Вы тут

У Мінску праектуюцца і будуюцца 44 аб'екты адукацыі


А сапраўды, у апошнія гады ў сталіцы ў новых мікрараёнах жыллё будавалася апераджальнымі тэмпамі. Аб'ектаў сацыяльнага прызначэння відавочна не хапала, асабліва цяжкая сітуацыя склалася з дзіцячымі садкамі. Бацькі вазілі сваіх карапузаў на далёкія вуліцы раёнаў ці нават у іншыя мікрараёны...

І вось нарэшце спраўдзілася. У інвестыцыйнай праграме мегаполіса павялічылася колькасць аб'ектаў сацыяльнага прызначэння: сярэднія школы, аб'екты дашкольнай адукацыі і аховы здароўя будуць будаваць масава — там, дзе іх сапраўды не хапае, паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава.


Фінансаванне вырасла ў разы

Па словах старшыні камітэта, цяпер у Мінску праектуюцца і будуюцца 44 аб'екты адукацыі, 28 дзіцячых дашкольных устаноў, 28 аб'ектаў аховы здароўя.

Агульны аб'ём сродкаў, накіраваных на праектаванне, будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў аховы здароўя ў 2020—2021 гадах, роўны 179,8 млн рублёў. У параўнанні з мінулым годам гэтая сума павялічылася ў два разы. На ўстановы адукацыі, у тым ліку дашкольныя, выдзелена 109,5 млн рублёў (у 2019 годзе гэтая сума была меншая прыблізна на 25 млн). Бюджэт на будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў сацыяльнай абароны вырас у тры разы і складае 3 млн рублёў.

Для малых і старых

У Мінску сёлета плануюць увесці ў эксплуатацыю сярэднюю школу і ліцэй, сем дзіцячых садкоў і адрэстаўраваць адзін дзіцячы сад пад цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Акрамя таго, плануецца завяршыць работы ў амбулаторна-паліклінічнай установе і скончыць рэканструкцыю 20-й гарадской паліклінікі.

Акрамя таго, з мэтай стварэння камфортных умоў для пражывання і абслугоўвання грамадзян з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, парушэннямі інтэлектуальнага развіцця, слыху і зроку, функцый апорна-рухальнага апарату праектуюцца і рэканструююцца карпусы ў дамах-інтэрнатах. У Заводскім раёне вядзецца рэканструкцыя будынка псіханеўралагічнага дома-інтэрната № 2 для састарэлых і інвалідаў, у Цэнтральным раёне будуецца новы корпус дзіцячага дома-інтэрната.

Гадавы план не выканалі....

У 2019 годзе ў Мінску ўвялі ў эксплуатацыю 511 тысяч квадратных метраў жылля. «Гэта менш за паказчыкі даведзенага плана, але на гэта ёсць свае прычыны», — паведаміла Ірына Гонтарава.

Паводле яе слоў, пустых пляцовак пад будаўніцтва ў Мінску ўжо няма. Усе аб'ёмы маштабнага жыллёвага будаўніцтва сканцэнтраваныя цяпер у раёне «Мінск-Мір» і забудовы вакол вуліцы Макаёнка. Усе астатнія камерцыйныя забудовы — кропкавыя. Камунальныя заказчыкі будуюць толькі траціну ад усяго жылля, якое ўзводзіцца на тэрыторыі сталіцы. Усе пусткі ўжо зарэзерваваны пад аб'екты сацыяльнага прызначэння.

Дык вось, цяпер будаўніцтва жылля вядзецца практычна толькі на тых пляцоўках, якія рэканструююцца. Для гэтага пад знос ідзе прыватны сектар. Такі падыход прадугледжвае рассяленне людзей, фізічны знос будынкаў і толькі потым будаўніцтва.

«Згодна з дзеючым заканадаўствам (Указам № 26), зямля выдзялялася толькі пад будаўніцтва самога дома. Мы не мелі права выдзяляць пляцоўкі для рассялення прыватнага сектара, на месцы якога ўзводзілася б уся астатняя інжынерная інфраструктура, якую трэба падвесці да гэтых дамоў, а таксама пад сады, школы і паліклінікі.

Фактычна «скрынкі» маглі будаваць, а інжынерныя сеткі падводзіць не маглі. Гэта значыць, пад будаўніцтва дома выдзяляўся жылы фонд пад знос, а пад інжынерныя сеткі — не. Атрымаўся такі разрыў. Дамы мы таксама будаваць не пачыналі, таму што сэнсу ў гэтым няма. Увод дома ў эксплуатацыю не мог быць ажыццёўлены без інжынерных сетак. Мы б спарадзілі толькі суцэльныя даўгабуды. Намі быў ініцыяваны зварот у Савет Міністраў, каб унесці змяненні ў дзеючае заканадаўства. У ліпені мінулага года ўнесены гэтыя змены, якія дазваляюць нашым забудоўшчыкам выдзяляць дамы пад знос і пад інжынерна-транспартную, сацыяльную інфраструктуру. Практычна апошнія два-тры гады гэтая работа была паралізаваная», — растлумачыла Ірына Гонтарава.

Цяпер сітуацыя выпраўлена. Сёлета распрацоўшчыкі плануюць выканаць заданне па будаўніцтве жылля ў поўным аб'ёме — гэта 630 тысяч квадратных метраў. І работы на пляцоўках ужо ідуць.

Дзевяць плюс тры

Трохі больш сціплымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў у сталічным рэгіёне. У Мінскай вобласці сёлета адкрыюць дзевяць дзіцячых садкоў і пачнуць будаваць тры школы, паведаміў намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Аляксей Быкаў.

Чыноўнік абласнога ўзроўню адзначыў, што сёлета было вырашана зрабіць акцэнт на аб'ектах адукацыі. У аснову было пакладзена рашэнне пытання з дашкольнымі ўстановамі. «У 2020 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзевяць дзіцячых садкоў, шэсць з іх — у Мінскім раёне, яшчэ тры — у Смалявічах, Чэрвені, Івянцы», — адзначыў Аляксей Быкаў.

Таксама ў сталічным рэгіёне пачнуць будаўніцтва трох сярэдніх школ — у Смалявічах, Стоўбцах і Калодзішчах.

Актыўнымі тэмпамі будзе развівацца горад-спадарожнік Смалявічы, дзе прадугледжана будаўніцтва ў новым квартале № 2 (ён цяпер ствараецца) яшчэ адной школы і двух дзіцячых садкоў, а таксама ЖЭСа, паштовага аддзялення і паліклінікі.

Дванаццаць і два

Важным кірункам для Мінскай вобласці застаецца будаўніцтва аб'ектаў аховы здароўя. Будуць фінансавацца 12 аб'ектаў, з якіх два плануюць увесці ў эксплуатацыю сёлета. Адкрыецца амбулаторыя ў Хацежыне Мінскага раёна (работы плануюць скончыць у першым паўгоддзі). Таксама завершыцца рэканструкцыя прыёмнага аддзялення з будаўніцтвам прыбудовы пад размяшчэнне МРТ у бальніцы Салігорска.

Чакаецца, што паралельна ў Барысаве будуць весці будаўніцтва дзіцячага шматпрофільнага корпуса станцыі пералівання крыві і рэканструкцыю хірургічнага корпуса. Працягнецца ўзвядзенне дзіцячай паліклінікі ў Жодзіне і паліклінікі ў Азярцы Мінскага раёна. У Смалявічах таксама пачнуць будаўніцтва паліклінікі. У найбліжэйшы час разгледзяць пытанне аб стварэнні паліклінікі ў Заслаўі.

Плануецца, што ў рэгіёне будуць узводзіць аб'екты фізічнай культуры і спорту. Сёлета дабудуюць плавальны басейн у Мар'інай Горцы, працягнуць узводзіць шматпрофільны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр у Міханавічах Мінскага раёна. Таксама разлічваюць завяршыць праектаванне лядовай арэны ў Барысаве і комплексу з плавальным басейнам у Старых Дарогах.

Інвестыцыйныя праграмы сталічнага рэгіёна маюць сацыяльную накіраванасць: штогод больш за 50 % аб'ектаў прыпадае на ўстановы культуры, адукацыі і аховы здароўя.

У параўнанні з мінулым годам цяпер значна вырасла фінансаванне сацыяльных аб'ектаў. У 2020 годзе на аб'екты гэтай сферы выдзелена больш за 120 млн рублёў. Летась дзяржаўных інвестыцый было каля 100 млн.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Мінск будуе «сацыялку»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Грамадства

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра.

Грамадства

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Без мiлiцыi мы нiяк», — рэзюмаваў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з мiнiстрам унутраных спраў Юрыем Караевым, маючы на ўвазе сiтуацыю з каранавiрусам. 

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.