьці выехаць, паглядзець новыя гарады, атрымаць тыя ж сутачныя», — тлумачыць Яўген Лукомскі. Хоць барацьба — адзін з самых недарагіх відаў спорту і з гэтага пункту гледжання таксама даступная кожнаму. Для заняткаў дзіцяці патрэбен толькі лёгкі спартыўны касцюм для трэніровак на вуліцы і трыко.

«Поспехаў дамагаюцца вялікай працай, падборам людзей з добрым розумам і фізічнай структурай цела, — адзначае трэнер па грэка-рымскай барацьбе СДЮСШ № 3 Уладзімір Савалёў. — Адразу, у дзіцяці, гэтага можна і не разгледзець, але з 15-16 гадоў ужо відаць. Мы часта выйграём спартакіяду школьнікаў, але барацьба — гэта хвалепадобны спорт, таму ў нейкія гады нашы выхаванцы на ўздыме, у іншыя адбываецца правал. Наогул, працуючы трэнерам больш за 20 гадоў, магу сказаць: чым далей, тым болей паніжаецца ўзровень здароўя дзяцей. Цяпер у іх практычна ў кожнага нейкі дыягназ. Раней было менш усялякіх спакус, дзеці ішлі на барацьбу больш ахвотна, праз мае рукі прайшлі сотні. Самае складанае ў рабоце з дзецьмі — утрымаць на высокім узроўні таленавітых. Некаторыя сыходзяць, таму што складана: барацьба — няпросты від спорту, цяжкі для дзяцей. Але хто схільны, таго не выганіш. Гэта ўнутранае пачуццё кожнага чалавека, да справы павінна ляжаць душа. Бацькі сталі больш абыякавыя, таму што прыходзіць шмат вельмі добрых дзяцей, але з боку іх сем'яў належнай падтрымкі і стымулявання няма».

Сёння вучні Уладзіміра Іосіфавіча выступаюць на рэспубліканскіх, еўрапейскіх і сусветных стартах, у СДЮСШ № 3 і падчас нашага візіту з вялікай цікавасцю сачылі за чэмпіянатам Еўропы, які праходзіць у гэтыя дні. Тут заўсёды рады былым выхаванцам — хтосьці вяртаецца ў сваю родную школу, каб правесці майстар-класы, а хтосьці ў ролі трэнера. Наогул, з кадрамі ў Бабруйску ўсё гладка, у школе адзінаборстваў цяпер працуюць 24 настаўнікі. Такіх вопытных спецыялістаў, як Уладзімір Іосіфавіч, няшмат, аснова — гэта моладзь. «Стараемся ўтрымаць маладых, зацікавіць прэміямі, дапамагаем з інтэрнатам. У асноўным стараемся браць сваіх жа вучняў», — расказвае Яўген Лукомскі, які, дарэчы, сам выхаванец бабруйскай школы адзінаборстваў. Ён прыйшоў сюды ў 10 гадоў, пасля паступіў у вучылішча алімпійскага рэзерву, вярнуўся ў СДЮСШ № 3 і працаваў трэнерам, а потым ужо стаў дырэктарам.

Мінск — Бабруйск — Мінск.

Матэрыялы падрыхтавала Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Рэцэпт падрыхтоўкі пераможцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.