Вы тут

У Гомелі тэсціруюць аплату праезду ў аўтобусах праз смартфон


Адчуць сябе нібыта героем аўтобуснага квэста, дзе заданне знайсці ў салоне «ключ», прайсці этапы і выйсці на новы ўзровень. Інавацыйную тэхналогію продажу электронных білетаў цяпер апрабуюць у Гомелі.


Новы метад разліку за праезд і кантролю аплаты цяпер можа ажыццяўляцца па QR-коду. Працуе сістэма праз мабільную праграму «Аплаці», якую распрацавала беларуская ІT-кампанія на базе плацежнай сістэмы банка. Скарыстацца паслугай могуць уладальнікі банкаўскіх картак і смартфонаў. Пры гэтым, быць утрымальнікам карткі канкрэтнага банка-ўладальніка плацежнай сістэмы не патрабуецца.

Гомель — першы з абласных цэнтраў, дзе аплаціць праезд можна па новай тэхналогіі. Праўда, такая функцыя пакуль даступна толькі на пэўных гарадскіх маршрутах. Аўтобусы звонку і ў салоне пазначаны наклейкамі з назвай мабільнай праграмы «Аплаці».

Ад пасажыра патрабуецца запусціць на тэлефоне праграму, накіраваць экран мабільніка на QR-код, сканіраваць яго. Выява, як ключ да віртуальнай плацежнай сістэмы, аўтаматычна дасць доступ да электроннага кашалька пасажыра. Застанецца толькі ўвесці кошт праезду і аплаціць у адзін клік. Пры гэтым доўга шукаць і прабірацца праз салон да пазначанага месца з QR-кодам не прыйдзецца.

Перавагі новай тэхналогіі тлумачыць намеснік дырэктара кампаніі-распрацоўшчыка LWO Кірыл Талейка:

— Карцінка выдатна распазнаецца на адлегласці да двух метраў. Электронны квіток імгненна адлюструецца на экране смартфона. Тут жа захаваецца нумар білета, транспартнага сродку, прыналежнасць да пэўнага аўтобуснага парка, дата і час пакупкі, а таксама кошт праязнога дакумента.

У далейшым такім шляхам можна будзе набыць і праязныя. Увогуле, мабільная плацежная сістэма разлічана не толькі на продаж, але і на кантроль за электроннымі квіткамі.

— Праверка білета кандуктарам ажыццяўляецца гэтак жа проста, — уводзіць у курс справы намеснік старшыні праўлення ААТ «Белінвестбанк» Андрэй Сакірка. — Пасажыр сканіруе QR-код на бэйджыку кантралёра. Калі аплата прайшла, то на экране мабільніка з'явіцца электронны квіток са статусам «Аплачана». Сэрвіс — абсалютна бясплатны.

Заўважныя плюсы ўжо ацанілі і кандуктары філіяла «Аўтобусны парк № 6» ААТ «Гомельаблаўтатранс». Новай сістэмай абсталяваны пакуль два аўтобусы. Але маршруты, па якіх яны рухаюцца па горадзе, штодня змяняюцца. У бліжэйшы час магчымасць віртуальнай аплаты з'явіцца ва ўсім транспарце філіяла. Гомель — другі горад у Беларусі па колькасці перавозак пасажыраў грамадскім транспартам пасля Мінска.

— Штодня гарадскі транспарт перавозіць каля 280 тысяч чалавек. На лінію выходзіць 210 аўтобусаў. Пры такіх маштабах вельмі важна ўкараненне сучасных тэхналогій аплаты праезду, — падкрэслівае першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Гомельаблаўтатранс» Сяргей Мацукоў. — Гэта першы этап замены састарэлай білетнай прадукцыі і пераходу да сучаснага фармату аплатнай сістэмы.

Укараненне такой тэхналогіі дазволіць прадпрыемствам-пасажыраперавозчыкам эканоміць сродкі на ўсталяванне дарагіх валідатараў — электронных прылад для аплаты праезду банкаўскай карткай. Грошы за праезд па новай тэхналогіі электроннага кашалька паступаюць адразу на рахунак перавозчыка.

Людзям, якія не маюць магчымасці карыстацца мабільнай праграмай, перажываць не варта: аплаціць праезд можна традыцыйным спосабам. У тым ліку і наяўнымі грашыма. Дарэчы, разлічыцца ў аўтобусе па новай тэхналогіі пакуль змогуць толькі грамадзяне Беларусі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Аплаці праезд з мабільніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».