Вы тут

Грамадзян хвалюе нізкі ўзровень заработнай платы ў арганізацыях галіны культуры і мастацтва


Права на аб'яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў, пагадненняў (як частка права на ахову эканамічных і сацыяльных інтарэсаў) даецца кожнаму беларусу самой Канстытуцыяй. Работніку — члену прафсаюза не даводзіцца самастойна вырашаць пытанні распарадку дня, аплаты водпуску, выплаты дапамогі і гэтак далей — аж да бяспекі на працоўным месцы.

Вынікі пяцігодкі падвядзём разам са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццянай ФІЛІМОНАВАЙ.


— І давайце пачнём з таго, колькі нас і якія мы.

— На пачатак года ў наш прафсаюз уваходзілі 113 447 чалавек. З іх працуючых 97 654 члены прафсаюза, студэнтаў і навучэнцаў — 11 678, непрацуючых, якія стаяць на прафуліку, — 4115.

У саюз уваходзяць пяць абласных арганізацый, адна гарадская (з правамі абласной), 121 раённая і гарадская, 1692 першасныя прафсаюзныя арганізацыі, у тым ліку 26 прафарганізацый навучэнцаў і студэнтаў.

З 2015 да 2019 года колькасць Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму павялічылася на 7838 чалавек.

— Работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб — адзін з прыярытэтаў у дзейнасці прафсаюза. З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца людзі?

— Праблематыка разнастайная. Так, з 2015-га па 2019 год у прафсаюз паступіла больш за 16 тысяч пісьмовых зваротаў, амаль 17 тысяч грамадзян звярнуліся на асабісты прыём, і найбольш актуальнымі застаюцца пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі, а таксама санаторна-курортнага абслугоўвання, прававыя пытанні, пытанні аховы працы. Звяртаюцца грамадзяне па тлумачэнне ўмоў аплаты працы, выплат надбавак і прэмій, па жыллёва-бытавых пытаннях.

У параўнанні з 2010—2014 гадамі колькасць пісьмовых зваротаў за апошні час зменшылася на 34 %, колькасць вусных — на 12 %. На 261 выязны прыём для грамадзян у рэгіёнах звярнулася 703 чалавекі. Штомесяц праводзяцца гарачыя лініі.

Найбольш хвалююць грамадзян нізкі ўзровень заработнай платы ў арганізацыях галіны культуры і мастацтва; заключэнне, падаўжэнне і скасаванне кантрактаў; даванне працоўных адпачынкаў; невыкананне дадатковых гарантый, устаноўленых для работнікаў калектыўнымі дагаворамі і пагадненнямі; праблемы працаўладкавання ў сувязі з аптымізацыяй, якая праводзіцца ў краіне; складанасці пацверджання працоўнага стажу, неабходнага для прызначэння пенсіі па ўзросце; парадак вядзення ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, працоўныя адносіны з асобамі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту; даванне льгот ліквідатарам наступстваў аварыі на ЧАЭС; даванне льгот маладым спецыялістам.

— Пад пастаянным кантролем прафсаюза знаходзяцца і пытанні калектыўна-дагаворнага рэгулявання. Раскажыце, калі ласка, аб тэндэнцыях у гэтай сферы.

— За гэты час колькасць першасных арганізацый, якія ўваходзяць у структуру прафсаюза, павялічылася на 32 %, колькасць калектыўных дагавораў у арганізацыях — на 35 % (летась дзейнічала 1549 калектыўных дагавораў).

Колькасць чалавек, на якіх распаўсюджваецца дзеянне калектыўных дагавораў, павялічылася з 2015-га па 2019 год на 8 % — да 112 396 чалавек.

У 2019-м у параўнанні з 2015 годам у тры разы павялічылася сума сродкаў, выплачаных у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі (за 2019 год было выплачана 58 520 360 рублёў).

Нагадаю чытачам, што з 2012 года раз у два гады праводзіцца агляд-конкурс «Лепшы калектыўны дагавор» прафсаюза. Чарговае падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца да першага красавіка (першы тур конкурсу) і да першага мая (другі тур).

— Прафсаюз заўсёды актыўна ўдзельнічае ў нарматворчай дзейнасці. Праекты нарматыўных прававых актаў, якія ўносяцца ва ўрад Беларусі і закранаюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы і інтарэсы работнікаў арганізацый, прадстаўляюцца для разгляду і ўнясення заўваг і прапаноў у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Якія, на вашу думку, найбольш актуальныя навінкі?

— Сапраўды, у 2018 годзе прафсаюз узяў удзел у распрацоўцы больш за 30, а летась — больш за 50 праектаў нарматыўных прававых актаў.

Напрыклад, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2013 № 641 не прадугледжвае накіравання выкарыстання пазабюджэтных сродкаў для правядзення культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў, навагодніх ёлак, змяншэння кошту дзіцячых навагодніх падарункаў, прапаганды здаровага ладу жыцця, адраджэння нацыянальнай культуры, іншых сацыяльна значных мэт.

Лічу, што неабходна працягнуць працу па ўнясенні змяненняў у пункт 25 гэтага нарматыўнага прававога акта аб магчымасці адлічэння наймальнікамі грашовых сродкаў прафсаюзным арганізацыям на гэтыя мэты ў памеры не менш за 0,15 % ад фонду заработнай платы.

28 студзеня 2020 года ўступілі ў сілу змены і дапаўненні ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь; адкарэктаваныя Тыпавыя правілы ўнутранага працоўнага распарадку, устаноўлена новая прыкладная форма працоўнага дагавора з работнікам; у новай рэдакцыі выкладзена прыкладная форма кантракта. З яе выключаныя ўмовы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці работнікаў, а таксама дадатковыя падставы звальнення, што раней прадугледжваліся для работнікаў, з якімі заключаны кантракты. Усталяваны агульны тэрмін выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску не пазней чым за два дні да пачатку адпачынку.

Згодна з новаўвядзеннем артыкула 261-2 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у абмеркаванні зместу кантракта работніка — члена прафсаюза ўдзельнічае прадстаўнік адпаведнага прафсаюза.

— Прафесійны саюз клапоціцца не толькі аб сваіх членах, але і аб іх дзецях. Традыцыйная дабрачынная акцыя так і называецца — «Прафсаюзы — дзецям». Што трэба, каб падарыць свята?

— У акцыю ўключаны летняе дзіцячае аздараўленне, акцыя, прысвечаная Дню ведаў, і правядзенне навагодніх і калядных мерапрыемстваў.

Напрыклад, па галіне ў летні перыяд 2015—2019 гадоў адпачылі 12 066 дзяцей, агульная сума сродкаў, затрачаных з прафсаюзнага бюджэту, склала 140 544,72 рублі. Сярэдні кошт пуцёўкі склаў 465,65 рубля.

Першасныя прафсаюзныя арганізацыі аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года. Набываліся канцылярскія тавары для дзяцей падшэфнага дзіцячага прытулку, арганізоўвалася мерапрыемства «Неверагодныя прыгоды ў краіне ведаў».

У дні святкавання Дня беларускага пісьменства ў рамках XXV навукова-асветніцкай канферэнцыі «Дарога да святыняў» былі скамплектаваныя бібліятэчкі для перадачы сярэднім школам.

У цэлым першаснымі прафсаюзнымі арганізацыямі, якія знаходзяцца на прафсаюзным абслугоўванні ў Цэнтральным камітэце прафсаюза, аказана матэрыяльная дапамога работнікам на агульную суму 65 882,11 рубля.

А да Новага года і Каляд для выхаванцаў падшэфных устаноў былі арганізаваны навагоднія ранішнікі, салодкія сталы, экскурсіі ў Палацы культуры, тэатры, уручаны падарункі, а таксама віншаванні выхаванцаў падшэфных устаноў арганізацыямі прафсаюза.

Стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года праводзіць для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзростаў работнікаў-членаў галіновага прафсаюза ранішнікі і іншыя масавыя калядныя ды навагоднія мерапрыемствы з уручэннем падарункаў, наведваннем навагодніх пастаноў у тэатрах, палацах і дамах культуры.

Прафсаюзныя актывісты наведваюць школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, у тым ліку сямейнага тыпу, дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў, дзіцячыя сацыяльныя прытулкі.

З кожным годам расце сума грашовых сродкаў, што выдзяляюцца ўсімі структурамі прафсаюза на арганізацыю і правядзенне навагодніх і калядных мерапрыемстваў.

— І не магу не спытаць пра надзённае... Сфера наша бюджэтная, калі-нікалі даводзіцца сустракаць і прадстаўнікоў галіны, якія твораць, шчыра кажучы, на энтузіязме. Што робіцца для падтрымкі спецыялістаў?

— Згодна, пытанне павышэння ўзроўню заработнай платы работнікаў галін культуры і мастацтва па-ранейшаму застаецца вельмі важным. За пяцігодку практычна ва ўсіх арганізацыях і ўстановах галін культуры, інфармацыі, спорту і турызму, якія знаходзяцца ў полі ўплыву прафсаюза, заработная плата выплачвалася ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам, калектыўнымі дагаворамі, не радзей двух разоў у месяц.

У мінулым верасні Цэнтральны камітэт накіраваў у Савет Міністраў прапановы па павышэнні памераў зарплаты працаўнікам арганізацый галін культуры і мастацтва, спорту і турызму. Па даручэнні ўрада Міністэрства працы і сацыяльнай аховы праінфармавала аб плануемай рабоце па павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям працаўнікоў.

З 1 студзеня ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ўведзена новая сістэма аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Уводзіцца базавая стаўка ў памеры 185 рублёў. У сувязі з гэтым зараз галоўная задача прафсаюза не дапусціць зніжэння заробкаў сваіх членаў прафсаюза, дзеля чаго са студзеня праводзіцца маніторынг узроўню заработнай платы.

Прафсаюз працягвае актыўную работу ў гэтым кірунку.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Магчымасць быць разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.