Вы тут

Адказнасць за стан прыроды павінна быць комплекснай


У Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвялі вынікі працы за 2019 год і акрэслілі задачы на 2020-ы.

Фота Анатоля Дрыбаса

Парушэнні пры абыходжанні з адходамі зноў у лідарах

Як расказаў падчас калегіі старшыня Мінскага гарадскога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сцяпан Дубніцкі, у 2019 годзе былі праведзены 96 выбарачных праверак, а таксама інспектары Камітэту былі задзейнічаны ў якасці спецыялістаў у 19 праверках, якія праводзілі іншыя кантралюючыя органы. Асноўныя віды парушэнняў, якія выяўляліся падчас праверак:

– па пытаннях абыходжання з адходамі – парушэнне парадку складзіравання і ўліку адходаў, іх паасобнага збору, своечасовасць распрацоўкі і ўзгаднення інструкцыі абыходжання з адходамі;

– па пытаннях аховы атмасфернага паветра – парушэнне Правілаў эксплуатацыі газаачышчальных установак, праца без дазволаў на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, перавышэнне ўстаноўленых нарматываў выкідаў;

– па пытаннях рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў – парушэнні ўмоў спецыяльнага водакарыстання, рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах ці прыбярэжных палосах;

– па пытаннях аховы зялёных насаджэнняў – незаконнае знішчэнне ці пашкоджанне аб’ектаў расліннага свету.

З мэтай аператыўнага выяўлення парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства на падкантрольных Камітэту тэрыторыях у мінулым годзе ўкаранілі практыку выкарыстання фотапастак, якія ўстанаўліваюцца на найбольш праблемных участках.

У рамках навядзення парадку на зямлі ў 2019 годзе былі праведзены 1608 кантрольных мерапрыемстваў, выяўлены 710 парушэнняў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 473 вінаватыя асобы на агульную суму каля 130 тысяч рублёў. Сярэдняя сума штрафу склала 10,5 базавых велічынь. Па-ранейшаму сярод парушэнняў лідзіруюць парушэнні ў сферы абыходжання з адходамі (74,6 %, у 2018-м – 67,5 %), на другім месцы – парушэнні ў сферы аховы атмасфернага паветра і азонавага слою (12,3 %, у 2018-м – 6,3 %).

Акрамя таго, летась былі выяўлены 22 факты нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю, прэтэнзіі прад’яўлены на агульную суму 40,5 тысяч рублёў.

Хто забруджвае паветра ў Мінску?

Як адзначыў Сцяпан Дубніцкі, асноўная доля выкідаў у атмасферу прыходзіцца на шэраг буйных прамысловых і цеплаэнергетычных прадпрыемстваў горада: Мінскэнерга, Мінскі трактарны завод, Мінскую ачышчальную станцыю Мінскводаканалу, Мінскі аўтамабільны завод.

У 2019 годзе ў выніку ліквідацыі крыніц выкідаў забруджвальных рэчываў, павышэння эфектыўнасці газаачышчальных установак і іншых мерапрыемстваў памеры выкідаў захаваліся на ўзроўні 2018 года – 18,3 тысяч тон. Але праблемным засталося экалагічнае становішча ў рабоце Мінскага трактарнага завода – як адзначаюць на прадпрыемстве, асаблівыя ўмовы, устаноўленыя ў комплексным прыродаахоўным дазволе, выдадзеным яшчэ ў 2015 годзе, не былі выкананы з-за працяглых працэдур закупак абсталявання. Першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў Пірштук звярнуў увагу намесніка тэхнічнага дырэктара па ахове працы, навакольнага асяроддзя і прамысловай бяспецы ААТ “МТЗ” Васіля Сакача на тое, што трэба знаходзіць месца ў бізнэс-плане не толькі для вытворчых задач, але і для прыродаахоўных. Прадстаўнік прадпрыемства запэўніў, што сёлета будуць закрытыя вагранкі ў ліцейным цэху № 2, там пяройдуць на індукцыйныя печы, дзякуючы чаму 1/3 выкідаў завода будзе ліквідавана.

Але прамысловыя прадпрыемствы – не галоўныя забруджвальнікі паветра ў горадзе. Больш за 88 % забруджвальных рэчываў прыходзіцца на выкіды аўтатранспарту. Каб знізіць іх шкоднае ўздзеянне на атмасфернае паветра, у Мінску плануюць развіваць маршрутную сетку наземнага гарадскога электрычнага пасажырскага транспарту і сетку выкарыстання электробусаў, працягваць будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэну. Кампаніяй “Беларуснафта” на тэрыторыі сталіцы ўстаноўлены 74 электразарадныя станцыі, будуецца яшчэ 57. Развіваецца і веласіпедны рух – у мінулым годзе былі ўстаноўлены 25 закрытых велапарковак на 750 веласіпедаў, а ўсяго ў сталіцы абсталяваны 33 веластаянкі на 897 веласіпедаў.

Фота Анатоля Дрыбаса

Згодна з разлічаным значэннем індэксу якасці атмасфернага паветра, стан яго ў 2019 годзе ацэньваўся ў асноўным як добры і вельмі добры, доля перыядаў з умеранай, здавальняючай і дрэннай якасцю была нязначная. У Мінску не было смогавых сітуацый, а нестабільная экалагічная абстаноўка адзначалася ў асобныя перыяды з дэфіцытам ападкаў і неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі.

Шкодныя сцёкі

– У 2019 годзе перавышэнні ўстаноўленых нарматываў дапушчальных скідаў забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых воды пры скідзе ў паверхневыя водныя аб’екты зафікасаваны на выпусках Рэмаўтадараў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў, Гаррэмаўтадару Мінгарвыканкаму, Гаррэмліўнесцёку і Мінскводаканалу, – расказаў Сцяпан Дубніцкі. – Вінаватыя асобы прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Працягваецца праца па прывядзенні ракі Свіслач, Сляпянскай воднай сістэмы і прылеглых да іх тэрыторый у належны санітарна-гігіенічны і эстэтычны стан. Што ж тычыцца гідрахімічнага статусу галоўнай мінскай ракі, то ён ацэньваўся ў 2019 годзе як выдатны і добры, акрамя ўчастка каля н. п. Каралішчавічы, дзе спецыялісты паставілі Свіслачы адзнаку “здавальняюча”. Гэты паказчык летась быў лепшым, чым у 2018 годзе.

Дырэктар УП “Мінскводаканал” Алег Аўруцін расказаў пра рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі, якую плануецца выканаць за сродкі Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банку. Разглядаецца варыянт будаўніцтва біягазавых установак для атрымання біягазу і яго далейшага спальвання. Ужо заключаны дамовы з міжнароднымі кансультантамі, якія будуць забяспечваць суправаджэнне рэканструкцыі ачышчальнай станцыі.

Акрамя таго, на глеевай гаспадарцы праводзяцца дадатковыя пасадкі зялёных насаджэнняў. У мінулым годзе былі высаджаны 900 саджанцаў і кустоў, у 2020 годзе плануецца высадзіць яшчэ 400. У рамках трохгадовай навукова-даследчай работы высаджаны 2500 саджанцаў, вывучаецца магчымасць высадкі раслін у межах санітарна-ахоўнай зоны. Распрацаваны і тэхнічны рэгламент для рэкультывацыі сажалак, якія цяпер не выкарыстоўваюцца.

Плануецца таксама вывучыць колькасны і якасны склад выкідаў на гэтай тэрыторыі: якія з іх выдзяляюцца непасрэдна з глеевых сажалак, а якія – ад іншых аб’ектаў, размешчаных у раёне глеевай гаспадаркі “Волма”.

Захоўваць нельга выкарыстоўваць

Згодна з данымі Камітэту, аб’ём збору (нарыхтоўкі) асноўных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў склаў 199,9 тысяч тон, на захаванне адправіліся 577,8 тысяч тон (у 2018 годзе – 1102 тыс. тон). Летась выкарыстоўваліся 25,7 % цвёрдых камунальных адходаў.

– У мінулым годзе былі праведзены 43 абследаванні палігонаў “Трасцянецкі” і “Прудзішча”. Устаноўлена 21 правапарушэнне, у якіх арганізацыі спрабавалі вывезці на палігон адходы разам з ДМР. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 19 службовых і 9 юрыдычных асобаў на суму 71110 руб., – звярнуў увагу на праблему старшыня прыродаахоўнай службы сталіцы.

У верасні 2019 года спецыялісты Камітэту правялі маніторынг дзеючых і выведзеных з эксплуатацыі аб’ектаў захавання адходаў УП “Экарэс”. Па яго выніках для прадухілення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць забруджванню кампанентаў прыроднага асяроддзя таксічнымі прадуктамі раскладання адходаў, прадпрыемству былі выдадзены рэкамендацыі. Яны знаходзяцца на кантролі.

Вырашыць смеццевую праблему ў Мінску дапаможа стварэнне аб’екту па сартаванні і выкарыстанні ЦКА, упэўнены галоўны інжынер УП “Экарэс” Ігар Сухарэвіч. Пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка для яго цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму. Плануецца, што гэты цэнтр будзе складацца з палігону для захавання адходаў; аб’екту па сартаванні; пляцовак для раздзялення буйнагабарытных адходаў, вытворчасці шчэпак, вытворчасці кампосту з падрыхтоўкай грунтаў; інжынерных сетак для збору і ачысткі фільтрату і інш.

– Будаўніцтва новага палігону неабходна, бо захаванне – асноўны на сёння спосаб выдалення адходаў у Мінску, і ў найбліжэйшай перспектыве аб’ёмы захавання значна не скароцяцца, – адзначыў Ігар Сухарэвіч. – За чатыры апошнія гады – з 2016-га па 2019-ы – колькасць адходаў, якія паступілі на захаванне, зменшылася на 250 тыс. тон, ці на 25 %. Скарачэнне гэтай колькасці больш чым у тры разы магчымае пасля ўвядзення ў эксплуатацыю аб’екту па іх спальванні.

Выкарыстанне пэўных тыпаў ЦКА для вытворчасці шчэпак і кампосту таксама дазволіць зменшыць іх паступленне на палігон. У чэрвені 2020 года ў Мінску плануецца ўвесці дадаткова аб’ект па сартаванні адходаў магутнасцю 15 тыс. тон у год.

Стан дрэў у сталіцы – здавальняючы

Каб даведацца, ці належна даглядаюцца аб’екты азелянення і наколькі якасна яно выконваецца, у мінулым годзе прадстаўнікі Камітэту разам са спецыялістамі Мінскзелянбуду, зелянбудаў раёнаў абследавалі насаджэнні, у тым ліку і ўздоўж Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі. Агульны стан дрэў ацэньваецца як здавальняючы, але ёсць і аслабленыя насаджэнні.

Усяго на тэрыторыі Мінска ў мінулым годзе высаджаны амаль 68 тыс. дрэў і каля 380 тыс. кустоў, уздоўж Мінскай кальцавой аўтадарогі – 2 тыс. дрэў і больш за 44 тыс. кустоў. Сярэдняя іх прыжывальнасць ад вясновай пасадкі 2019 года склала 95,3 % для дрэў і 95,4 % для кустоў, што адпавядае нормам адпаду.

Парадак на зямлі

З 2011 года на тэрыторыі Мінска актыўна змагаюцца з раслінамі-агрэсарамі. За гэты час плошча баршчэўніку Сасноўскага зменшылася з 242,1 га да 28,8 га. Па-ранейшаму найбольш інвазіраванымі застаюцца Завадскі, Ленінскі і Кастрычніцкі раёны, на долю якіх прыходзіцца 95 % ад агульнай плошчы, якую расліна займае ў горадзе. Але пры гэтым спецыялісты адзначаюць: выяўляюцца новыя (былыя) месцы росту баршчэўніку, што звязана з вялікім запасам яго насення ў глебе.

Разам з тым у адносінах да іншых відаў інвазійных раслін, якія падлягаюць рэгуляванню, асабліва сумніку канадскага, работы вядуцца па астаткавым прынцыпе, мерапрыемствы выконваюцца ў недастатковай меры, нягледзячы на дастатковае бюджэтнае фінансаванне, падкрэсліў Сцяпан Дубніцкі. Распаўсюджванне сумніку ў 2019 годзе было адзначана на плошчы 180,33 га. Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі зменшыць тэрыторыю, якую ён займае, на 23,73 га, ці на 13 %. Выяўлены і новыя месцы, якія не былі ахопленыя раней, напрыклад, тэрыторыя мікрараёна Сокал.

У 2019 годзе праведзены 35 мерапрыемстваў тэхнічнага характару па абследаванні тэрыторый з мэтай выявіць, наколькі эфектыўна ажыццяўляецца рэгуляванне колькасці і знішчэнне інвазійных раслін. Выдадзены 30 прадпісанняў з патрабаваннем знішчэння гэтых відаў. За іх невыкананне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 5 службовых асобаў на агульную суму штрафу 816 рублёў.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля ДРЫБАСА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».