Вы тут

Што можна і чаго нельга рабіць у поўню?


У. К. Крук з Ляхавіч пытаецца: «Сын пабудаваў новы дом, запрасілі на ўлазіны бабулю, то яна настойліва паўтарала: «Глядзіце ж, у добры час засяляйцеся, як маладзік, а лепш пад поўню, добра будзе!» Няўжо доля людзей і дабрабыт у хаце звязаны з небам?»


jordin.ru

Семантычным эквівалентам лацінскага слова luna ў беларускай моўнай традыцыі з'яўляецца слова «поўня», але менавіта яна (гэта найбольш развітая фаза) і стала прадметам асаблівага стаўлення ў свядомасці беларусаў. Ці то за поўняй хаваецца старажытная міфалагічная аснова ўяўленняў аб Месяцы цалкам, ці на самай справе ўплыў поўнага Месяца на чалавека і на ўсё наваколле быў сапраўды настолькі моцным і ўсебаковым, што самыя супярэчлівыя рэгламентацыі датычацца непасрэдна гэтай фазы. Нездарма казалі, што «У месяцовай поўні таямніц поўна».

Калі Месяц дасягае максімальных памераў, ступені найвышэйшага росквіту, то міжволі, як магнітам, прыцягвае да сябе. Нашы продкі лічылі час загадкавага «прымагнічвання» адмоўным, патрабуючым асаблівай увагі і засцярогі. Вялікая колькасць абмежаванняў была звязана як з поўняй, так і з процілеглай ёй фазай — межамі. І гэта не выпадкова. Досыць супаставіць стаўленне славян да аналагічных сітуацый, як стане зразумела, што мы маем справу не з выпадковым «наборам» фактаў, а з вызначанай выразнай заканамернасцю. Амаль такім жа — асцярожным і стрыманым — было стаўленне нашых продкаў і да паўдня, калі дзённае свяціла — Сонца — знаходзілася ў зеніце, гэта значыць у самым росквіце сваіх сіл, і да поўначы.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць: Месяц мае два імёны: мужчынскае — Месяц, і жаночае — Поўня. Так, Месяц, які нагадваў серп, лічылі сімвалам мужчынскага пачатку, Поўню (Луну, «жоўтае кола») — увасабленнем жаночага пачатку. У народзе спрадвеку існавала правіла: усе справы, скіраваныя на працяг роду, паляпшэнне дабрабыту або пачатак, трэба рабіць на «мужчынскі» Месяц («маладзік» або «старык»), і не рабіць у самую «жаночую» Поўню: «... дом строіць, так строілі ў старом. Колі ў старом, так усё будзе добрэ и дом доўго стояць і крэпкі»; «уходзіны ў хату дзелалі ў первую нядзелю маладзіка», гэта значыць дамініраваў мужчынскі пачатак.

Псіхолагі і медыцынскія супрацоўнікі сведчаць пра тое, што поўня аказвае на чалавека (асабліва на мужчын) моцны ўплыў: паднімаецца артэрыяльны ціск, змяншаецца хуткасць рэакцыі, з'яўляецца неапраўданая раздражняльнасць, абвастраюцца псіхічныя і неўралагічныя захворванні.

Падчас поўні берагліся, каб святло Месяца не пападала на спячага чалавека, інакш яму будуць сніцца кашмары або ён і зусім пазбавіцца сну. Некаторыя дзіцячыя хваробы тлумачылі тым, што «Месяц засвяціў дзіця».

Поўню лічылі небяспечным часам, таму імкнуліся перачакаць гэтыя некалькі дзён і ўстрымліваліся ад пачатку доўгачасовых спраў, напрыклад, будаўніцтва хаты, сватаўства і правядзення вяселляў, падарожжаў. У гэтыя дні забаранялася што-небудзь выносіць з хаты, пазычаць ці аддаваць, каб не вынесці з хаты «сваю поўню», па-іншаму — шчасце, дабрабыт.

Лічылася, што поўня максімальна «напаўняе» жывыя арганізмы вадкасцю, таму ў гэты час не нарыхтоўвалі дровы або будаўнічы матэрыял для новай
хаты; не абразалі, не прышчэплівалі дрэвы, каб яны не гублялі сок; раілі ўстрымацца ад «планавых» аперацый ці ад выдалення зубоў. Уважлівая гаспадыня ведала, што ў поўню неабходна ліць менш малака, сыпаць менш круп, класці менш мукі для выпякання хлеба, «іначай будзе пералівацца цераз край».

Разам з тым у поўні былі і станоўчыя моманты, якія спрыялі справам па прынцыпе падабенства. Так, раілі пачынаць сяўбу, каб «калоссе было поўным»; сеяць ці саджаць «круглую» гародніну (гарбузы, капусту, бурак) — яны будуць вялікімі і круглымі, як поўны Месяц. А яшчэ ў поўню раілі рабіць запасы: «штоб усюды было поўна ўсякага дабра», класці печ — праслужыць доўга. А «перад поўняю самы лепшы час... сеяць і саджаць у агародзе, сячы лес на будоўлю, а галоўнае — хату закладваць, каб была, як кажуць, поўнаю чашаю».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.