Вы тут

Георгій Калдун: Ніколі не лічыў сябе суперартыстам


Стаць удзельнікам маштабнага музычнага шоу, увайсці ў суперфінал, заваяваць любоў гледачоў і зорнага журы... Усё гэта ён здолеў зрабіць літаральна за некалькі месяцаў. Як заўсёды заставацца самім сабой і пры гэтым скараць сэрцы публікі, артыст расказаў журналісту «Чырвонкі. Чырвонай змены».


— Што падштурхнула да ўдзелу ва ўкраінскім «Х-фактары»?

— У Беларусі, на жаль, не было нічога падобнага па маштабе. Я ведаў, што гэта цікавы праект, бачыў неаднаразова ў інтэрнэце, як усё выглядае. Да таго ж працаваў на ўкраінскім тэлеканале СТБ гадоў восем таму, вёў там праект «Феномен». Камандная работа, «карцінка», якая атрымліваецца, тэлевізійны прадакшн, прафесійны падыход — усё гэта мне вельмі імпанавала. Наогул, у мяне проста паўстала жаданне паўдзельнічаць. Цікавасць, якая ў выніку аказалася вельмі ўдалая.

— Кажуць, у конкурсе самае «стомнае» — гэта кастынгі...

— Гэта для мяне дастаткова эмацыянальная гісторыя, якая запатрабавала шмат сіл. Падчас кастынгаў я звычайна стараюся адысці куды-небудзь, каб засяродзіцца і эмацыянальна не «перагарэць». Што датычыцца менавіта праекта, туды я прыехаў раніцай, і ў прынцыпе тэарэтычна можна было б прастаяць там да вечара. Асабліва адыходзіць нікуды не дазваляюць, таму што можаш прапусціць сваю чаргу. Калі яна надыдзе, табе кажуць толькі перад самым выхадам, таму ўвесь час знаходзіўся ў рэжыме чакання.

— Ці была ўпэўненасць, што дакладна трапіце ў наступны этап?

— Я ў роўнай ступені чакаў таго, што прайду, і таго, што не. Ніколі не лічыў сябе суперартыстам ці супервакалістам. Але пры ўсім гэтым разумею, што я не няздара. Бачу, што адбываецца вакол, гляджу тэлевізар, часам інтэрнэт, разумею, як людзі ўмеюць спяваць і як яны не ўмеюць гэтага рабіць. Апроч голасу як інструмента змагання існуе яшчэ маса іншых асабістых якасцяў, якія могуць уздзейнічаць на аўдыторыю. Тут ужо, як той казаў, як пашанцуе. У прынцыпе, быў гатовы да любога выніку.

— З самага першага кастынгу жаночая палова журы ўвесь час рабіла вам кампліменты, і складана было не заўважыць, як вы бянтэжыцеся...

— Такія пытанні задаяце... Як быццам у псіхатэрапеўта зараз знаходжуся (смяецца). Я не люблю, а дакладней, не ведаю, як сябе паводзіць па-іншаму, калі хваляць. Тым больш калі хваляць доўга ці нейкія кампліменты робяць. А калі і на ўсю краіну... Ну, скажаш ты «дзякуй», а далей што рабіць, калі яны працягваюць? Для мяне бянтэжыцца ў такіх сітуацыях — прыкмета культуры.

— Узрадаваліся таму, што педагогам стала вядомая спявачка Оля Палякова?

— Спачатку не ўяўляў, як будуць складвацца адносіны з любым членам журы. Проста быў рады, што прайшоў. Оля амбіцыйная, эмацыянальная. Яна працаголік, яна розная. Мая настаўніца вельмі хвалявалася за вынік. І мне, напэўна, пашанцавала, што ўсё склалася такім чынам — трапіў да яе. Оля пастаянна настойвала на тым, каб я выходзіў з зоны камфорту. Я неаднаразова падкрэсліваў, што многія рэчы, якія на сцэне са мной здараліся, адбываліся дзякуючы ёй.

— Падчас шоу вы сталі сябрамі або прытрымліваліся субардынацыі?

— У нас былі выключна дзелавыя стасункі. Вядома, часам мы смяяліся з жартаў адно аднаго і рабочая атмасфера была досыць душэўнай... Але ўсе мы дарослыя людзі і разумеем, што гэта тэлевізійнае шоу і што нам патрэбны вынік, якога мы хочам дамагчыся. З Оляй размаўлялі паміж сабой выключна на «Вы». У нас першапачаткова была дамоўленасць такога характару. Мне здаецца, калі ў камандзе панібрацкія адносіны, гэта крыху выбівае з каляіны.

З настаўніцай Оляй Паляковай.

— А што наконт узаемаадносін паміж удзельнікамі? Моцна адчуваўся дух спаборніцтва?

— Усе разумелі, што пераможа толькі адзін. Таму не было ніякіх сварак і агрэсіі. Заўсёды лічыў канкурсантаў калегамі па любімай справе, а не канкурэнтамі. Мы падтрымлівалі адно аднаго, перажывалі і хваляваліся падчас прагляду. Конкурс рана ці позна скончыцца, а чалавекам трэба заставацца заўсёды.

— Вашы выступленні выклікалі бурную рэакцыю ў сацыяльных сетках, не абышлося і без негатыўных каментарыяў...

— Дзякуючы сваёй рабоце я навучыўся аддзяляць адэкватнае ад неадэкватнага. Чытаю, і ўжо адразу становіцца зразумела, што з сябе ўяўляе чалавек. Асабіста ў мяне няма часу пісаць водгукі. У кагосьці ён ёсць... Магчыма, лепш было б скарыстаць вольныя хвіліны на што-небудзь карыснае. Іншая справа, калі людзі пакідаюць добрыя каментарыі. Чытаць такія прыемна любому чалавеку. Яны даюць стымул развівацца далей.

— Аднойчы вы выконвалі песню на ўкраінскай мове. Гэта была ваша ініцыятыва?

— Яна была агульная. Неяк зайшла размова пра тое, што на адным з эфіраў трэба выступіць з аўтарскай песняй. Я вырашыў ахвяраваць сваім уласным матэрыялам на карысць таго, каб праспяваць на ўкраінскай мове. Разумеў, што «Х-фактар» падыходзіць да канца і такой магчымасці можа ўжо не быць. Мне хацелася гэтым выказаць павагу да краіны, у якой знаходжуся і ўдзельнічаю ў тэлевізійным шоу, тым больш што ў Олі Паляковай і яе прадзюсара была добрая песня. Дарэчы, на дзвюх мовах — рускай і ўкраінскай. Я выбраў другую. Цяжкасці заключаліся толькі ў сціснутых тэрмінах падрыхтоўкі. Акрамя гэтай песні былі іншыя заданні: якраз у той прамежак часу я развучваў і рэпеціраваў песню для дуэта з Оляй Паляковай з фільма-мюзікла «Зорка нарадзілася».

— Для вас была важная перамога ці ўсё-такі ўдзел?

— Хутчэй за ўсё апошні, прычым чым даўжэй, тым лепш. Я па максімуме пратрымаўся на «Х-фактары». Дайсці да суперфіналу з некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек і ўвайсці ў двойку найлепшых удзельнікаў шоу... Хіба гэтага мала для шчасця? Калі б мяне ў пачатку шляху хто-небудзь, прыляцеўшы з будучыні, спытаў: «Георгій, скажыце, вось вы зараз перажываеце і рыхтуецеся, а ці гатовы паўдзельнічаць у гэтым праекце, ведаючы, што не пераможаце, але дойдзеце да суперфіналу?» — не задумваючыся адказаў бы: «Натуральна, гатовы». Я не па перамогу туды ішоў, нават не ведаў, які прыз будзе. Даведаўся, калі ўжо ішлі прамыя эфіры. Я атрымліваў задавальненне ад працэсу, мне гэта было цікава, быў час і жаданне. Усё астатняе — гэта ўжо дэталі.

— Пасля такога поспеху не задумваліся аб «пакарэнні» ўкраінскага шоу-бізнесу?

— У гэтым кірунку нічога рабіць не збіраюся, але вось скарыстацца сітуацыяй... Застацца там? Мяне ніхто не клікаў, і ў прынцыпе паехаць туды — нават дзіўна гучыць. Калі будуць выступленні і магчымасць узяць удзел у канцэртах або арганізаваць свае невялікія, гэтаму буду вельмі рады. Любому творчаму чалавеку хочацца пашырэння аўдыторыі слухачоў — гэта нармальна.

— Як лічыце, свае мары можна здзяйсняць у любым узросце?

— Спрабаваць можна заўсёды! Наогул, жыццё складаецца з цікавых момантаў. Калі людзям падабаецца развівацца і рабіць нешта новае, чаму б гэтага не ўвасабляць у любым узросце?

— Калі рыхтаваўся матэрыял, Беларусь купіла права на правядзенне «Х-фактару». Плануеце зноў браць удзел у шоу?

— Пакуль што не. Буду займацца ранейшымі праектамі на тэлебачанні.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ||| курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?