Вы тут

Новы маштабны культурна-гістарычны праект «Вайна і мір» раскажа пра сляды трох войнаў на нашай зямлі


Бягучы год праходзіць у Беларусі, як і па ўсёй СНД, пад знакам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Зразумела, акрамя юбілейных вайсковых парадаў і масавых урачыстасцяў да знакавай даты будзе прымеркаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Напрыклад, некалькі дзён таму з мемарыяльнага комплексу Брэсцкай крэпасці і расійскага Мурманска стартавала эстафета Перамогі, якая двума маршрутамі пройдзе ўздоўж знешніх межаў дзяржаў — удзельніц СНД і фінішуе ў маі ў Маскве, каля магілы Невядомага салдата. Але для таго, каб цаніць набыткі і каштоўнасці сямідзесяці пяці гадоў мірнага жыцця, памяць мінулай вайны трэба шанаваць і захоўваць не толькі ў круглыя даты, а пастаянна — штогод, штодня. А, магчыма, трэба капаць глыбей?..


— У рамках вялікага праекта «У пошуках страчанага» пачынаецца цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі, — інтрыгаваў публіку на нядаўняй Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы вядомы калекцыянер, гісторык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў. — Сутнасць яго ў тым, каб не проста паказаць 1945 год і падзеі Перамогі, але звярнуцца да вытокаў, традыцый патрыятызму, расказаць аб тым, як кавалася Перамога, адкуль узяліся тыя ідэйныя, загартаваныя людзі, якія яе набліжалі. Бо Перамога стваралася не з 1941 да 1945 года — бацькі і дзяды герояў Вялікай Айчыннай вайны былі героямі Першай сусветнай вайны, а іхнія дзяды і прадзеды — героямі Айчыннай вайны 1812 года... Гэты ланцужок, па якім перадавалася любоў да Радзімы, мы і хочам паказаць у новым праекце — перадусім гэта будуць выстаўкі, прысвечаныя вайне 1812 года, Першай сусветнай і, як апафеоз, у канцы красавіка — пачатку мая — Вялікай Айчыннай вайне. А паміж войнамі быў мір, пра які таксама важна даведацца: як, чым жылі нашы продкі? Таму і назву праекту далі сімвалічную, як у рамане Талстога — «Вайна і мір».

Першая выстаўка адкрыецца ўжо 21 лютага ў Дзяржаўным мемарыяльным музеі Якуба Коласа — на экспазіцыі, што раскажа пра падзеі 1812 года, будуць прадстаўлены арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў Фабера дзю Фора (гэта нямецкі мастак-баталіст, які маляваў алоўкамі, фарбамі і чарнілам у кожны свабодны ад службы момант, у тым ліку занатаваў у сваіх запісных кніжках шмат беларускіх краявідаў, а па яго малюнках пазней зрабілі шмат гравюр, паштовак і карцін, у тым ліку ў 1830-х з'явіліся дзве аўтарскія карціны алеем: «Пераход цераз Бярэзіну» і «Кавярня ў Вільні»). Па гэтых малюнках можна будзе ўявіць сабе як шлях Напалеона да Масквы, так і вяртанне назад, у тым ліку ўцёкі з-пад Ашмян і Смаргоні. Таксама будуць прадстаўлены літаграфіі па карцінах вядомага мастака-баталіста Васіля Верашчагіна.

У праекта, расказвае Уладзімір Ліхадзедаў, ужо ёсць партнёры, гатовыя даць свае пляцоўкі для наступных экспазіцый: Нацыянальная і Прэзідэнцкая бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі, выказалі зацікаўленасць і некаторыя іншыя ўстановы. «Мяркую, выстаўкі — а я бачу шэраг экспазіцый, магчыма, каля дзясятка — будуць, па-першае, перасоўныя і пройдуць як у музеях і бібліятэках, так і, напрыклад, у розных навучальных установах; па-другое, выключна арыгінальныя — ніякіх копій, толькі сапраўдныя гістарычныя рэчы і творы мастацтва, кнігі, паштоўкі, літаграфіі ХІХ— ХХ стагоддзяў; па-трэцяе, бясплатныя для наведвальнікаў, бо маюць перадусім асветніцкую задачу», — пералічвае калекцыянер.

У канцы красавіка, як мяркуюць арганізатары, усе выстаўкі зноў аб'яднаюцца ў адзін суцэльны праект і будуць экспанавацца разам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Таксама тут плануецца правесці круглы стол з удзелам калекцыянераў і пісьменнікаў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі і іншых краін. «Хочацца зрабіць гэты форум — не, не фінальным акордам, але кульмінацыяй праекта, гучным і яркім напамінам пра каштоўнасць дружбы народаў і мірнага неба над нашымі галовамі, і каб менавіта Беларусь стала тым месцам, дзе аб'ядноўваюцца мірныя, стваральныя ініцыятывы, дзе злучаецца наша агульная гістарычная памяць», — апантана дзеліцца планамі Уладзімір Аляксеевіч.

Безумоўна, праект пакіне і рэчыўны, а дакладней, кніжны, след. У канцы 2019-га ўбачыла свет кніга Аляксандра Карлюкевіча і Уладзіміра Ліхадзедава «Крыніцы памяці», у якой адначасова дакументальны і мастацкі аповед пра мясціны Беларусі, звязаныя з імёнамі і лёсамі літаратараў, публіцыстаў, ваенных карэспандэнтаў Расіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны арганічна дапаўняюць ілюстрацыі: старыя — з калекцыі паштовак Уладзіміра Ліхадзедава, сучасныя — з фотатэкі БелТА.

Рыхтуюцца да выхаду яшчэ дзве кнігі — адна з іх так і будзе называцца, «75 год Вялікай Перамогі», другая будзе прысвечана блакадзе Ленінграда. У яе трапяць, напрыклад, унікальныя лісты і дакументы блакаднікаў рознай нацыянальнасці, у тым ліку беларусаў. «Гэта тэма блізкая і балючая мне асабіста, — прызнаецца Уладзімір Ліхадзедаў, — бо мая прабабуля якраз загінула ў блакадным Ленінградзе... Пасля вайны ў горад прыязджаў мой дзядуля, размаўляў са сведкамі тых падзей, я таксама доўга шукаў якія-небудзь згадкі аб прабабулі. Удалося дазнацца толькі, што яна пахаваная на Пескароўскіх могілках, але я не губляю надзеі, што могуць выпадкова «ўсплыць» лісты, фатаграфіі ці іншыя дакументы. Бо падчас блакады горад усё адно не здаваўся, ён жыў — працавала пошта, нават — дзіўная рэч — друкаваліся паштоўкі! Пакуль не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але абяцаю, што ў кнізе будзе прадстаўлена мноства ўнікальных артэфактаў».

Праект «Вайна і мір» не завершыцца 9 мая — ён працягне жыць і развівацца, прырастаць удзельнікамі, шукаць новыя кірункі і сэнсы. Як, уласна, працягвае жыць справа жыцця Уладзіміра Ліхадзедава — праект «У пошуках страчанага», вылучаны ў 2020 годзе на Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Бо пра нашы гарады і мястэчкі ў розныя гістарычныя перыяды ёсць што апавядаць яшчэ доўга, многа і цікава для любой аўдыторыі, перакананы калекцыянер: «У 2019 годзе ў мяне выйшла шэсць кніг у рамках праекта «У пошуках страчанага», сёлета, мяркую, будзе не менш. Дый калекцыя старых паштовак і фотаздымкаў, якую я збіраю, ужо больш чым 40 гадоў, таксама штогод пашыраецца — работы хапае!»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.