Вы тут

Прэзідэнт: На інкарпарацыю я ніколі не пайду


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння адкрыў лінію па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат». Прадпрыемства магутнасцю 400 тысяч тон дазволіць замясціць імпарт і выпускаць высокарэнтабельную прадукцыю.


Інвестыцыйны праект па будаўніцтву завода сульфатнай беленай цэлюлозы быў адным з трох у сферы цэлюлозна-папяровай прамысловасці, на якія былі запрошаны дадатковыя бюджэтныя сродкі і адтэрміноўка вяртання раней выдадзеных сродкаў. Раней Прэзідэнт наведаў іншыя прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперпрам» — у Шклове і Добрушы. Такі маршрут быў прадказальны: на нарадзе ў снежні, прысвечанай складаным прадпрыемствам, кіраўнік дзяржавы дакладна абазначыў пазіцыю:

«Мэта інвестыцый — стабільнае рэгіянальнае развіццё і павышэнне ўзроўню жыцця чалавека». Зразумела, што гэтае пытанне ўзята на асабісты кантроль.

Светлагорскі ЦКК — адзіны новы цэлюлозны завод у краінах СНД. Генеральнай падраднай арганізацыяй выступіла ААТ «Кітайская кампанія інжынірынгу «САМСЕ». У будаўніцтва імпартазамяшчальнага прадпрыемства было ўкладзена 800 мільёнаў долараў. 

Cкладанасці з аб'ектам пачалі ўзнікаць практычна адразу ж пасля пачатку будаўніцтва, піша Белта. Кітайскі падрадчык не выконваў свае абавязацельствы: зрываў тэрміны прадастаўлення дакументаў, не прыцягваў да работ дастатковую колькасць кваліфікаванага персаналу, прыпыняў працы з-за нечаканых прычын.

У выніку Светлагорскаму ЦКК давялося самастойна завяршаць работы на новым заводзе, прыцягваючы беларускія падрадныя арганізацыі.

Зараз прадпрыемства працуе ў тэставым рэжыме.

Сёння на заводзе адбылася цырымонія ўрачыстага пуску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Таксама кіраўнік дзяржавы пагутарыць з працоўным калектывам. 


Пасля ўрачыстага запуску лініі вытворчасці сульфатнай беленай целюлозы Прэзідэнт падкрэсліў: «Галоўнае зараз — атрымаць большую дададзеную вартасць. Гэта і працоўныя месцы, і прыбытак, і падаткі ў бюджэт. І другое — мы павінны разлічвацца», — звярнуўся да кіраўніцтва канцэрна і завода Прэзідэнт.
Па інфармацыі дырэктара, сёлета прадугледжана вяртанне ў бюджэт 83 мільёнаў, летась выплачана каля 15 мільёнаў беларускіх рублёў. Да 2023 года плануецца вяртанне асноўнага доўгу, а канчаткова разлічыцца — да 2028 года. Ёсць і новыя праекты, рэалізацыю якіх Аляксандр Лукашэнка ўхваліў: вытворчасць віскознай ніткі з вышэйшымі спажывецкімі якасцямі і мебельную вытворчасць. 

У практыцы наведвання раёнаў краіны — даклады аб становішчы ў рэгіёне і вобласці. Так адбылося і сёння. Па выніках размовы кіраўнік краіны вырашыў наведаць Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў і канструкцый і домабудаўнічы камбінат. Гэта адбылося па-за планам.

Напярэдадні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава наведалі з дзясятак прадпрыемстваў рэгіёна, сёння ж яны азнаёмілі кіраўніка са сваімі высновамі. Менавіта такія патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі: «узварухнуць» горад, раён ці ваколіцы, таму што службовыя асобы прыязджаюць. І да гэтага мусяць быць гатовыя ўсе раёны краіны. Чакайце, хутка могуць завітаць.

Навошта ваяваць за вуглевадароды і траціць на іх вялікія грошы, жывучы «ў лесе»? 

З такога рытарычнага пытання Аляксандр Лукашэнка распачаў сустрэчу з калектывам Светлагорскага ЦКК.

«Бог загадаў нам гэты дар перапрацоўваць, ствараць працоўныя месцы, каб людзі маглі атрымліваць нармальную зарплату, пракарміць сваіх дзяцей. Карацей, ёсць свая сыравіна», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што вытворчая спадчына, якая засталася ад Савецкага Саюза, састарэла. Вырабляць на гэтым абсталяванні якасную прадукцыю было не проста нявыгадна, а затратна. Таму каля дзесяці год таму наспела пытанне: як развівацца далей. 

Лагічна было развіваць вытворчасці, заснаваныя на ўласнай сыравіне. І было вырашана мадэрнізаваць старыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, а дзе неабходна — будаваць новыя. Усё для рэнтабельнасці: менавіта яе Прэзідэнт кладзе ў аснову.

«У той час, вы памятаеце, Захаду не падабалася наша палітыка. Як я ні апраўдваўся, ні даказваў, што ў Беларусі дыктатура немагчымая — таму што рэсурсу няма, дыктаваць свету можна толькі тады, калі ў цябе ёсць магутнасці і моц. Мы не валодаем той магутнасцю, што валодаюць Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, часткова Расія...» — канстатаваў лідар дзяржавы.

І працягнуў: пасля ўвядзення санкцый дзверы для Беларусі «расчынілі» кітайцы. І часткова праз адсутнасць выбару мы мусілі дамовіцца аб крэдытаванні. Крэдыт для будаўніцтва завода па вытворчасці цэлюлозы быў звязаным, што пацягнула дадатковыя складанасці.

Так ці інакш, у выніку ўласнымі намаганнямі Светлагорскі ЦКК здолеў адкрыць вытворчасць. Экалагічную, прыбытковую, запатрабаваную. Але Прэзідэнт патрабуе ісці далей. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў калектыву, што цэх па перапрацоўцы цэлюлозы будзе пабудаваны, а на спецыяльную машыну не пашкадуюць сродкаў.

«Напэўна, 80 мільёнаў еўра будзе каштаваць, але мы пойдзем на гэтыя выдаткі. Такім чынам з чатырохсот тысяч тон, якія вы вырабіце, 300–350 тысяч мы перапрацуем тут, на месцы, і паставім сваім прадпрыемствам», — расказаў Аляксандр Лукашэнка пра зусім іншыя грошы, якія застануцца ў краіне і дазволяць павысіць яе ўзровень. Запатрабаваў Прэзідэнт паскорыць і вытворчасць віскознай цэлюлозы. 

А тое, што беларускія спецыялісты самі справіліся з асваеннем магутнасцяў прадпрыемства, робіць ім гонар, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Малайцы, за гэта вам вялікі дзякуй. Гэта другая мэта майго прыезду — падзякаваць вам за тое, што вы, адмовіўшыся ад нядобрасумленнага выканаўцы, зрабілі гэта прадпрыемства самі. І атрымліваеце сёння добрую прадукцыю», — звярнуўся да працаўнікоў Прэзідэнт.

Прэзідэнт сумняваецца ў эканамічнай эфектыўнасці свабодных эканамічных зон

«Які сэнс? Мы аддаем сыравіну нашу беларускую, ды яшчэ за бясцэнак, ад прыбылі нічога не атрымліваем. Нам трэба арыентавацца ўжо на нешта істотнае: калі ты жадаеш сюды прыйсці працаваць, калі ласка, прыходзь і працуй, як працуюць усе нашы прадпрыемствы, плаці ўсе падаткі. Працоўныя месцы — гэта для нас ужо не настолькі актуальна. Любыя працоўныя месцы мусяць прыносіць прыбытак», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас знаёмства з дзейнасцю ЦКК.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: прынятыя раней рашэнні застануцца нязменнымі. Але надалей ён не бачыць выгоды прыцягваць інвестыцыі дзеля інвестыцый, калі краіна ад іх практычна нічога не мае. Зразумела, размова тут не пра Парк высокіх тэхналогій і падобныя, можна сказаць, унікальныя арганізацыі. Варушыцца трэба самім — і новы завод добры таму прыклад, лічыць Лукашэнка.


Патрэбна самая глубокая перапрацоўка цэлюлозы

Акрамя таго, Прэзідэнт не разумее, чаму вытворцы радуюцца добрым продажам цэлюлозы — фактычна сыравіны ці, як назваў Аляксандр Лукашэнка, паўфабрыкату. Так, на экспарт пастаўляецца амаль увесь выпушчаны аб’ём цэлюлозы. Таму канцэрн прапануе рэалізаваць у Светлагорску новы праект — па вытворчасці рулоннай прадукцыі для папяровай упакоўкі. Для гэтага ёсць і пляцоўка, і сто тысяч тон уласнай цэлюлозы, і попыт на знешнім рынку. Аб гэтым расказаў старшыня канцэрну «Беллеспаперпрам» Юрый Назараў.

«Да канца года максімум, чым раней, тым лепш, прапрацаваць гэтае пытанне. Любыя грошы мы знойдзем, гэтую машыну ўжо можна замаўляць. Але патаргавацца. Самая глыбокая перапрацоўка — гэта і ёсць рашэнне галоўнага пытання, на якім я настойваю: імпартазамяшчэння», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў аб рашэнні, прынятым раней у Добрушы, ствараць упакоўку з кардону. У Светлагорску сёння вырашана паставіць новую машыну для перапрацоўкі цэлюлозы. Пад гэта разглядаецца і крэдыт — еўрапейскі і танны.

«Паставім гэту лінію — яна акупіцца», — заключыў кіраўнік краіны.

Больш за тое, на заводзе магчыма ажыццяўляць аўтаномную вытворчасць хімікатэрмамеханічнай масы для яшчэ аднаго віду ўпакоўкі... з асіны і вольхі. Гэта таксама адно з даручэнняў Прэзідэнта: знайсці выкарыстанне для, здаецца, нікчэмных парод.

«Ну добрая ідэя! У нас жа кітайскіх крэдытаў шмат, у тым ліку не асвоеных. Гэта першае. Другое. Шчыра скажу: калі я сустракаюся, ніхто з заходніх не абмяркоўвае „правы чалавека“, „дэмакратыю“. Я іх заўсёды стаўлю перад фактам: эканоміка. Гандаль. Журналісты сышлі, камер няма — мы абмяркоўваем гэтыя пытанні. Гэта галоўнае. Потым будуць і правы чалавека, зарплата будзе, і дэмакратыя будзе», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

І тут прапануюцца гатовыя праекты, больш за тое — з уласнай сыравінай. А грошай на рэалізацыю гэтых праектаў у свеце велізарная колькасць, перакананы Прэзідэнт. Не абавязкова на гэты раз кітайскіх — хоць кошт, заплачаны за досвед, таго варты.

«Мы шмат чаму навучыліся тут: як заключаць кантракты, як з імі працаваць, каб зноў потым гераічна недахопы не пераадольваць», — прызнаў ён.


Прэзідэнт патрабуе больш выкарыстоўваць паперы замест пластыку

«Я ўсё ж такі дацісну, каб мы прыбіралі пластык, а мянялі дзе толькі магчыма на паперу. Пластык жа колькі гадоў раскладаецца?.. А макулатуру перапрацаваў, назад аддаў. Таму я і цісну зараз на гэта», — абазначыў сваю пазіцыю Прэзідэнт.

Дарэчы, наведваючы цэх і ўпраўленне камбіната, кіраўнік дзяржавы раз-пораз запытваўся аб «дрэннапахучых рэчывах», асабіста кантралюючы экалагічнае становішча на тэрыторыі.

«Выкарыстана самая сучасная сістэма адбелкі, без элементарнага хлору. Толькі на дзвюх ступенях мы выкарыстоўваем дыаксід хлору, гэту зусім іншае рэчыва, якое не шкоднае, і сёння фактычна 90 % прадпрыемстваў у свеце працуюць і новыя будуюцца па гэтай тэхналогіі», — паведаміў генеральны дырэктар камбіната Юрый Крук.


«Экалогія — пытанне нумар адзін»

Адказваючы на пытанне супрацоўніцы прадпрыемства пра стаўленне да экалогіі, Прэзідэнт адзначыў, што ён «вясковы чалавек і зараз жыве не ў горадзе, і экалогія — найважнейшае паняцце для яго асабіста». Ды і ў свеце зараз усе дзяржавы звяртаюць увагу на гэтыя праблемы. «І мы не можам быць у баку. Я ўчора ўжо казаў швейцарскаму прадстаўніку (кіраўніку Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарскай Канфедэрацыі. — „Звязда“) — нас называюць Усходняй Швейцарыяй за тую прыгажосць, за чысціню, якая ёсць. І я падумаў, якія мы малайцы, што ў свой час узяліся за гэта, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што сам не можа сцярпець нядбайнасць: — У сельскай гаспадарцы, калі ў кароўнік нейкі зойдзеш, і я бачу беспарадак — мне дрэнна зусім становіцца». 

Калі Прэзідэнту паведамілі пра дрэнны пах каля прадпрыемства ў Светлагорску, ён даручыў заняцца гэтай тэмай. «Экалогія — пытанне нумар адзін. Мы не павінны ў 21 стагоддзі ствараць вытворчасць, ад якой самі атруцімся і дзяцей нашых атруцім», — сказаў кіраўнік краіны. 

Ён назваў самыя важныя, на свой погляд, элементы для здароўя: паветра, харчаванне, вада, рух. І прывёў асабісты рэцэпт для бадзёрасці і падтрымання формы: «Я сёння прачнуўся ў шэсць гадзін, да сямі ўжо выйшаў на лыжню, якая ў мяне захавалася, і набегаўся там. Гэта зарад на цэлы дзень».

Правільнае харчаванне, як адзначыў Прэзідэнт, гэта не заморскія садавіна і гародніна, а тое, што вырошчваецца ў нас. «Ясцё бульбу, хлеб не ў вялікай колькасці, сала, мяса рознае, якое вы можаце купіць», — пералічыў Прэзідэнт.

«Я буду змагацца , нават не будучы Прэзідэнтам, каб наша Беларусь заставалася суверэннай і незалежнай»

«Ваш Прэзідэнт ніколі не стане апошнім. Пасля мяне вы ўжо думайце, што вы будзеце рабіць. Калі я не буду Прэзідэнтам, я буду змагацца, каб наша Беларусь вось на гэтым кавалку зямлі заставалася суверэннай і незалежнай», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Размаўлялі і пра нафту: сусветныя цэны і неабгрунтаваныя прэміі расійскім кампаніям. Партнёры мяркуюць, што беларусы не будуць пакупаць «чорнае золата» ў іншых краінах даражэй, чым прапануюць яны. Адказ Прэзідэнта: «Буду. Мне Пуцін задае пытанне: „Слухай, Саша, а навошта ты даражэй будзеш пакупаць?“ Я кажу, каб кожны год 31 снежня ў 12 гадзін ночы не стаяць перад табой на каленях».

«У Сочы мы дамовіліся, што ўрад Расіі і асабіста намеснік кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрый Козак будуць кантраляваць гэтае пытанне і дапамогуць нам дамовіцца. Гэта значыць пайшоў сігнал: калі Беларусь з кімсьці дамаўляецца, дапамажыце па трубе ім паставіць гэтую нафту з Расіі. Я нікога не шантажаваў, сказаў: калі з Расіі не будзе пастаўлена нафта ў патрэбных аб’ёмах (у студзені яны паставілі ўсяго 500 тыс. т — 1,5 млн т недапаставіў), мы пачнем адбор з транзітнай трубы. Праз краіну на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн т нафты. І яны не маюць ніякіх праблем. Мы добрасумленна, сумленна пампуем гэтую нафту. Памятаеце летам брудную нафту? Да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод „Дружба“. Таму, калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн т дабіраць», - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што так быць не павінна і не будзе. Прадаюць па сусветнай цане — пакупаем, перапрацоўваем, але прэміі плаціць не будзем. Нафта з Саудаўскай Аравіі, ЗША і іншых патэнцыйных партнёраў можа пайсці рэверсам праз Гданьск па той жа трубе «Дружба», па якой зараз пастаўляецца расійская. Гэтым жа шляхам, па трубе нафта з Прыбалтыкі можа транспартавацца на мадэрнізаваны Наваполацкі завод, які забяспечыць якасным палівам іншыя краіны гэтага рэгіёна

«Калі кіраўнік злодзей, прадпрыемства няма, працоўнага калектыву няма»

Палітыка нашай дзяржавы будуецца на сумленнасці і ў першую чаргу кіраўніцтва. Аляксандр Лукашэнка нагадаў нядаўнюю гісторыю з арыштам дырэктараў цукровых заводаў, якія расказалі пра свае карупцыйныя схемы. «Не чапай чужое. Калі кіраўнік злодзей, прадпрыемства няма, працоўнага калектыву няма. Сотні і тысячы людзей, якія ў цябе працуюць, марнеюць», — канстатаваў лідар краіны.

Гэта гісторыя папярэднічала пытанню аб змесце перамоў у Сочы з Уладзімірам Пуціным, якія адбыліся тыдзень таму. Сустрэча пачалася з ужо вядомага сняданку з кашай на вадзе. А якую кашу тады ўдалося «зварыць» лідарам, паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Не выпадкова ён ва ўступным слове ў Сочы адзначыў, што паўтарагадзінныя перамовы ў фармаце сам-насам пачаліся з успамінаў аб былых часах, у тым ліку і аб існаванні ў адзінай дзяржаве. У савецкія часы спецыялісты з усёй Беларусі дапамагалі бурыць нафтавыя свідравіны ў Расіі, якія ў адно імгненне аказаліся чужымі.

«Яны разумеюць інтэграцыю паглынаннем Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя — гэта інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду»

Расіяне сарвалі тэрміны здачы БелАЭС, што пагражае вялікімі штрафамі з бюджэту Расіі. Прэзідэнт Пуцін прапанаваў дамовіцца без санкцый. Аляксандр Лукашэнка выступіў з такім варыянтам: «Давайце дамовімся, што працэнт па крэдыце (мы ж за іх грошы будуем, узялі ў іх крэдыт, працэнт высокі) давай скарацім да таго ўзроўню, як вы будуеце ў Венгрыі, па-мойму, ў В’етнаме, дзесьці каля трох працэнтаў. Санкцыі мы не будзем уводзіць, і тое на тое выйдзе. І крэдыт, калі вы тэрміны сарвалі, мы пачнем выплачваць не праз два гады, а праз пяць».

А вось умовы з «блакітным палівам» для Беларусі па 127 долараў за тысячу кубаметраў некалькі супярэчаць ідэі Саюзнай дзяржавы. Такі кошт ставіць айчынныя прадпрыемствы ў няроўныя канкурэнтныя ўмовы з расійскімі, якім газ паступае значна танней. «Я нічога лішняга не хачу, мы ў саюзе, і не толькі саюзе Беларусі і Расіі, але і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Мы дамовіліся, што тут у нас будзе гандаль таварамі, паслугамі і перамяшчэнне капіталаў. Асабліва тавары і паслугі без мытных пошлін, — сказаў лідар краіны. — А які ж саюз, калі няма роўных умоў для людзей, прадпрыемстваў? Што такое: у яго 200 долараў за, дапусцім, газ, электрычнасць, а ў такіх прадпрыемстваў у Расіі 100 долараў ці 80 ? Як з імі канкурыраваць?»

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пэўным колам, які папракаюць яго ў нежаданні інтэгрыравацца, трэба не блытаць гэта паняцце з далучэннем. Інтэграцыя — гэта роўныя цэны па сыравіне, свабоднае перамяшчэнне тавараў, магчымасці для працоўнай міграцыі, аднолькавае налічэнне пенсій, навучанне для студэнтаў па квотах. «Яны разумеюць інтэграцыю паглынаннем Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя — гэта інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Краіны і далей працягваюць работу па дарожных картах. Найлепшыя напрацоўкі ў заканадаўстве дамовіліся пераймаць адзін у аднаго.

Прэзідэнт — старшыні Гомельскага аблвыканкама: «Гэты год будзе вызначальны»

Па словах Прэзідэнта, Беларусь, калі хутка не прыстасуецца да змены кліматычных умоў, можа шмат страціць. Да пачатку пасяўной кампаніі ён даручыў старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзю Салаўю вызначыцца, што і дзе будуць высяваць. 

Даўно ў Беларусі магчыма вырошчваць нават кавуны. На ўласным вопыце гэта ведае кіраўнік краіны, які для душы вырошчвае новыя гатункі розных культур. Будзе адраджацца на Беларусі і авечкагадоўля, вырошчванне іншых парод жывёлы на мяса.

Гомельскай вобласці Прэзідэнт прапанаваў браць апрабаваныя сельскагаспадарчыя культуры. «Я яму (Генадзю Салаўю — „Зв.“) сказаў, што гэты год будзе для яго вызначальны: ці мы падымаем Гомельшчыну на патрэбны ўзровень, ці мы будзем прымаць жорсткія меры ў сельскай гаспадарцы, як у Віцебскай вобласці», — дадаў ён.

«Трэба падбіраць тыя культуры, якія з улікам клімату, што змяніўся, могуць тут вырошчвацца», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.</p>

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Прэв'ю: svetlogorsk.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».