Вы тут

Кодэкс для педагога: непрадузятасць, карэктнасць і павага


Прыкладныя этычныя правілы педагагічных работнікаў апублікаваны на сайце Міністэрства адукацыі. Абмяркоўваць праект дакумента спецыялісты і педагогі будуць да 1 сакавіка.


З'яўленне своеасаблівага «Этычнага кодэкса» настаўнікаў анансаваў на мінулым тыдні міністр адукацыі Ігар Карпенка. Мяркуецца, што падобны збор правілаў дапаможа ў прадухіленні канфліктных сітуацый, якія пачасціліся ва ўстановах адукацыі апошнім часам.

Аснову кодэкса складуць прынцыпы педагагічнай этыкі: ненасілля, аўтаноміі, талерантнасці, адказнасці, справядлівасці, павагі да правоў і годнасці іншага чалавека, кампетэнтнасці, прыстойнасці.

Ад педагагічнага работніка пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці патрабуецца ствараць і падтрымліваць паважлівыя і даверныя адносіны ў педагагічным калектыве і калектыве навучэнцаў, не дапускаць ацэнак і выказванняў, што прыніжаюць гонар і годнасць калег, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Патрабуецца таксама пазбягаць сітуацый, здольных нанесці шкоду дзелавой рэпутацыі педагагічнага работніка або ўстановы адукацыі. Праблемы педагагічнай сферы павінны абмяркоўвацца ў паважлівай форме, а рашэнні — прымацца ў адкрытых педагагічных дыскусіях. Педагог павінен спакойна ўспрымаць крытыку, умець прызнаваць свае памылкі, пазбягаць канфліктаў ва ўзаемаадносінах, імкнуцца да карэктнага вырашэння спрэчных пытанняў як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці.

Не дапускаюцца абмеркаванне рабочых момантаў, публічнае перадузятае абмеркаванне ўстановы адукацыі, у тым ліку ў інтэрнэце.

Забараняецца злоўжываць службовым становішчам, патрабаваць ад навучэнцаў (законных іх прадстаўнікоў) якіх-небудзь паслуг, узнагароды за сваю працу (дадатковую ў тым ліку).

Ад настаўнікаў патрабуецца праяўляць павагу да сямейных, культурных і канфесійных традыцый навучэнцаў. Неабходна прытрымлівацца этычных нормаў у медыяпрасторы, не дапускаць размяшчэння ў сеціве інфармацыі, якая можа нанесці шкоду здароўю або развіццю дзіцяці. Педагог не можа паведамляць іншым асобам інфармацыю, давераную яму асабіста вучнем. Нельга дапускаць выпадкі прымянення метадаў фізічнага, маральнага і псіхічнага гвалту ў дачыненні да навучэнцаў.

Пры ацэнцы вучэбных дасягненняў настаўніку трэба быць аб'ектыўным і справядлівым, не дапускаць тэндэнцыйнага заніжэння або завышэння ацэначных балаў, не ставіць пад публічную крытыку асобы навучэнца і яго законных прадстаўнікоў.

Педагогі абавязаны добрасумленна і якасна выконваць свае прафесійныя абавязкі, клапаціцца пра прэстыж прафесіі, паважаць гонар і годнасць калег, не дапускаць дзеянняў, якія наносяць шкоду аўтарытэту педагагічных работнікаў.

Знешнім выглядам, характарам і паводзінамі, культурай зносін педагог павінен адпавядаць традыцыям і нормам прафесійнай супольнасці, падтрымліваць прафесійны гонар педагагічнага работніка, яго місію, абараняць свой аўтарытэт, аўтарытэт сваіх калег, не абмяркоўваць з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі недахопы калег. Не пераносіць свае асабістыя сімпатыі і антыпатыі на службовыя адносіны.

Асобны пункт забараняе «нетактоўнае ўмяшанне» ў асабістае жыццё, праявы зайздрасці, нядобразычлівасці, прымяншэння заслуг іншых педагагічных работнікаў.

У праекце прапісана, што педагог павінен прытрымлівацца такога спосабу жыцця, які не наносіць шкоду прэстыжу прафесіі і адносінам з навучэнцамі і не перашкаджае якаснаму выкананню прафесійных абавязкаў. Таксама ў праекце правіл замацаваны дзелавы стыль адзення для педагогаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.