Вы тут

Уладзімір Калтовіч: Цэнавая стабільнасць павінна быць забяспечана за кошт развіцця канкурэнцыі


Канкурэнцыя, інтэрнэт-паслугі і абарона правоў спажыўцоў. На гэтыя тры галоўныя моманты звярнулі ўвагу дэпутаты і чыноўнікі падчас круглага стала Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, абмяркоўваючы праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах».


Адкрываючы круглы стол, старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец адзначыла, што ў паўсядзённым жыцці мы пастаянна сутыкаемся з плацяжамі з мабільнага тэлефона і купляем тавары ў інтэрнэце, выбіраючы іх на розных сайтах. Дык вось, плацежныя паслугі, якія ў гэтым выпадку мы атрымліваем як спажыўцы, аказваюць нам арганізацыі, якія не з'яўляюцца банкамі і не адносяцца да банкаўскіх крэдытна-фінансавых структур. Іх дзейнасць у гэтым кірунку ў дзеючым заканадаўстве належным чынам не ўрэгулявана. Сенатар заўважыла, што адсутнасць такіх нормаў для патэнцыйных пастаўшчыкоў плацежных паслуг, з аднаго боку, негатыўна адбіваецца на забеспячэнні ўстойлівасці плацежнай сістэмы ў цэлым, а з другога боку — на развіцці і пашырэнні гэтых паслуг на тэрыторыі нашай краіны, што стрымлівае якасць і ініцыятыўнасць у адпаведнай галіне. Неабходны рэгламентаваныя правілы гульні для ўсіх гульцоў рынку і развіццё добрасумленнай канкурэнцыі ў сферы плацежных паслуг, лічыць спікер.

Для таго каб заканадаўства ішло ў нагу з часам і паспяхова развіваўся рынак плацежных паслуг, Нацыянальным банкам разам з зацікаўленымі бакамі быў распрацаваны праект адпаведнага закона. «Нам трэба вызначыць канцэптуальныя падыходы па гэтым праекце, абмеркаваць розныя нюансы, каб сенатары былі ў курсе. Каб у той час, калі мы яго атрымаем на ўзгадненне, усе разумелі, пра што ідзе гаворка і што можна яшчэ выправіць», — удакладніла сваю пазіцыю Таццяна Рунец.

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц акцэнтаваў увагу на тым, што свет змяняецца вельмі хутка, а новыя тэхналогіі ўкараняюцца з лавінападобнай хуткасцю. У значнай ступені гэтыя змены адбываюцца і ў плацежным рынку, з'яўляюцца новыя спосабы і магчымасці правядзення плацяжоў. «Што было пяць гадоў таму і цяпер — гэта абсалютна розныя рэчы. Таму фінансавыя рэгулятары імкнуцца прытрымлівацца ўсіх новых тэндэнцый і мяняць заканадаўства досыць жыва, каб яно было максімальна гнуткае, дазваляла ўкараняцца новым тэхналогіям.

Прадстаўнік Нацбанка лічыць: чым зручней пабудаваны бізнес-працэсы з плацяжамі, тым гэта лепш у цэлым для сацыяльна-эканамічнага развіцця любой краіны. Новы законапраект больш выразна акрэсліць усе правілы рынку плацежных паслуг, дазволіць дапусціць на рынак структуры малога і сярэдняга бізнесу, а гэта ўзмоцніць канкурэнцыю. Прапанаваныя змены будуць спрыяць павелічэнню долі безнаяўных плацяжоў, што з'яўляецца несумненным плюсам для эканомікі нашай краіны. Акрамя таго, прыняцце праекта мінімізуе рызыкі, звязаныя з праходжаннем грошай па разнастайных каналах, таму што будуць вырашаны пытанні з кібербяспекай усёй сістэмы.

«Цэнавая стабільнасць павінна быць забяспечана за кошт развіцця канкурэнцыі і дэманапалізацыі рынкаў — менавіта гэтая задача вырашаецца такімі заканадаўчымі актамі, як названы праект. А цэнавая стабільнасць уваходзіць у кампетэнцыю нашага міністэрства», — адзначыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Ён падкрэсліў, што дакумент пашырае многія вузкія месцы развіцця рынку канкурэнцыі. Праціўнікаў у канкурэнцыі заўсёды больш, чым прыхільнікаў, таму што гэта заўсёды балюча. Пры наяўнасці канкурэнцыі слабыя прадпрыемствы зачыняюцца або страчваюць рабочыя месцы. Новы закон будзе спрыяць развіццю канкурэнцыі і рабіць яе больш жорсткай.

Ці гатовы гандаль да такіх умоў? «Магу адзначыць, што доля Белкаапсаюза за апошні час знізілася ў разы. Гэтая арганізацыя ўжо не з'яўляецца вядучым гульцом. Хоць яны сапраўды выконваюць сацыяльную функцыю, не закрываючы крамы ў тых вёсках, дзе колькасць насельніцтва не забяспечвае неабходную норму прыбытку. Але на іх месца прыходзяць іншыя структуры, больш гнуткія па плацежнай сістэме. І робяць гэта без падтрымкі дзяржавы».

Другая частка прапанаванага праекта заключаецца ў развіцці інтэрнэту, паслуг, звязаных з ім, інтэрнэт-гандлю. «Інтэрнэт-гандаль — гэта выдатна. Хутка, танна, зручна. Але гэта таксама канкурэнцыя, бо тыя, хто займаецца вытворчасцю, задаюць сёння шмат вострых пытанняў. Чаму кошты тавараў з Узбекістана на такім нізкім узроўні? Мы спрабуем з гэтым змагацца, але гэта непапулярная мера сярод людзей. Таму што чалавеку цікава пайсці і купіць тавар па невысокай цане. Інтэрнэт-гандаль выводзіць нас у зусім іншы свет, дзе межаў паміж краінамі не існуе. І таму айчыннаму вытворцу давядзецца канкурыраваць з глабальным светам», — адзначыў Уладзімір Калтовіч.

Старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч падкрэсліў, што плацежныя паслугі — абавязковы атрыбут любой фінансавай установы. Функцыянаванне гэтага рынку патрабуе пэўных правілаў, выкананне якіх павінна гарантаваць захаванне правоў і законных інтарэсаў карыстальнікаў плацежных паслуг. Зборам такіх правілаў і закліканы стаць вынесены на грамадскае абмеркаванне праект Закона аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах.

«Як найбуйнейшы фінансава-крэдытны інстытут краіны, мы акумулюем на сваіх рахунках 39 % дэпазітаў суб'ектаў гаспадарання і амаль 44 % укладаў фізічных асоб. Аб'ём крэдытнага партфеля Беларусбанка займае 43 % у сукупным аб'ёме крэдытаў юрыдычных асоб банкаўскай сістэмы і 57 % партфеля фізічных асоб», — заўважыў Віктар Ананіч.

«Як актыўны ўдзельнік рынку плацежных паслуг, мы ўважліва і глыбока прапрацавалі праект Закона, абмяркоўвалі з распрацоўшчыкам асноўныя нормы і пастулаты, уносілі дапаўненні. Упэўнены, што прыняцце закона павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальнага плацежнага рынку, а гэта — пашырэнне спектру ўдзельнікаў рынку, павышэнне якасці паслуг, у рэшце рэшт — павышэнне ўзроўню даступнасці кліентам плацежных паслуг. Безумоўна, праект гэтага дакумента павінен абмяркоўвацца на самых розных узроўнях і, вядома, на ўзроўні Савета Рэспублікі», — заявіў Віктар Ананіч.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».