Вы тут

На тэлеканале «Беларусь 2» 15 лютага — прэм'ера шоу «Чатыры вяселлі»


Менавіта ў такім ключы беларускія тэлеканалы запрашаюць сваіх гледачоў бавіць час на выхадных. На тэлеканале «Беларусь 2» 15 лютага — прэм'ера шоу «Чатыры вяселлі», а на АНТ працягваем сачыць за «Dаnсе рэвалюцыяй».


«Чатыры вяселлі» — гэта рэаліці-шоу пра незвычайнае святкаванне вяселляў, якія арганізоўваюць самыя звычайныя людзі. У кожным выпуску праекта гледачы даведваюцца пра самыя смелыя планы нявест і пра тое, наколькі іх атрымліваецца ўвасобіць у жыццё, бачаць неверагодныя строі, яркія ідэі, а часам — і правалы ў арганізацыі свята.

Па правілах шоу за пуцёўку на мядовы месяц мары змагаюцца чатыры нявесты. Яны імкнуцца пераўзысці адна адну, аднак не заўсёды тое атрымліваецца. Дзяўчаты гатовыя пайсці на любыя хітрыкі, каб выглядаць лепш у вачах канкурэнтак. Удзельніцы па чарзе завітваюць на вяселлі іншых, а потым выстаўляюць балы падчас таемнага галасавання. Перамагае тая нявеста, свята якой атрымлівае найвышэйшую адзнаку. Ацэньваюць кожнае вяселле па некалькіх крытэрыях: банкетнае меню, месца правядзення свята, убор нявесты і арганізацыя баўлення часу для гасцей. У кожнай катэгорыі дзяўчаты маюць права паставіць максімум 75 балаў, то-бок вышэйшая адзнака ў суме можа быць 300 балаў. Але якім бы не было свята, як сведчыць практыка, высокія адзнакі ставяць рэдка. Таму што сюды прыходзяць не сяброў знаходзіць, а змагацца за вандроўку мары. Аднак часам здараецца і так, што канкурсанткі пасля праекту застаюцца сяброўкамі. Імёны пары-пераможцы ўдзельнікі даведваюцца ў канцы праграмы, калі ў студыю, дзе знаходзяцца канкурэнткі, уваходзіць жаніх адной з іх. Але на гэтым шоу не заканчваецца...

Дарэчы, расійскі праект «Чатыры вяселлі» з'явіўся пасля ўкраінскага з аднайменнай назвай. (На ўкраінскім тэлебачанні яшчэ ў 2011 годзе адбыўся запуск аднаго з найбольш рэйтынгавых шоу па брытанскім фармаце Fоur Wеddіngs.) Увогуле на стварэнне праекта тэлевізійнікаў натхніла рамантычная камедыя «Чатыры вяселлі і адно пахаванне». А яшчэ ўкраінскія калегі пасля выхаду першага сезона шоу стварылі незвычайны вясельны рэйтынг, у якім самай папулярнай вясельнай стравай стала, як ні дзіўна, фаршыраваная рыба. Чым будуць здзіўляць на вяселлях «па-руску», даведаемся 15 лютага на тэлеканале «Беларусь 2» у 13.30.

«Dаnсе рэвалюцыя» — новы расійскі праект, які выходзіць на тэлеканале АНТ з лютага. У ім дзякуючы тэхналогіі здымак 360 градусаў у гледачоў будзе магчымасць разгледзець кожны танец у літаральным сэнсе з усіх бакоў. Бо кожны рух удзельніка падчас выступлення фіксуюць 128 камер, што дазваляе не пакінуць без увагі самыя дробныя дэталі і відовішчныя моманты ў нумары. А вось разабрацца з цяжкасцямі і зарыентавацца ў падрабязнасцях гледачам дапамогуць майстры. Па правілах праекта, калі ўдзельнік атрымае ад майстроў толькі адно «так», то ён пакідае шоу, двайное «ўхваленне» дае магчымасць скарыстацца другім шанцам, і толькі тры «так» дазволяць танцорам гарантавана прайсці ў наступны этап і пазмагацца за перамогу ў праекце.

— Кожнаму мастаку патрэбна нешта, каб выявіць сябе, — фарбы, гукі, словы... У танцора для гэтага ёсць толькі ўласнае цела. Я заўсёды лічыла, што танец — унікальны від мастацтва, бо ў ім нельга прыкідвацца. Танец паказвае чалавека такім, якім ён з'яўляцца. І наш праект пра людзей, якія не баяцца быць шчырымі, дэманструючы свой талент. Танец для іх — гэта палітра эмоцый і перажыванняў, а кожнае выступленне — паўнавартасны драматычны эцюд, дзе ёсць пралог, развіццё і, безумоўна, самы важны кульмінацыйны момант, які вызначае ўсё, — зазначае вядучая праекта «Dаnсе рэвалюцыя» Ала Міхеева.

Ужо з 6 лютага гледачы тэлеканала АНТ маюць магчымасць знаёміцца з разнастайнымі стылямі харэаграфічнага мастацтва і вызначацца з кандыдатурамі прэтэндэнтаў, за лёсам якіх будуць сачыць на праекце. Глядзіце працяг танцавальных адбораў у гэтую нядзелю ў 21.20.

Алена ДРАПКО

Фота уоutubе.соm і іrесоmmеnd.ru

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Практычна ўсе ўдзельнікі рынку цяпер у стане нявызначанасці.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Удалае паляванне і «Трэба глядзець дэтэктывы».

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?