Вы тут

Якім павінна выглядаць аблічча сённяшняга горада


Сучасныя гарады — тэрыторыя, на якую цяпер накладваецца значна больш функцый, чым проста быць месцам для жыцця і працы. Аблічча сённяшняга горада мусіць выглядаць прыгожа, разнастайна, экалагічна і тэрытарыяльна камфортна. А яшчэ ўрбанізаваныя плошчы павінны ўмець мабільна перабудоўвацца, каб паспяваць за патрабаваннямі жыцця і людзей і заставацца пры гэтым якаснымі і карыснымі для выкарыстання. Спецыялісты паразважалі, як ушчыльніцца на асвоеных тэрыторыях без страты для асяроддзя і людзей, а таксама мадэрнізаваць гарады, арыентуючы іх на гады наперад.


Паміж эканомікай і прыродай

Праз 10 гадоў 80 % беларусаў будуць жыць у гарадах. Цяпер гэтая лічба складае каля 70 %. А адна з найбольш значных тэндэнцый стратэгіі ўстойлівага развіцця — урбанізацыя, расказала Таццяна КАНАНЧУК, начальнік упраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Гарады нясуць усё большую нагрузку, і патрэбна аб'яднаць намаганні, каб максімальна захаваць прыроднае багацце. Тэма зялёнага будаўніцтва становіцца ў свеце ўсё больш значнай. Канферэнцыя ААН па жыллі і ўстойлівым гарадскім развіцці Хабітат-ІІІ прыняла новую праграму развіцця гарадоў, якая дапаможа ў рэалізацыі мэт у гэтай галіне на комплекснай аснове.

У дакуменце адзначаецца, што ўрбанізацыя пры належным планаванні і фінансаванні можа стаць дзейснай і карыснай для ўсіх. Важна дасягнуць балансу паміж захаваннем прыроднага асяродку і эканамічным развіццём.

Зялёная эканоміка — эканамічная мадэль, якая стымулюе рост даходаў насельніцтва і рабочых месцаў, не ствараючы пры гэтым рызыку для прыроды.

Гэта значыць нізкае ўжыванне вугляродаў, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, сацыяльная інклюзія.

У межах рэалізацыі дзяржаўнай экалагічнай палітыкі Беларусі створаны ўмовы для вытворчасці цепла- і электраэнергіі з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц. Будуюцца энергаэфектыўныя зялёныя жылыя кварталы ў Мінску, Магілёве, Гродна. У сталіцы 38,8 % наземнага пасажырскага транспарту электрыфікавана. Развіваецца рух зялёных гарадоў.

Пры такім падыходзе скарачэнне колькасці выкідаў СО2 спалучаецца з інвестыцыямі ў «зялёныя» прадпрыемствы. Нягледзячы на з'яўленне новых прадпрыемстваў, выкіды змяншаюцца, а найлепшыя лічбы ў гэтым накірунку краіна атрымае ад работы Беларускай АЭС, упэўнена прадстаўніца Мінпрыроды.

Міжнародныя абавязкі ў рэгіянальных межах

Праект «Зялёныя гарады» скіраваны на развіццё планаў зялёнага горадабудаўніцтва, падтрымку ініцыятыў па ўстойлівым гарадскім транспарце, павышэнні энергаэфектыўнасці ў малых і сярэдніх гарадах.

Большасць насельніцтва канцэнтруецца ў сталіцы і абласных цэнтрах. З малых гарадоў людзі з'язджаюць, жыць тут становіцца нецікава, эканоміка слаба развіваецца, таму акцэнт праекта зялёнага горадабудаўніцтва скіраваны менавіта на сярэдніх і малых гарадах, патлумачыла Ірына УСАВА, кіраўнік праекта «Зялёныя гарады»:

— Назапашаны вопыт паказвае, што правільна распрацаваныя новыя падыходы планавання для гарадскіх тэрыторый спрыяюць росту дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва. Рашэнні, якія прымаюцца на мясцовым узроўні па шчыльнасці, землекарыстанні, развіцці эканомікі, уплываюць і на спажыванне энергіі, і на скарачэнне СО2. Гэта ў сваю чаргу дапамагае выконваць міжнародныя абавязкі краіны ў межах Парыжскага пагаднення і Устойлівага развіцця 2030.

У Беларусі распрацаваны рэкамендацыі для стратэгічных дакументаў на нацыянальным узроўні, такіх як канцэпцыя НСУР 2035, дзе эксперты вызначылі прапановы адносна адаптацыі да змянення клімату, выкарыстанне смарт-тэхналогій і новых механізмаў зялёнага фінансавання.

Планы зялёнага горадабудаўніцтва ўжо распрацаваны для Навагрудка, Полацка і Наваполацка. Для двух апошніх створаны таксама адзіны план устойлівай гарадской мабільнасці.

Летась да праекта далучыліся Зэльва, Карма, Гарадок, Крычаў. А ўсяго ў пагадненні аб клімаце і энергіі ўдзельнічае больш як 40 айчынных мястэчак, якія ўзялі на сябе абавязак паменшыць колькасць парніковых газаў на сваіх тэрыторыях не менш як на 30 %.

Знайсці «зялёны астравок»

Аднак, акрамя стратэгічных дакументаў, у найбліжэйшы час гарадам спатрэбяцца шматлікія інвестыцыі для паляпшэння якасці інфраструктуры. Гэтыя сумы, па папярэдніх разліках, даходзяць да некалькіх мільярдаў, якія штогод неабходна інвеставаць у падтрымку гарадской інфраструктуры, заўважыла кіраўнік праекта:

— Неабходна ствараць механізмы для фінансавання інфраструктуры. Цяпер сумесна з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі мы распрацоўваем падыходы для рэалізацыі энергаэфектыўных праектаў, у прыватнасці, механізмаў энергасэрвіснай дзейнасці. Летась распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні прынцыпаў зялёных закупаў. Гэту работу працягнем і сёлета.

Вырашыць задачу стварэння зялёных гарадоў можна, толькі калі разглядаць іх як частку зялёнага рэгіёна і як тэрыторыю, што складаецца з фрагментаў. Пры фарміраванні зялёных гарадоў нешта захоўваецца ў першасным выглядзе, нешта аднаўляецца, аднак заўжды трэба думаць на перспектыву, раіць Георгій ПАТАЕЎ, доктар архітэктуры, прафесар кафедры горадабудаўніцтва БНТУ:

— Зоны ўрбанізацыі сёння сталі настолькі шчыльнымі, што знайсці ў сучасных гарадах зялёны астравок досыць складана. Аднак ёсць і адваротныя трэнды. Напрыклад, дом-васьмёрка ў Капенгагене, райскі сад «Вафіла» ў Іспаніі. Сёння актыўна развіваюцца арт-паркі, дзе сучасныя скульптуры спалучаюцца з ландшафтнымі кампазіцыямі. Парк Юпіцер каля Эдынбурга аўтарства Чарльза Джэймса, дзе новыя формы цудоўна дапаўняюць натуральную прыроду. Міні-паркі — так званыя кішэнныя паркі, якія сёння можна рэальна ўпісваць нават у супершчыльныя мегаполісы. І гэта правільнае мысленне. Мы можам рэальна мець гэтыя зялёныя калідоры, якія напоўняць зоны ўрбанізацыі і дазволяць нам сфарміраваць камфортнае жыццёвае асяроддзе.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара і Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Зялёныя калідоры ў зонах урбанізацыі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.