Вы тут

Наталля Качанава: Прыёмы грамадзян — важная частка работы заканадаўцаў


Справядлівае стаўленне да людзей павінна быць у аснове работы са зваротамі грамадзян. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з парламентарыямі 5 снежня 2019 года. Людзі прыходзяць на асабістыя прыёмы і разлічваюць атрымаць канкрэтную дапамогу ў вырашэнні сваіх праблем, і яна павінна быць своечасовай і выніковай. Пра тое, як вядзецца работа са зваротамі грамадзян у Савеце Рэспублікі і з якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца людзі, у інтэрв'ю БелТА расказала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля КАЧАНАВА.


— Наталля Іванаўна, у апошні час сенатары прыкметна актывізавалі працу са зваротамі грамадзян. З чым гэта звязана?

— Асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах і з насельніцтвам — важныя напрамкі дзейнасці сенатарскага корпуса, якія дазваляюць аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю ў канкрэтных рэгіёнах нашай краіны, вызначаць, якія праблемы найбольш хвалююць людзей і як вырашаюць іх мясцовыя органы ўлады. Акрамя таго, для нас, заканадаўцаў, гэта добрая магчымасць вывучаць, як працуюць законы на справе, ці патрабуецца іх удасканаленне і ў якіх сферах.

Кіраўнік дзяржавы дакладна акрэсліў задачы: законы павінны быць зразумелымі і ісці ад жыцця. І гэта вельмі правільнае патрабаванне. Па выніках прыёмаў грамадзян мы бачым тыя вузкія месцы ў заканадаўстве, над якімі неабходна працаваць. Прывяду просты прыклад. Да мяне на прыёме звярнуўся жыхар Мінска, які ў адзіночку выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей.

З былой жонкай ён не можа падзяліць кватэру і раз'ехацца. Жанчына злоўжывае спіртнымі напоямі. Усё гэта на вачах у дзяцей. І гэта не адзінкавы выпадак. Відавочна, што прыйшоў час уносіць карэкціроўкі ў Дэкрэт № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях», над чым мы і будзем працаваць.

Вельмі шмат зваротаў звязана з зямельнымі адносінамі, падзелам участкаў. Паступаюць просьбы аб садзейнічанні ў вырашэнні гэтых пытанняў, а таксама прапановы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання і аховы зямель, абарону правоў землекарыстальнікаў.
Уся гэтая інфармацыя будзе ўлічана пры карэкціроўцы Кодэкса аб зямлі.

Як вы ведаеце, цяпер шырока абмяркоўваюцца магчымыя папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве таксама задзейнічана ў гэтай рабоце.

Гэта значыць, вядзецца жывы дыялог з грамадскасцю па многіх пытаннях заканадаўчай дзейнасці. Людзі прыходзяць да нас з добрымі ідэямі, якія сапраўды заслугоўваюць увагі.

На актыўную работу з насельніцтвам я арыентую і дэпутацкі корпус. Гэта звыш 18 тысяч чалавек, якія імкнуцца быць карыснымі свайму гораду, раёну, краіне. Неабходна максімальна выкарыстаць гэты рэсурс, перш за ўсё выбудаваць больш цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады. Тады многія рэгіянальныя пытанні можна будзе вырашаць больш эфектыўна, а самае галоўнае — своечасова. Як арганізаваць працу ў гэтым ключы, мы абмяркоўваем на сустрэчах са старшынямі гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, якія праводзяцца мной у рэгіёнах. Бачу, што дэпутаты добра валодаюць інфармацыяй аб сітуацыі на месцах, у іх нямала перспектыўных ініцыятыў.

— Калі казаць пра канкрэтныя лічбы, то колькі зваротаў паступае ў Савет Рэспублікі і з якімі пытаннямі часцей за ўсё прыходзяць людзі?

— У студзені 2020 года ў Савет Рэспублікі паступіла 406 зваротаў: 292 пісьмовыя, вусных — 114. Для параўнання: за студзень 2019 года паступіла 35 зваротаў, а за ўвесь 2019-ы — 437. Вы бачыце, рост істотны. І гэта нармальна. Калі да нас ідуць людзі, значыць, яны нам давяраюць. У той жа час аналіз зваротаў паказвае, што большасць пытанняў магло быць вырашана на месцах. І гэта сігнал мясцовым органам улады: у працы з людзьмі не павінна быць фармалізму, валакіты, адпісак. Кожны зварот патрабуе ўважлівага разгляду і канкрэтнага рашэння.

У разрэзе рэгіёнаў найбольшая колькасць зваротаў за студзень у Савет Рэспублікі паступіла ад жыхароў Мінска і Мінскай вобласці, найменшая — ад жыхароў Гродзенскай і Віцебскай абласцей.

Калі казаць пра тэматыку, то людзі прыходзяць на прыёмы ў асноўным з праблемамі, якія датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі і жыллёвага фонду, землеўпарадкавання і землекарыстання, працаўладкавання, судовых спрэчак. Часта ўздымаюцца пытанні, звязаныя з работай сістэмы аховы здароўя, адукацыі, экалогіяй і аховай навакольнага асяроддзя.

— Наталля Іванаўна, паколькі мы закранулі тэму экалогіі, нельга не спытаць пра сітуацыю з высечкай Грушаўскага скверу ў Мінску. Наколькі вядома, вы асабіста выязджалі на месца, каб разабрацца ў праблеме.

— Гэтым пытаннем я займалася па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Сітуацыя з высечкай скверу шырока абмяркоўвалася жыхарамі горада, у тым ліку ў сацыяльных сетках. І яна не засталася незаўважанай. Са старшынёй Мінгарвыканкама мы выязджалі на месца, каб дэталёва разабрацца ў тым, што адбываецца. Знойдзены прымальны варыянт вырашэння. Высечка дрэў спынена. Ва ўстаноўлены тэрмін мы праінфармуем жыхароў аб прынятых рашэннях.

— Ці будзе ў далейшым удасканальвацца работа са зваротамі грамадзян у Савеце Рэспублікі?

— Мы над гэтым працуем пастаянна. У бліжэйшы час разам з членамі Прэзідыума Савета Рэспублікі правядзём выязныя прыёмы грамадзян. Сенатары таксама працягнуць гэтую работу на месцах. У нашых графіках на бліжэйшы час — сустрэчы ў працоўных калектывах. Гэта значыць, што работа з насельніцтвам не будзе змяншаць абароты і застанецца важным складнікам дзейнасці Савета Рэспублікі.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.