Вы тут

Sex-балясы. Секс як допінг


Не сакрэт, што любоўныя ўцехі даўно ўлічваліся ў спорце. Прычым часта з дыяметральна процілеглым падыходам. («Каб муж не адварочваўся да сцяны пасля сексу, Зіна павесіла на яе фота сваёй маці».) Калі адны трэнеры літаральна «пасвілі» сваіх выхаванцаў перад важнымі стартамі і катэгарычна забаранялі такія зносіны, дык іншыя, наадварот, ледзьве не прымушалі да іх атлетаў, заахвочваючы да сексу з другімі палавінкамі напярэдадні спаборніцтваў. Калі не памыляюся, апошняе, у прыватнасці, практыкавалася ў тагачаснай ГДР, найперш у дачыненні да жанчын. («Праходзь, раздзявайся. Я заварыла каву і дзверы».) Ды і самі спартсмены па-рознаму ставіліся да сексу перад выступленнямі: ад поўнага табу на яго да такога ж поўнага адрыву. («Ацэньваю секс з дзяўчынай па дзесяцібальнай сістэме. Калі секс быў — дзесяць балаў».) Мэта была аднолькавая ў абодвух выпадках — настроіць арганізм на дасягненне максімальных вынікаў. І вось новы паварот у пытанні эфектыўнасці або наадварот тых самых любоўных уцех у вялікім спорце...


Нядаўна 27-гадовая канадская 11-разовая чэмпіёнка свету, пераможца Панамерыканскіх гульняў у жаночым веславанні на каноэ Лорэнс Венсант-Лапуант, якой пагражала працяглае адхіленне за выяўлены ў арганізме допінг, знайшла тлумачэнне, якое цалкам задаволіла антыдопінгавыя структуры. («— Проба паказала, што ў вас нуль працэнтаў мельдонію. Вы дыскваліфікаваны. — Але ж нуль! — Але ж мельдонію!») Яна растлумачыла, што ва ўсім вінаваты... секс. Спартсменка здолела даказаць, што допінг трапіў у арганізм «пасля багатага абмену вадкасцямі з яе хлопцам». Першапачаткова малады чалавек адмаўляўся прызнаць гэта, але потым усё ж здаў на аналіз свае валасы, у якіх эксперты выявілі той жа самы прэпарат, што і ў атлеткі. Пазней хлопец паведаміў, што прымаў і іншыя забароненыя ў спорце рэчывы. Вядома, Лорэнс рассталася з кавалерам, бо такія распусныя сувязі не да твару дзяўчыне, якая марыць перамагчы на Алімпіядзе. («Яна была да таго правільная, да таго разумная, да таго высокамаральная, што хацелася ўліць у яе бутэлечку каньяку і паглядзець, што атрымаецца».) Ахвяра «заражэння трэцім бокам» была апраўдана. («Дзюдаіст, праглядаючы Камасутру, заўважыў, што з семдзесят трэцяй позы вельмі лёгка выходзіць на болевы прыём».)

Дарэчы, гэта не першы выпадак выкарыстання інтымных сувязяў для тлумачэння таго, адкуль у арганізме з'явіўся допінг. У чэмпіёна свету па скачках з шастом Шона Барбера, які таксама выступае за Канаду, напярэдадні Алімпіяды-2016 у пробе выявілі сляды какаіну. Спартсмен растлумачыў, што напярэдадні праз сайт знаёмстваў шукаў выпадковую сувязь з дзяўчынай, «чыстай ад наркотыкаў і хвароб». Дама яму была патрэбная для зняцця нервовага стрэсу. Атлет расказаў, што какаін трапіў у яго арганізм падчас пацалункаў з выпадковай партнёркай. Яна, бач ты, зараза, ужывала, але не папярэдзіла! («Софа назірае, як Мойша старанна дзеліць таблетку «Віягры» на дробныя кавалачкі. — Яе трэба праглынуць цалкам. — А, можа, я цябе толькі пацалаваць хачу?!») І спартсмена апраўдалі. А гісторыя з Барберам мела працяг у красавіку 2017 года. На сваёй старонцы ў Fасеbооk ён напісаў: «Гей, і ганаруся гэтым!» («У аддзел з чатырох супрацоўнікаў амерыканскай карпарацыі прыйшло паведамленне: будзе звольнены адзін чалавек, хто — няхай вырашаюць самі. «Мяне нельга, інакш гэта будзе праявай расізму», — адразу заявіў цемнаскуры. Жанчына: «Мяне таксама. Гэта гендарная дыскрымінацыя!» «І мяне нельга, інакш гэта будзе выглядаць як непавага да ўзросту», — дадаў самы пажылы работнік. Хлопец, які застаўся: «Выходзіць, я — гей?»)

Спорт і сексуальнасць — неад'емныя складнікі адно аднаго. Ці не таму ў тым ліку нам так падабаецца назіраць за спаборніцтвамі? («Каб воднае пола стала па-сапраўднаму папулярным відам спорту, не хапае адной акулы...») А Міжнародная ліга сёрфінгу раней забараніла аператарам рабіць буйныя планы ягадзіц спартсменак у бікіні (у шортах можна) падчас паваротаў каля хваль і паднырвання пад іх. Рашэнне было скіравана на абарону жанчын ад сексуальных дамаганняў. («Увага, відэа можа ўтрымліваць сцэны Васілія».) Але, як пішуць, такія меры не столькі абараняюць спартсменак ад праблем, колькі шкодзяць ім. Дзяўчаты, якія выбіраюць больш адкрыты варыянт уніформы, рызыкуюць значна радзей трапляць у кадр, што, вядома, адаб'ецца на іх папулярнасці. («Калі ў спартыўнай зале на вас глядзяць з цікаўнасцю і сімпатыяй, хутчэй за ўсё, за вамі вісіць люстэрка».)

І напрыканцы яшчэ такая гісторыя ў тэму. Неяк жыхары ірландскай вёскі Рынгаскіддзі паскардзіліся на... бясконцую эрэкцыю. Яны лічаць гэта вынікам наяўнасці «віягры ў паветры» — выкідаў фармацэўтычнага завода Рfіzеr, што размешчаны побач. Напужаныя былі, праўда, не ўсе. «Мы ўжо шмат гадоў бясплатна атрымліваем промні кахання», — цытавалі словы аднаго з мужчын. Статыстыка паказвае, што за 40 гадоў існавання прадпрыемства вёска перажыла дэмаграфічны бум — колькасць яе насельнікаў павялічылася ўдвая. Праўда, прадстаўнікі завода назвалі ўсё гэта міфам, прыдуманым самімі жыхарамі... («— Хачу быць шчаслівай, як яны... — Мілая, зразумейце, гэта была проста рэклама піва. У рэальным жыцці такі ўзровень шчасця недасягальны».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?

Грамадства

Праца ў вясковым Доме культуры — як і што гэта?

Праца ў вясковым Доме культуры — як і што гэта?

Адказваюць нашыя маладыя рэспандэнткі.

Спорт

Чэмпiёнка свету па рукапашным баі Вольга Камарова: Сiлавыя здольнасцi — толькi ў спорце

Чэмпiёнка свету па рукапашным баі Вольга Камарова: Сiлавыя здольнасцi — толькi ў спорце

Гераiня лiчыць, што любыя перамогi або няўдачы залежаць ад нас самiх i ад веры ў сябе.