Вы тут

Урбаністы падзяліліся сваім бачаннем будучай забудовы буйных гарадоў


Не дапускаць распаўзання горада за свае межы, а перавыкарыстоўваць ужо асвоеныя тэрыторыі, трансфармуючы прастору пад своечасовыя патрэбы людзей і адшукваючы патэнцыял ва ўжо існуючых зонах, заклікаюць спецыялісты. Яны ўпэўнены, што гэта менавіта эвалюцыя прасторы, а не яе рэвалюцыйныя змены. А гадоў праз 50 якасць асяроддзя стане ці не галоўным крытэрыем пры ацэнцы кошту квадратнага метра.


За здаровую сацыяльную атмасферу

Выкарыстоўваць гарадскія тэрыторыі ў сталіцы з найбольшай карысцю для чалавека можна шляхам трансфармацыі, лічыць Ілона ЭЛЬЯШЭВІЧ, архітэктар, урбаніст, выкладчык кафедры горадабудаўніцтва (БНТУ). Яе ўпэўненасць абапіраецца на пасляваенныя асаблівасці ўзвядзення Мінска. Тады сталіца адбудоўвалася па буйным праекце і фактычна складвалася з функцыянальных блокаў, размеркаваных прыкладна раўнамерна па ўсім горадзе.

— Тыя рашэнні, несумненна, адпавядалі ўзорам тагачаснага жыцця. Аднак пасля горад бачыў толькі рамонт, а не пераробліванне тэрыторыі, — канстатуе архітэктар. — Цяпер мы на такім этапе архітэктурнай думкі, калі асноўнай мэтай праектаў становіцца чалавек з яго жаданнямі, персанальнымі патрабаваннямі да камфорту, да месца, дзе ён працуе і жыве. Запыты становяцца ўсё больш індывідуальнымі, паколькі ўсе сферы жыцця развіваюцца вельмі хутка. Мы значна больш адрозніваемся адно ад аднаго, чым раней. Людзі аднаго ўзросту, полу, прафесіі могуць мець абсалютна ўнікальныя патрабаванні.

Дзякуючы развіццю тэхналогій і камунікацый, людзі значна больш паспяваюць зрабіць за дзень, і горад з яго сістэмамі таксама павінны быць гатовы да гэтых выклікаў. Нават мода на архітэктурныя стылі цяпер мае больш кароткія перыяды, і горад мусіць за імі паспяваць, упэўнена Ілона Эльяшэвіч:

— Нават структура нерухомасці становіцца больш складанай і мае значна больш характарыстык, чым простае раздзяленне на прыватныя і грамадскія памяшканні. З'явілася больш відаў пражывання, і нашы патрабаванні да асяродку мяняюцца таксама хутчэй.

На думку архітэктара, выкарыстоўваць унутраны патэнцыял горада можна двума спосабамі. Засвойваць пустыя тэрыторыі ці землі, якія ачышчаюцца пад забудову. Або выкарыстоўваць шляхам трансфармацыі ўжо існуючыя тэрыторыі. Другі спосаб найбольш падыходзіць для сучаснага перабудоўвання сталіцы.

Пад трансфармацыяй маецца на ўвазе не кропкавае ўшчыльненне тэрыторый, а павышэнне якасці гэтых плошчаў і жыцця на іх. Любое будаўніцтва — гэта і адходы, і безліч новых матэрыялаў. Трансфармацыя дазваляе сутыкацца з гэтым па мінімуму. Акрамя таго, яна адбываецца значна хутчэй, чым будаўніцтва з «нуля», і акупляецца таксама хутчэй, упэўніла ўрбаніст. Падчас трансфармацыі існуючай жылой тэрыторыі можна вывучыць рэальны попыт людзей на тыя ці іншыя якасці асяродку. У выніку ім, хутчэй за ўсё, прапануюць тое рашэнне, якое прыйдзецца даспадобы і прыжывецца.

Падчас работы неабходна ўводзіць на гэтую плошчу новых карыстальнікаў. Такім чынам адбудзецца сацыяльны мікс, «разбавіцца» аднатоннасць насельніцтва, што дазволіць стварыць больш здаровую сацыяльную атмасферу ў пэўным месцы. Нават калі пры гэтым спатрэбіцца нейкае новае кропкавае будаўніцтва на тэрыторыі, усё роўна менш шанцаў, што гэтае месца ператворыцца ў нейкую закрытую сістэму, куды няма доступу іншым групам.

— Прыклады такой закрытасці — рабочыя пасёлкі, дзе жыве адна сацыяльная праслойка, а таксама элітныя «гета» — цэлыя раёны, куды нават зайсці псіхалагічна і фізічна не ўсім камфортна. Такім чынам мы павялічваем пранікальнасць горада і робім яго больш эфектыўным, калі ўбудоўваем аб'екты ва ўжо існуючыя сацыяльныя структуры.

Жыллёвая кар'ера? Гэта магчыма!

Архітэктары  абмяркоўваюць  сучаснасць  і будучыню  гарадоў.

Існаванне такога паняцця, як «жыллёвая кар'ера», дазваляе людзям камфортна праводзіць жыццё ў адным раёне, не надта мяняючы лакацыю свайго пражывання, аднак пры гэтым мяняць яго ўмовы ў залежнасці ад патрэб. Напрыклад, маладому спецыялісту без сям'і хопіць «аднушкі» з маленькай кухняй. Са з'яўленнем сям'і яму патрэбна большая плошча, а калі дзеці вырастуць і раз'едуцца — падыдзе іншы тып кватэры. Жыллёвая кар'ера дазваляе задавальняць усе гэтыя патрэбы ў сваёй любімай лакацыі, не губляючы пачуцця прывязанасці да месца.

— Менавіта ўбудоўванне новых тэхналагічных структур і трансфармацыя існуючых тэрыторый можа даць магчымасць для жыллёвай кар'еры розным людзям па ўсім горадзе. Гэта таксама дапаможа бязбольна прывучыць да карыстання якаснымі гарадскімі прасторамі людзей, у якіх адсутнічае такі вопыт, — мяркуе Ілона Эльяшэвіч. — Ва ўжо забудаванай прасторы значна больш цікавых пунктаў для праектавання і трансфармацыі, што дазваляе атрымліваць больш варты вынік. Такім чынам можна разнастаіць кампазіцыю горада і пры гэтым не страціць існуючае. Увод рашэнняў праекціроўшчыкаў пры гэтым паэтапны, і на кожнай стадыі можна ацаніць, ці правільнае рашэнне было прынятае, своечасова змяніць яго, калі неабходна. Пры гэтым захоўваюцца патэнцыяльна значныя аб'екты, якія пакуль не маюць гістарычнай каштоўнасці і не ахоўваюцца дзяржавай. А вось калі забудоўваюцца пустыя прасторы, ацаніць правільнасць рашэння можна толькі пасля поўнай рэалізацыі.

Недавыкарыстаныя тэрыторыі сябе пакажуць

Адшукваць у горадзе недавыкарыстаныя тэрыторыі і зносіць шматпавярховую забудову. У такім кірунку прыйдзецца працаваць праекціроўшчыкам у будучыні, каб знаходзіць новыя плошчы пад будаўніцтва, павышаючы эфектыўнасць горада, упэўнена Лізавета ЧЭПІКАВА, архітэктар, урбаніст Мінскай урбаністычнай платформы «Праектінжбуд».

Яна прааналізавала, як можна змяніць паўночна-ўсходнюю частку сталіцы, якая, па словах архітэктара, мае найбольшую колькасць наслаенняў па перыядах забудовы:

— Гэтая частка Мінска забудавана практычна поўнасцю, яна не надта шчыльная і мае вялікі камерцыйны патэнцыял, бо знаходзіцца ў першых трох эканамічных зонах. Я ўзяла інфармацыю перапісу насельніцтва 2012 года і склала свае схемы шчыльнасці па розных паказчыках. Паклала гэтыя звесткі на карту, і ўбачыла, што гарадскі асяродак тут разрознены. Шмат месцаў, якія не звязаны паміж сабой: прамысловых тэрыторый, паркаў, пустыроў.

Разглядаючы шчыльнасць размеркавання кватэр і жыхароў па раёне, спецыяліст падзяліла горад на часткі, якія забудоўваліся ў пэўны перыяд і стваралі пэўныя структуры.

— Перш чым перарабляць прастору, трэба разумець патэнцыял і праблемы жылой тэрыторыі, — разважае яна. — Прадстаўляць, як якасна ўшчыльніцца, і прадумваць, як перавыкарыстоўваць гэтую плошчу ў будучым. Колькасныя паказчыкі можна пераўтвараць у якасныя на лакальным узроўні. Я ўзяла тэрыторыю вуліц Валгаградская-Кедышка, дзе параўнальна нізкая забудова. Планіроўкі тут у большасці аднолькавыя, таму ўзровень разнастайнасці нізкі, а якасць жылля невысокая.

Спецыяліст прапануе этапна перавыкарыстоўваць гэтыя тэрыторыі. Яна падзяліла іх на тры часткі, каб з дапамогай прасторавых метадаў перабудоўваць участкі, павышаючы іх эфектыўнасць у колькасным сэнсе. І выбрала падыход прасторавай рэарганізацыі, калі асяроддзе дзеліцца на публічную (агульную) зону, напаўпублічную (двары) і прыватную.

— Я прапаноўвала сфармаваць нейкую цэнтральную зону, не руйнуючы цалкам забудову і пакідаючы дваровыя тэрыторыі, каб даць грамадству час прызвычаіцца да новай сістэмы. Нам у сваю чаргу можна паглядзець, што атрымалася, а што не, якія былі памылкі пры першым умяшальніцтве.

Важна захаваць існуючую структуру забудовы. Не адгарадзіцца платамі, а пакінуць прастору даступнай, але пазбегнуць транзітнасці і даць жыхарам адчуванне прыватнасці. Праектам прадумана схема азелянення і транспарту, прадугледжана змяненне структуры функцыянальнай забудовы. Жылыя дамы насычаюцца дадатковымі актыўнасцямі, каб сфарміраваць мультыфункцыянальнасць забудоўлі з магчымасцю перавыкарыстання. Пасля ўсіх маніпуляцый удвая павінен павялічыцца жылы фонд і шчыльнасць насельніцтва. Спецыялісты лічаць, што ў будучым можна працаваць з недавыкарыстанымі тэрыторыямі падобным спосабам.

У сталіцы цяпер каля 130 кварталаў капітальнай забудовы, дзе жывуць мінчане, і каля 200 мікрараёнаў.

— Постсавецкія гарады будаваліся з закладзеным у праекты вялікім запасам. Шырокія вуліцы, вялікія водступы. Калі горад расце ўшырыню, захопліваючы новыя трыторыі, мы тым самым закладаем у яго бомбу замаруджанага дзеяння, — перакананы Міхаіл СЦЯПУРА, кіраўнік праектаў MLA+. — Гэта абцяжаранне для функцыянавання горада на перспектыву. Спатрэбіцца яшчэ больш эканамічных рэсурсаў для падтрымкі інфраструктуры: дарог, інжынерных камунікацый. З гэтым сутыкнуліся многія амерыканскія гарады, дзе не хапае падаткаў на падтрымку інфраструктур вуліц. Патэнцыял цяпер у іх такі: або ўшчыльняць горад, або пагаршаць якасць прадастаўляемых паслуг.

Гадоў праз 50, калі самым каштоўным рэсурсам стануць чыстае паветра і вада, у прыярытэты каштоўнасцяў увойдзе якасць асяроддзя, і пры ацэнцы кошту квадратнага метра менавіта гэта будзе вызначаць цану. Патрабаванні да забудовы будуць зусім іншымі, прагназуе Вера СЫСОЕВА, архітэктар, эксперт праекта па зялёным горадабудаўніцтве:

— Гэты працэс пачаўся ўжо. У Еўропе, каб прадаць дом, трэба аформіць на яго пашпарт па энергаэфектыўнасці. Калі яна невысокая, ты будзеш плаціць розныя падаткі на нерухомасць. У сучасным свеце энергаэфектыўнымі з'яўляюцца ўжо не толькі асобныя будынкі, а нават кварталы. Думаю, з часам з'явіцца новая эканоміка, якая будзе стымуляваць зусім іншыя формы рассялення.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.